Булён ’булён, суп з бульбы’ (Сцяшк. МГ, БРС, Шат., Касп., Сцяц. Нар.). Сцяц. (Нар., 48) лічыць, што слова запазычана праз польскую мову. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 240. Параўн. укр. бульо́н ’від бульбы’.
Буліна́ ’расліна палын звычайны, чарнобыль, Artemisia vulgaris L.’ (Арх. Бяльк., слонім.), бульняк ’тс’ (Кіс.). Гэта расліна часта носіць назвы, вытворныя ад прасл. *bylь, *bylina і да т. п. ’расліна’. Параўн. чарнобыль, быліца, быльнік, быльняк і г. д. (гл. і Мяркулава, Очерки, 122). Формы буліна́, бульня́к < быліна, быльняк з тых дыялектаў, дзе пасля губных вядомы пераход ы > у.
Бу́лка ’белы хлеб’ (Карскі 1, Сцяшк.), ’пшанічны хлеб’ (Сцяц. Нар., Вешт.), ’жытні хлеб’ (Касп., Нас., Шн.), ’бохан хлеба’ (Бяльк.). Гл. яшчэ Бесар., Федар., 2. Падрабязна агляд значэнняў Сцяц. Нар., 25 (які лічыць, што найбольш пашыранае і даўняе значэнне ’пшанічнае печыва дзецям’). Рус. бу́лка, укр. бу́лка. Лічыцца запазычаннем з польск. bułka ’тс’ (вядомае з XV ст.). Праабражэнскі, 1, 52; Брукнер, 48; Слаўскі, 1, 50; Бернекер, 100; Рудніцкі, 251; Шанскі, 1, Б, 222. Аб запазычанні сведчыць тое, што ва ўсх.-слав. мовах слова з’явілася вельмі позна: у рус. і ўкр. з XVIII ст., у бел., мабыць, таксама (няма ў Булыкі). Крыніца польскага слова не вельмі пэўная (італ.; франц. boule ’круглы хлеб’, с.-в.-ням. biule ’шышка і г. д.’, швед. bulle ’хлеб, булка і да т. п.’; Слаўскі, 1, 50). Вельмі няпэўныя версіі пра роднаснасць усх.-слав. бу́лка з булава́, булды́рь і г. д. (так Фасмер, 1, 239; там і агляд іншых параўнанняў). Да слова бу́лка параўн. яшчэ Вештарт, Лекс. Палесся, 107–110.
Булты́х ’бултых’ (Бяльк.). Параўн. рус. булты́х, якое Фасмер (1, 239) лічыць гукапераймальным. Іначай Шанскі, 1, Б, 223.
Бу́лыўка ’вежа на царкве, купал’ (Бяльк.). Няясна. Можа, звязана з булава́ і да т. п.? Да націску параўн. бу́лава ’булдавешка’ (Бесар.).
Булы́шка лугавое ўзвышша’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. булы́га ’дзікі камень, валун; палка, дубіна; пустэча’. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67. Аснова бул‑ лічыцца роднаснай з рус. і інш. булава́, ням. Beule ’шышка’. Гл. Ільінскі, РФВ, 61, 240; Праабражэнскі, 1, 52–53; Фасмер, 1, 239. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 223.
Бу́льба, таксама бу́льма (Шат., Жд.) > бу́льва (Федар., 1). Рус. дыял. бу́льба, бу́ньба, укр. бу́льба, бу́льва. Запазычанне з зах.-слав. моў: польск. bulba, bulwa, чэш. bulva (а гэта з ням. Bolle ’клубень, цыбуліна’ або з лац. bulbus). Бернекер, 100; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47; Рудніцкі, 252; Фасмер, 1, 240; Маеўскі, PF, 4, 646. Параўн. і Шанскі, 1, Б, 223.
Бу́льбатка ’бурбалка’ (Сцяшк. МГ), бу́лбатка ’тс’ (Янк. II). Укр. бу́льба ’бурбалка’, бу́льбашка. Гукапераймальнае.