Відаво́чны ’яўны, пэўны, бясспрэчны’ (БРС, КТС); ’які знаходзіцца побач’ (Шат.), відавочна ’яўна, наглядна’ (Касп., Сцяшк. МГ); ’свядома’ (лаг., КЭС); ’напэўна, відаць, мусіць’; ’яўна’; ’прыкметна’; ’ясна’; ’бясспрэчна’ (КТС). Утвораны ад відавок і суф. ‑(ь)nъ.
Відавочца ’сведка здарэння, падзеі’ (КТС). Калька з рус. очевидец, аднак з польск. суфіксам Nomina agentis ‑ca (прасл. ‑ьca), які на ўсх.-слав. глебе даў ‑ец/‑ац; параўн. бел. відавочац.
Відалы ’бывалы’ (КТС); ’вопытны чалавек, які бачыў свет’ (Нас.). Утворана ад дзеепрыметніка на ‑l‑ъ. Да відзець (гл.). Параўн. рус. вида́лый ’тс’.
Віда́ль 1 ’незвычайная, дзіўная, прывабная рэч’ (Нас.) з рус. невидаль ’нябачанае дзіва’. Сюды ж відальшы 1 ’прыгажэйшы, статнейшы, больш відны’.
Віда́ль 2 ’перспектыва, від’ (Нас., Гарэц., Яруш.), магчыма, з *відадаль < відзець даль. Параўн. яшчэ відальшы ’здольны бачыць далей, адрозніваць прадметы на большай адлегласці’. Да відзець (гл.).
Відана ’бачана’ (Шат., КТС), ві́дано ’тс’ (Сцяшк. МГ) — дзеепрым. залежнага стану, запазычаны з рус. мовы, звычайна ў словазлучэнні дзе ж гэта відана, каб…
Відань ’прывід, здань, праява’ (КТС, Я. Скрыган) — кантамінаванае новаўтварэнне ад відзець і здань.
Відацца ’сустракацца, мець сустрэчу, бачыцца’ (Нас., Касп.), рус. видаться, йонаўск. ’быць відочным, віднецца’, арл., варон. ’вітацца’, каз. ’цалавацца пры сустрэчы, растанні’, ст.-рус. видатися ’бачыць адзін аднаго, убачыцца’; ’сыходзіцца для бою, сустракацца ў бітве’, чэш. vidati se ’бачыцца, сустракацца з кім-небудзь’, славац. vidať sa ’тс’; да відзець (гл.).
Віда́ць ’можна бачыць, разглядзець’; ’можна зразумець’; ’быць відавочным, вынікаць’; ’як здаецца, мабыць, напэўна’ (КТС, БРС, Гарэц., Шат., Нас.; КЭС, лаг.; Бяльк., Касп.). Укр. видати ’бачыць’, рус. видать ’тс’; ’відаць, можна бачыць’; ’відавочна’, ст.-рус. видати ’бачыць’; ’заўважаць’; ’быць прынятым кім-небудзь’; ’адчуваць, пераносіць, перажываць’; ’мець’; ’можна бачыць’, польск. widać ’(можна) бачыць, відаць’; ’відавочна’, nie widał ’не павінен’, nie widałem ’мне гэта не хочацца, я нават не думаю пра гэта’, чэш. vidati, славац. vídať ’бачыць (час ад часу, часта) каго-небудзь’; ’уяўляць сабе, мець уяўленне’; ’назіраць’; ’звяртаць увагу на што-небудзь’; ’можна бачыць’; ’мець жаданне бачыць каго-небудзь’; ’відавочна’, серб.-харв. ви́дати ’вылечваць, лячыць раны знахарствам’, ви́ђати ’бачыць, сустракаць (часта)’, макед. вида ’лячыць’. Прасл. víd‑ati ўтворана пры дапамозе ітэратыўнага суфікса ‑a‑ti ад vid‑ěti. Да відзець (гл.).
Відзелкі ’відэльцы’ (слуц., З нар. сл.), відзёлкі (Выг.), відзельцы (Бяльк.), укр. виделка, рус. кур., арл., варон., смал. виделка, видёлка, видёлочка ’тс’. Запазычана з польск. widelec ’тс’ не без уплыву ўсх.-слав. або бел. вілкі. Гл. яшчэ відэлка.
Відзельца ’відэлец’ (нараўл., Мат. Гом.) — відазмененае відэлец пры дапамозе суф. ‑ль‑ца, які надае слову памяншальнае значэнне. Тое ж бел. відэльца (Касп.). Сюды ж відзелец.