Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ко́лешкі ’каленкі’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. калена. Параўн. укр. навколінки і навколішкі. Бел. колешкі і ўкр. колішкі можна разглядаць як сумесную інавацыю.

Ко́лікі1 ’рэзкі, востры боль, рэзь у жываце, баку’ (ТСБМ, Нас.). З лац. colica ’тс’ (Шанскі, 2, 8, 200–201). Памылкова разглядалася як запазычанне з франц. colique (Фасмер, 2, 291). Але як было даведзена, упершыню зафіксавана ў XVII ст. у перакладзеным з лацінскай мовы помніку (Шанскі, 2, 8, 200).

Ко́лікі2 ’калаццё’ (Сцяшк.). Да калоць (гл.).

Ко́лісь ’калісьці’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., ТС, Сцяшк., Сержп., З нар. сл., Сержп. Грам., Сержп. Пр.). Гл. калісь.

Ко́ліца ’аколіца, вуліца’ (Бяльк., Мат. Маг.). Да аколіца (гл.).

Ко́лія ’каляя’ (Жд. 3). Гл. калявіна.

Ко́лмык ’кучаравы чалавек’ (Нар. лекс.). Гл. калмык і калматы.

Ко́льба1 ’вал з ручкай, пры дапамозе якога дастаюць ваду са студні’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Мат. Гом.). Гл. корба, кольба < польск. kolba ’тс’.

Ко́льба2; ’свердзел’ (ТС). Гл. кольба1.

Ко́лька ’колькі’ (Шат., ТС, Жд. 3). Гл. колькі.

Ко́лькі ’тс’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Бяльк., ТС, Ян.). Укр. колькі, рус. колько, ст.-рус. колько ’тс’, ст.-слав. колико, балг. колко, серб.-харв. коли̏ко, славен. kóliko, польск. kilka, kolko, чэш. kolik, славац. koľko, в.-луж. kelko, н.-луж. kelko ’тс’. Прасл. koli генетычна суадносіцца з літ. keli ’некаторыя’, ст.-грэч. πηλίκος ’такі вялікі’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 135).

Ко́лязно ’колькі’ (Сцяшк. Сл.). Першая частка гэтага складанага слова ўзыходзіць да kole (гл. калі), другая — да дзеяслова znati (гл. знаць). Магчыма, пад уплывам форм тыпу польск.kolwie (< z‑kolwiek) у дзе другая частка ўспрымаецца як звязаная па паходжанню з дзеясловам wiedzieć (гл. ведаць).