Суму́д ’гермафрадыт’ (Ласт.). Відаць, да муды (гл.), параўн. сінонім абаму́д ’тс’ (Ласт.) з няяснай першай часткай, што адпавядае су- са значэннем сумеснасці (тады аба‑ з абодва, абое?).
Сумі́ж ’побач’, ’паміж’ (Гарэц.), ’паміж’ (Ласт.). З су- і між, гл.
Сумёт ’гурба снегу’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Некр. і Байк., Ласт., Касп., Яшк., ЛА, 2), сумёты ’гурбы’ (шуміл., Сл. ПЗБ), параўн. укр. дыял. суме́та ’гурба’, рус. сумёт ’тс’. Прасл. *sǫmetъ, іншыя дэрываты суадносныя з *sъ‑mesti ’змесці’ ад прасл. *mesti ’месці’, параўн. каш. sḿot ’гурба снегу’, серб.-харв. smȅt ’гурба снегу; сметнік, смецце’ (Борысь, Prefiks., 108–109; SEK, 4, 335). Сюды ж суме́ціца ’завіруха’ (Касп.), су́мець ’завея’ (Нас., Бяльк.), а таксама суме́цце ’смецце’, суме́тны (Гарэц., Ласт.). Параўн. смецце, гл.
Суме́жжа ’паласа, тэрыторыя, якая мяжуецца з чым-небудзь’ (ТСБМ), суме́жны ’суседні’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц.), суме́жнік ’сусед па ўчастку’ (Выг.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), су́меж ’побач, у суседстве’ (Нас.), суме́ж ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. сумеж ’побач’ (XVI ст., Карскі 2–3, 446), сумежникъ ’бліжэйшы сусед’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. су́між ’сумеж’, суме́жжья, суме́жник, сумі́жник, сумі́жний, стараж.-рус. сумежие ’граніца, пагранічча’; у іншых славянскіх мовах шмат дэрыватаў з рознымі суфіксамі, параўн., напр., чэш. soumezí, славен. soméja ’супольная граніца, мяжа’, серб.-харв. sùmeđa ’тс’, на аснове якіх Борысь (Prefiks., 123–124) рэканструюе прасл. *sǫmedʼ‑.
Сумле́нне ’маральная ацэнка дзеянняў і ўчынкаў’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт., Гарэц., Стан., Пятк. 2), сумлепё ’тс’ (Арх. Федар.), сумле́ньня ’сумненне, падазронасць’ (Бяльк.), сумле́нны ’свядомы, адказны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Касп.), ’добрасумленны’ (ашм., Стан.), ’шчыры, справядлівы’ (Варл., Сл. ПЗБ), сумля́цца ’сумнявацца’ (Нас., Пятк. 2), сумлява́цца ’тс’ (Варл., Сл. ПЗБ, Пятк. 2, Бяльк., Гіл., Ян.), сумлява́нне ’сумненне’ (Юрч. Вытв.). Укр. сумлі́ння ’сумленне’, ’сумненне’, сумлі́тися ’сумнявацца’, рус. дыял. сумле́нье ’сумненне’, сумлева́ться ’сумнявацца’, серб.-харв. су́мљати се ’тс’. З сумненне, сумнявацца (гл.) у выніку дысіміляцыі м–н > л–н; параўн. яшчэ славен. soumlíti ’падазраваць’ < *sọ́mniti, гл. Бязлай, 3, 341.
Сумо́ўе ’зносіны, камунікацыя’. Наватвор (прыпісваецца А. Бембелю) для перадачы рус. общение (з ц.-слав.), параўн. лу́чнасць ’тс’ (Ласт.). З су- і асновы моў‑ (гл. мова) з фіналлю, аформленай паводле рускага адпаведніка (суф. *‑ьje); у выніку дээтымалагізацыі можа ўспрымацца як дэрыват ад сумаваць, сум (гл.). Параўн. народнае сумовіны, гл.
Сумне́ў ’сумненне’ (Ласт., Янк. 3.; Беларусіка, 19, 230; PC, 1999, 2, 83), сумні́ў ’сумненне, нерашучасць’ (Сцяшк. Сл.; PC, 1999, 2, 83). Аддзеяслоўны назоўнік з нулявым канчаткам ад сумнявацца, гл. Формы з ‑і‑, а таксама сумніўны лічацца ўкраінізмамі (Станкевіч, Язык, 597), аднак гэтаму пярэчыць лінгвагеаграфія, гл. Пацюпа (там жа, 1151); магчыма, пад уплывам сумліў, сумліўны, гл. сумлеў.
Сумы́сля ’з намерам, знарок, наўмысна’ (ТСБМ, Бяльк.; барыс., Сл. ПЗБ; Касп., Варл., Ян.), сумы́слі, су́мыслу, сумы́слу ’тс’ (Нас.), сюды ж сумы́сна ’тс’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц.), ’з добрым намерам’ (Нас.). Гл. наўмысля; параўн. асучасненую форму зумы́сля (zumúśla) ’з намерам, свядома’ (Варл.). Шуба (Прыслоўе, 112) мяркуе пра дэфармацыю суфікса-канчатка ў сумы́сля (сумысле) замест сумысла (сумыслу). Гл. мысліць, гл.
Сумятня́ ’бязладная беганіна, мітусня, клопаты’ (ТСБМ), сумя́ціца ’тс’ (Некр. і Байк., Ласт.), ’суматоха’, ’завіруха’ (Нас.). Укр. сумʼяття́, рус. сумя́тица ’тс’. Вытворныя ад кораня ‑мят‑, які ў рус. мяту́, мясти́ ’прыводзіць у замяшанне’, стараж.-рус., ст.-слав. мѧтѫ, мѧсти, чэш. matu, másti ’блытаць; бянтэжыць’ і г. д., аб якім гл. Фасмер, 3, 32. Борысь (Prefiks., 111) лічыць магчымым узнавіць зыходнае усх.-слав. (прасл. дыял.?) sǫmętь < sъmęsti, ‑mętǫ.
Су́ма 1 ’вынік складання; агульная колькасць, сукупнасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), су́ма, сумацыя ’вынік’ (Ласт.), су́ма́ ’пэўная колькасць грошай’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. су́мма, су́ма ’агульная колькасць’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 153). Запазычанне непасрэдна з лацінскай (Жураўскі, Крамко, Зб. Крапіве, 142). Выказваюцца таксама меркаванні пра запазычанне праз польск. suma ’тс’ з лац. summa ’вышэйшая, агульная лічба’ < summus ’вышэйшы’ (гл. Кюнэ, Poln., 100 з літ-рай); ці запазычанне ў канцы XV ст. са ст.-польск. suma, summa (XV ст.), гл. Булыка, Лекс. запазыч., 80.
Су́ма 2 ’пажыткі, маёмасць’ (Клім.). Магчыма, да сума 1, параўн. су́ма ’грошы’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.). Крытычна пра спробы звязаць з сум (гл.) і рэканструкцыю *sǫdma (Ліўканен, Отглаг. сущ., 194) Варбат (Этимология–1988–1990, 196), якая дапускае запазычанне праз польскую з ням. Saum ’ношка, паклажа’. Параўн., аднак, балг. су́ма ’многа, маса’, якое лічыцца яшчэ прабалгарскім (Младэнаў, Диалектология, балканистика, этнолингвистика. София, 2008, 199). Гл. су́мна ’мноства’.
Су́ма 3. Гл. сумка.