Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Брэ́ндзлі. Гл. брэ́ндзал.

Брэт ’пакаленне’ («у етум брэ́ці…»; Буз.). Магчыма, пераклад слова не зусім дакладны. Параўн. польск. bret, bryt ’тэрыторыя, прастора, зямля, поле, ніва’ (з ням. Breite ’шырыня’, Варш. сл., 1, 216; Брукнер, 43).

Брэ́та ’палотнішча’ (Шпіл.). Укр. бри́та ’тс’. Запазычанне з польск. bryta, breta ’шырыня матэрыі’ (Spódnica we trzy bryty), а гэта з ням. Breite ’шырыня’. Гл. Варш. сл., 1, 216; Брукнер, 43; Шалудзька, Нім., 22. Параўн. брэт.

Брэх ’прыстасаванне з чатырох слупоў са стрэшкай для ўкладкі снапоў’ (Жд.). Запазычанне з польск. bróg ’тс’. Падрабязней гл. пад брог.

Брэ́шкі, брэ́шка ’карункі’ (Сцяшк., Сцяшк. МГ). Магчыма, тое ж самае, што і брыж, брыжы (розныя часткі адзежы), гл. Брэ́шкі — фанетычны варыянт да бры́жкі? Параўн. брыж ’карункавы край’ (Касп.), брыжы́ ’карункі’.

Бу́ба (дзіцячае) ’зярняты’ (Нас.), ’гарошына’ (Сцяц.), ’гарох’ (Бяльк.), ягада’ (Шат., Яўс.), бу́бка ’бубачка’ (Нас., БРС, Сцяшк. МГ), ’бубка, ягады’ (Бяльк.), бу́бачка (БРС), буба́шкі ’галачкі з цеста’ (Касп.), ’пячэнне’ (Бяльк.), бу́бка ’страва з падпражаных, цеставых галачак’ (КЭС, лаг.), бу́бехі ’маладыя плады’ (Сцяц.), бубу́шка ’жоўты гарлачык’, бубы́шка ’пупышка’ (Касп.). Не вельмі лёгка рашыць, адкуль паходзіць тут аснова буб-: з прасл. *bób‑ ці *bub‑ (гл. пад буб). Некаторыя прыведзеныя словы могуць паходзіць і з *bob‑ (параўн. палес. буб ’боб’), а ў укаючых гаворках ненаціскное «о» наогул дае «у». Складанасць пытання можна зразумець і з таго факта, што некаторыя прыведзеныя вышэй словы сустракаюцца і з іншым вакалізмам. Так бу́бехі ’маладыя плады’ можна параўнаць з палескім бабі͡ех ’невялікі пучок бруднай і зліплай воўны на авечцы’, а буба́шкі ’галачкі з цеста’ маюць паралельную форму бабу́шкі (гл.). Літ-py гл. у артыкуле на буб-, а таксама Фасмер, 1, 225, дзе тлумачыцца рус. бу́ба.

Бу́бен1 ’бубен’. Рус. бу́бен, укр. бу́бен, бу́бон, чэш. buben, польск. bęben, серб.-харв. бу̑бањ і г. д. Прасл. *bǫbьnъ, *bǫbьniti. Словы гукапераймальнага паходжання, якія маюць паралелі ў іншых мовах (літ. bambė́ti, bam̃bti, грэч. βομβέω ’глуха гучаць’ і г. д.). Фасмер, 1, 226. Параўн. бу́бен2. Сюды бубні́ць, бубне́ць.

Бу́бен2 ’месца, высокае і беднае травастоем; балота, якое можна перайсці’ (Яшкін), бубён ’высокае месца; высокая і бедная травастоем паша’ (Яшкін), бу́бʼён ’голая прастора, без расліннасці’ (Клім.), бубен ’неўрадлівая, голая мясцовасць’ (Прышч.). Гэтага слова, здаецца, няма ў суседніх мовах. Параўн. толькі Бу́бен ’назва гары ў гуцулаў’ (Грабец, Nazwy, 133). Можна меркаваць, што гэта метафарычнае ўжыванне ў якасці геаграфічнага тэрміна слова бу́бен ’бубен’ (слав. *bǫbьnъ). Першапачаткова ’месца, выпуклае, як бубен’. Але не выключаецца і іншае тлумачэнне. Слав. *bǫbьnъ (гл. бу́бен1) звязана з асновай, якая азначае глухое гучанне. Таму можна думаць, што бу́бен ’высокае і голае ўзвышша’ ад *bǫbьnъ ’глухі гук’, *bǫbьneti ’глуха гучаць і да т. п.’ Адносна магчымасці такіх утварэнняў параўн. бел. буко́та ’ўзгорак’, ’глыбокае месца ў рацэ’ (гл.; там і слав. паралелі). Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66.

Бу́блік ’маленькі абаранак, абаранак’ (Бяльк., Нас., Сцяшк. МГ, Гарэц., Інстр. I). Рус. бу́блик, укр. бу́блик. Да слав. асновы *bǫbъl‑, што ў серб.-харв. бубу̀љица ’пузыр’, чэш. boubel ’бурбалка’, польск. bąbel і г. д. Гл. Фасмер, 1, 226. Сюды адносіцца і бу́бліца ’буйная плотка’ (Крыв.).

Бубначы́ ’малыя дзеці’ (Сцяц.). Параўн. бубна́ч ’музыкант, што грае на бубне’ (Інстр. III), той, хто дакучае’ (КЭС). З гэтага апошняга развіваецца значэнне ’малыя дзеці’. Наўрад ці бубначы́ можна непасрэдна параўноўваць з бу́бны ’дзеці’ (гл.).

Бубні́ць, бубне́ць. Да бу́бен1 (гл.).