Рашэ́тнік ’ядомы грыб казляк, махавік’ (ТСБМ; лід., гродз., беласт., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), рашо́тнік ’тс’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), рашо́цік ’тс’, рашацю́к (Мат. Гом.), рэшэцю́га (Нар. словатв.), рэшо́цік ’тс’ (ПСл), падрашэ́тнік (Мат. Гом.). Ад рэшата 1 (гл.) на падставе знешняга падабенства (з дзірачкамі пад шапкай, Мат. Гом.), параўн. іншыя назвы: сітнік, сітавік (гл.).
Раява́ць ’жыць вельмі добра без турбот, безклапотна’ (ТСБМ, Ян., Янк. Мат.). Ад рай 1 (гл.).
Рваць ’вырываць, разрываць, тузаць, драць’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’цягнуць на ваніты, ванітаваць’ (Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж рва́кі мн. л. ’ірвота; ваніты’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Растарг.), таксама з іншым суфіксальным афармленнем рва́ны мн. л. ’тс’ і рваннё ’ваніты’ (Нас.). Гл. ірваць.
Рдза ’маланка без грому’ (брасл., ДАБМ, камент.; даўг., Сл. ПЗБ). Паланізаваная форма да ржа (гл.), параўн. польск. (у Летуве) rdza ’маланка без грому’, якое ў фразеалагізме rdza trzęsi, г. зн. rdzą trzęsi ’трасе іржу’ (Буга, Rinkt., 3, 431), з’яўляецца калькай з літ. rūda krečia ’трэсці іржу’, ’іржа трасе’ (Анікін, Из истории рус. сл. 165–166). Параўн. лат. rūsa ’іржа’ і ’бліскавіца, зарніца’. Аднак лінгвагеаграфія, параўн. рус. уладз. ржа ’зіхаценне, ззянне маланкі ноччу, калі, паводле павер’я, наліваецца жыта’, пярэчыць гэтаму. Хутчэй за ўсё, супольнае балтаславянскае ўтварэнне на базе міфалагічных уяўленняў аб тым, што маланка без грому спальвае (робіць чорнымі, іржавымі) плады і жыта, параўн. іржа ’галаўня (чорнае зерне ў коласе)’, а таксама палес. аріхава маланка ’маланка без грому’, якая паводле вераванняў, выпальвае ядра арэхаў і робіць іх чорнымі або пустымі; аналагічная сувязь ’маланка’ — ’арэх’ вядомая ва ўсіх славянскіх традыцыях, параўн. Слав. др., 2, 281–282.
Рдзест ’урэчнік, Potamogeton’ (ТСБМ). Да ірдзест (гл.).
Рдзець ’чырванець’ (ТСБМ), ’свярбець’, рдзе́цца ’чырванець (пра рану)’ (ТС), ’выклікаць злаванне’ (Юрч. СНЛ), рдзель ’чырванашчокі мужчына’, ’чырванашчокая жанчына’ (Нас.), рдзіцца ’злавацца’ (Юрч. СНЛ). Да ірдзець (гл.).
Ржа ’іржа’ (ТСБМ, Сцяшк.; карэліц., Нар. лекс.; ТС; віл., Сл. ПЗБ), ’іржа на лёне’ (віц., Шн. 3); ’ржавая вада (на балоце)’ (ветк., Мат. Гом.; барыс., Сл. ПЗБ), ’балота з жалезнай рудой’ (жытк., нясвіж., слаўг., стол., Яшк.), ржа, іржа́, аржа́ ’рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ’галаўня’ (шуміл., Сл. ПЗБ), ’ношка на лапках пчалы’ (бабр., ЛА, 1). Да іржа 1 (гл.).
Ржа́ва ’гразкае, іржавае балота з вокісам жалеза ў вадзе; балота з жалезнай рудой’ (віц., слаўг., Яшк.). Утворана пры дапамозе суф. *‑а ад прасл. прыметніка *rъdja‑v‑ъ ’іржавы’ (Махэк₂, 513), як і іншае з гэтай асновы: ржа́вінь, аржа́вінь, ржа́ві́нне, іржа́вінне, аржа́ві́нне, ржа́ўка, іржа́ўка, аржа́ўка, ржа́ўчына, іржа́ўчына, аржа́ўчына ’рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ржа́вец, рыжа́вец, ржа́віна ’тс’ (Яшк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ).
Ржа́вень ’крыніца на багністым глыбокім балоце’ (глыб., ДАБМ, камент., 42). Да ржа́ва (гл.). Суфікс ‑ень > як у крывень ’крывое поле’, прасцень ’простая дарога’ і інш. са значэннем адпаведнай прыметы (Сцяцко, Афікс. наз., 100).
Ржаве́ц ’ржэўнік ?’ магчыма ’жыцік, Lolium L.’: вельмі багато ржаўцу́ расце па лёну (лельч., Мат. Гом.), параўн. укр. ржане́ць ’жыцец лугавы, Phleum pratense L.’, рус. цвяр. ржане́ц ’тс’, алан. ржане́ц ’пустазелле на льняным полі’. Відаць, узыходзіць да ржанец, якое з іржа́ 2 ’жыта’. Параўн. таксама рус. перм. ржани́к ’пустазелле каласоўнік палявы, Bromus arvensis L.’, якое расце ў жыце і лёне, падобнае да жыта.