Лізу́н 1 ’міфічная істота, якая летам хаваецца ў фасолі, каноплях, гаросе; яна залізвае дзяцей да смерці’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп.), укр. паўн.-зах. лизун ’міфічная істота ў выглядзе вялікага звера, якая жыве ў лясах і жарэ людзей’, рус. ярасл., кастрам., цвяр., смал. лизун ’дамавік, які жыве ў падмосці, пад печчу і якім палохалі дзяцей’. Усх.-слав. рэгіяналізм, які ўзыходзіць да прасл. lizunъ, якое з lizati. Да лізаць (гл).
Лізу́н 2 ’той, хто любіць лізаць, лізацца (аб жывёлах)’, ’мужчына, які любіць цалавацца’, ’які любіць прыхарошвацца’ (Шат., Бяльк., Яўс., ТСБМ; міёр., З нар. сл.), ’ліслівец, падхалім’ (Яўс., ТСБМ). Укр., рус. лизун. Да лізаць, лізацца (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)