ФІ́НА-У́ГРЫ,

група плямён, якія належалі да фіна-угорскай моўнай сям’і. Засялялі лясную зону Усх. Еўропы і Зауралля, бас. верхняй і сярэдняй Волгі, Акі і Камы. У выніку распаду іх агульнасці ў фіна-пермскі перыяд вылучыліся угры (продкі венграў, хантаў і мансі). Пазней ад паволжскіх фінаў аддзяліліся продкі прыбалтыйска-фінскіх плямён, якія рассяляліся на З. Ёсць падставы меркаваць, што яны звязаны з тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культурай. Рассяленне Ф.-у. на вял. абшарах і суседства з плямёнамі інш. моўных груп прывяло да іх дыферэнцыяцыі. Фарміраванне фіна-волжскай (продкі мардвы і марыйцаў) і пермскай (продкі комі, комі-пермякоў і удмуртаў) агульнасцяў адносіцца да ранняга жал. веку. Прыбалтыйска-фінская этнамоўная агульнасць сфарміравалася на той тэр. фіна-угорскага арэала, дзе мела месца ўзаемадзеянне балцкіх і фінскіх культ. кампанентаў. Большасць лінгвістаў падзяляе прыбалтыйскіх фінаў на заходнюю (продкі ліваў, паўн. эстаў, емі) і ўсходнюю (продкі паўд. эстаў, водзі, карэлы, весі, чудзі завалоцкай) групы, што адпаведна звязана з 1-й і 2-й хвалямі міграцыі з У. На Беларусі зафіксаваны шматлікія сляды ўплыву Ф.-у. З фіна-угорскім субстратам у значнай ступені звязана гідранімія бас. р. Зах. Дзвіна. Канцэнтрацыя такіх гідронімаў назіраецца ў паўд.-ўсх. і паўд. частках Бел. Падзвіння. На шматлікіх гарадзішчах Пн Беларусі выяўлена тэкстыльная кераміка і рэчы фіна-угорскага паходжання. Асаблівасці раннесярэдневяковых старажытнасцей тыпу Банцараўшчыны ў заходнядзвінскім рэгіёне звязаны з уплывам фіна-угорскіх культурных кампанентаў. На сярэдневяковых паселішчах Маскавічы, Пруднікі, курганных могільніках Заборныя Гумны (Браслаўскі р-н), Баркі, Янкавічы (Расонскі р-н), а таксама ў гарадах Полацк, Віцебск, Браслаў, Лукомль выяўлена шмат рэчаў, якія сведчаць пра фіна-угорскі ўплыў.

Літ.:

Седов В.В. Прибалтийские финны // Финны в Европе, VI—XV вв.: Прибалтийско-финские народы: Ист.-археол. исслед. М., 1990. Вып. 1;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987;

Шадыро В.И. Ранний железный век Северной Белоруссии. Мн., 1985.

В.​І.​Шадыра.

т. 16, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)