Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ліза́ць ’дакранацца языком’, ’піць, есці мала, вяла’, ’пакрываць, абдаваць’, ’цалаваць’, лізацца ’падлашчвацца, лашчыцца’ (Нас., Шат., Бяльк., Яруш., ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах.), полац., мсцісл. лізну́ць ’паспытаць, з’есці зусім нямнога’ (Нар. сл., Юрч. Вытв.), лізацца ’прыхарошвацца, старанна прычэсвацца’ (Шат.). Укр. лизати(ся), рус. лизать(ся), польск. lizać (się), палаб. lai̯zĕ ’ён ліжа’, н.-луж. lizaś, (pśe)lizaś se, в.-луж. lizać (so), чэш. lízati (se), ст.-чэш. lzáti, славац. lízať (sa), славен. lízati (se), серб.-харв. ли́зати (се), макед. лизам, балг. лижа, ст.-слав. лизати, чэш.-ц. слав. льзати. Прасл. lьzati з другасным падаўжэннем вакалізму кораня lizati (). І.‑е. адпаведнікі: літ. liẽžti, liežiù, лат. làizît ’лізаць’, ст.-інд. lḗdḥi, rédḥi, líhati ’ліжа’, авест. raēz‑, н.-перс. lištan ’лізаць’, арм. lizem, ст.-грэч. λείχω ’ліжу’, лац. lingō, lingere, ст.-ірл. ligin, гоц. bilaigōn, ст.-англ. liccian, ст.-в.-ням. lecchōn ’лізаць’, і.-е. *lig̑h‑/*lei̯g̑h‑, ітэратыў *loigʼh‑ Міклашыч, 171; Бернекер, 1, 725; Фасмер, 2, 494–495; Фрэнкель, 369; Покарны, 668; Слаўскі, 4, 311–312; Аткупшчыкоў, Из истории, 102; Скок, 2, 311; Бязлай, 2, 145–146). Інакш Жарскі (Rozp. Kom. Jęz. — Wrocł. TN, XI, 185), які памылкова выводзіць польск. lizać з і.-е. ‑lei̯p ’мазаць тлушчам’. Сюды ж лізґаць ’есці, ледзь дакранаючыся зубамі’ (Шат.), ’лізаць раз за разам’ (КЭС, лаг.), ’есці мала, перабіраючы’ (міёр., Нар. лекс.), у якіх ‑ґ‑ экспрэснае (параўн. лузацьлузгаць), а таксама лізну́ць ’цішком адысці’ (Грыг.).

Лізбе́нь ’гультай’ (рагач., Мат. Гом.). Утварылася з *ляж‑ бень з заменам ж > з (магчыма, пад уплывам лізаць).

Лізе́рка ’лінія, граніца дзялянкі ў лесе’ (рагач., Сл. паўн.-зах.), рус. арл. лизёрка, бран., разан. лизирка ’вузкая прасека’ — у выніку распадабнення віру слове візірка (гл.). Тое ж і ў разан. лизирсвизир (гл. візір]).

Лізе́рф ’тарфяны кар’ер’ (лун., Шатал.). Няясна. Відавочна, аказіяналізм, утвораны з рэзерв ці з рэзервуар (вады).

Лі́зікі ’ласункі’ (Янк. III). Да лізаць (гл.). Экспрэснае ўтварэнне, падобнае па форме да бібікі.

Лізма́ць ’(аб гадзюцы) ліняць’ (петрык., Шатал.). Утварылася ў выніку кантамінацыі лексем: знімаць і ліняць або лезці і ліняць (гл.).

Лізу́н1 ’міфічная істота, якая летам хаваецца ў фасолі, каноплях, гаросе; яна залізвае дзяцей да смерці’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп.), укр. паўн.-зах. лизун ’міфічная істота ў выглядзе вялікага звера, якая жыве ў лясах і жарэ людзей’, рус. ярасл., кастрам., цвяр., смал. лизун ’дамавік, які жыве ў падмосці, пад печчу і якім палохалі дзяцей’. Усх.-слав. рэгіяналізм, які ўзыходзіць да прасл. lizunъ, якое з lizati. Да лізаць (гл).

Лізу́н2 ’той, хто любіць лізаць, лізацца (аб жывёлах)’, ’мужчына, які любіць цалавацца’, ’які любіць прыхарошвацца’ (Шат., Бяльк., Яўс., ТСБМ; міёр., З нар. сл.), ’ліслівец, падхалім’ (Яўс., ТСБМ). Укр., рус. лизун. Да лізаць, лізацца (гл.).

Лі́зус ’ліслівец’ (паўн.-зах., КЭС) запазычана з польск. lizus ’падхалім’. Да лізаць (Слаўскі, 4, 312–313).

Лізь, лісь ’пра лізанне’ (мсцісл., полам., Нар. лекс.) — аддзеяслоўныя ўтварэнні. Да лізаць (гл.)..

Лізя́вы ’нясмачны’ (маст., Сцяшк. Сл.), лізявэй ’тс’ (пін., Шатал.). Трэба разглядаць як запазычаную лексему з пераносам значэння. Параўн. польск. lizawy — аб жывёле, якая захварэла ад недабору розных мінеральных злучэнняў (солей) і вітамінаў. Параўн. яшчэ польск. lizawka ’сумесь з солі, гліны і інш., якая давалася жывёле’, ’месца, дзе гэта мяшанка давалася жывёле’. Семантыка развівалася такім чынам: ’без солі’ > ’нясмачны’.