ПАЛЕАЛІ́Т (ад палеа... + грэч. lithos камень),

старажытнакаменны век, самая ранняя і найб. працяглая эпоха каменнага веку. Пачаўся каля 2,2 млн. г. назад са з’яўлення стараж. людзей (архантрапаў) і прылад, доўжыўся на працягу большай часткі ледавіковага перыяду (плейстацэну) і да канчатковага адступання ледавікоў (каля 8,3 тыс. г. назад). Падзяляецца на ніжні (ранні, стараж., датуецца 2,2 млн. г. назад), сярэдні (мусцье, у Еўропе ахоплівае адрэзак ад 125/100 да 40 тыс. г. назад), верхні (позні, датуецца 40/35—10 тыс. г. назад). Апошнім часам прызнана існаванне асобай, завяршальнай стадыі позняга перыяду — фінальнага П. (14—11 тыс. г. назад ці 12—8,3 тыс. г. назад). У раннім П. пераважалі ядрышчавыя галечныя прылады на адшчэпах. У познім П. пашыраюцца неаантрапы, пласцініста-разцовая індустрыя і пячорнае мастацтва ў Еўропе. Неаантрапы (краманьёнцы) намнога пашырылі айкумену пражывання, значна ўдасканалілі тэхніку апрацоўкі каменю і косці, распаўсюдзілася прызматычная тэхніка расколвання каменю, яго свідраванне, пілаванне і шліхтаванне. Набор прылад працы складаў каля 100 тыпаў. Чалавек асвойваў практыку домабудаўніцтва — вядома вял. колькасць самых разнастайных відаў жылля. Асновай гаспадаркі было паляванне. Дзякуючы яму чалавек здабываў не толькі ежу, але і матэрыялы для адзення, будаўніцтва і паліва. Развіваліся спосабы палявання з дапамогаю загонаў, аблаў, лоўчых ям. У паляўнічае ўзбраенне ўваходзілі дзіды, дроцікі, боласы, лук і стрэлы. Запасы ежы істотна дапаўняліся ад збіральніцтва, а ў некат. выпадках — рыбалоўства. Складаны светапогляд тагачаснага чалавека адлюстраваны ў творах першабытнага мастацтва і пахавальным абрадзе. На Беларусі доўгачасовыя верхнепалеалітычныя паселішчы (26—24 тыс. г. назад) выяўлены ў Юравічах і Бердыжы. Асобныя крамянёвыя прылады працы мусцьерскага тыпу знойдзены каля Абідавіч і в. Чамярня Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.

Літ.:

История Европы с древнейших времен до наших дней. Т.1. М., 1988;

Семенов Ю.И. На заре человеческой истории. М., 1989.

І.М.Язэпенка.

т. 11, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)