Льніца лясная ’зарніца звычайная, лянок, Linaria vulgaris Mill.’ (Кіс.). Да лён (гл.). Матывацыя: лісце гэтай расліны, падобнае да лісця льну. Аналагічна чэш. len Matky Boží, ням. unser Frauen Flachs.
Льні́шча, льня́нішча, льня́нішчо, льля́нішча ’поле, на якім рос лён’ (ТСБМ, Сцяшк., Бяльк.; стаўбц., Жыв. сл., ст.-дар., Сл. ПЗБ), льні́ска, льні́ско ’льнянішча’ (івац., Жыв. сл.; ваўкав., пруж., беласт., Сл. ПЗБ), ’сцелішча’, ’сена з рэшткамі льну, скошанае на полі пасля ўборкі льну’ (ваўкав., карэліц.), віл., ігн., даўг. льня́ніско ’льнянішча’ (Сл. ПЗБ). Да прасл. lьn‑išče, больш позняе зах.-слав. і lьn‑isko ’тс’. Да лён (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 159).
Льнуць ’прытуляцца’ (Бяльк.). Арэал пашырэння лексемы (уключаючы і ільнуць) прылягае да рус. моўнай тэрыторыі. Этымалогію гл. пад ільнуць, аднак трэба дадаць, што Махэк₂ (337–338) адмаўляе сувязь гэтага старажытнага слова з лексемай ляпі́ць, прыводзячы ў якасці і.-е. паралелей ст.-інд. lināti, láyatē, līyatē, līyati ’прылягае, прыціскаецца, прытуляецца да чаго-небудзь’ < *lei‑.
Льняні́ца, ляны́ца, лляны́ца, лені́ца ’льняное валакно высокага гатунку’, ’пража’, ’тонкае льняное палатно’ (Уладз.). Утворана ад прыметніка (і)льняны. Да лён (гл.). Параўн. таксама альняні́на.
Льня́нка ’зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (Бейл.), пск. льня́нка ’тс’. Утворана ад льняны́. Да лён (гл.). Параўн. таксама льні́ца ’тс’.