Траі́цца ’раздзяляцца на тры часткі’, ’утройвацца, павялічвацца ў тры разы’ (ТСБМ), укр. трої́ти(ся), рус. трои́ть(ся), польск. troić się, н.-луж. tšojś, в.-луж. trojić, славен. trojíti ’дзяліць на тры часткі’, ’павялічвацца ў 3 разы’, серб. тро̀јити (се). Прасл. *trojiti (sę) утворана ад асновы *troj‑ зборнага лічэбніка *trojі (м., ж. р.), *trojе (н. р.) ’трое’, які развіваўся (пад уплывам *dъvojь) з і.-е. *trei̯ó‑ ’трое’ < *tréi̯es ’тры’ (Покарны, 1092; Сной₂, 786). Сюды ж траі́ць ’дзяліць на тры часткі’, ’злучаць у адно з трох’ (ТСБМ).
Траі́ць ’тройчы пераворваць зямлю’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Др.-Падб.), ’зябліць — араць увосень’ (валож., ЛА, 2), троі́ты ’траіць’ (іван., ЛА, 2), ’трэці раз пераворваць зямлю’ (Нас., Шат., Касп.; вільн., бярэз., Сл. ПЗБ; гродз., мін., паўд.-усх. віц., маг., гом., ЛА, 2), ’араць поле другі раз’ (Бяльк., Пятк. 1), тро́іць ’тройчы араць поле — увосень, ранняй вясной і перад сяўбой’ (Янк. 1). Магчыма, балтызм. Параўн. літ. trẽjiti ’траіць’: суф. ‑(i)n‑ захаваўся ў бялын, трайні́ць, бярэз. траяні́ць ’траіць’ ці ў мядз. трае́нь падымаць (ЛА, 2), трае́ннік ’той, хто арэ ворыва другі раз’ (Юрч. Вытв.), трае́ніна ’некалькі разоў пераворанае поле’ (стаўб., Ск. нар. мовы), трое́ніна ’абложная зямля’ (лун., ДАБМ, камент., 858). Параўн., аднак, балг. радоп. тро́е̂м ’пераціраць, размінаць’ (БД, 2), што да *terti (гл. церці).
Траі́чны: траічная (троичная) трава ’браткі, Viola tricolor L.’ (Меер Крыч.), Відаць, з рус. трои́чный ’траечны’, што адлюстроўвае трохколернасць кветак, прысутную ў навуковай назве. Параўн. трайцвет, гл.
Трайга́ ’трое’ (Сцяц.), трайга́ і трайгу́ ’тс’ (Сцяшк. Сл.), трайгу́ ’ўтрох’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Запазычанні, якія з’яўляюцца формамі Р. і Д. скл. польскіх зборных лічэбнікаў troje, — Р. trojga, Д. і М. trojgu.
Трайдо́ліць ’гаварыць пустое’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. польск. дыял. trajdolić się ’круціцца; трэсціся, едучы на возе’, drajdolić się ’тс’, trajda ’кабета без такту; растропа’. Звязана з трайда́ ’балбатуха, лапатуха’ (астрав., Сл. ПЗБ), якое выводзяць з літ. traidà ’тс’ (Грынавяцкене, там жа), што ў святле польскіх форм сумніўна. Хутчэй гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання з экспрэсіўным суф. ‑олі‑, параўн. тра‑ра‑ра, тра-ля-ля, польск. traj ’тс’ і пад. Параўн. трандоліць, трындоліць, трандзіць, гл.
Трайке́ ’Арыён’ (АБ, 8) — скарочаная форма ад траеяке́, траячке́. Параўн. польск. беласт. trójki, trojaki ’тс’, назва сузор’я з трох зорак (Купішэўскі, Słownictwo).
Трайко́ ’трыко’ (пух., Сл. ПЗБ). Да трыко́ (гл.). Дыфтонг ‑ай‑ пры ад’ідэацыі лексемы ма́йка.
Трайко́нцік (тройко́нцік) ’трохвугольнік, выкладзены з камянёў, куды ідзе падуст на нераст і дзе яго ловяць’ (астрав., Сл. ПЗБ). З польск. trójkąt ’трохвугольнік’.
Трайла́, трэйло́, трала́ ’балбатуха, лапатуха; балбатун, лапатун’ (Сл. ПЗБ), тра́йла ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (ваўк., ЛА, 3), трайлава́ты ’балбатлівы’ (шальч., Сл. ПЗБ), трайло́чыць ’балбатаць’ (LKK, 1975, 16, 190). Параўн. польск. аргат. trajla ’трапло, балбатун’, trajlować ’плявузгаць, чмуціць, маніць’, літ. tráila ’пустамеля, пустамалот’. Меркаванні пра балтыйскае паходжанне (Зданцэвіч, LP, 8, 350; Лаўчутэ, Балтизмы, 73 і 85; Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 112) патрабуюць дадатковай аргументацыі, паколькі літоўскія словы маюць гукапераймальнае паходжанне, параўн. tralė ’вясёлыя песенькі’, tráiloti ’спяваць вясёлыя песенькі’ і пад., параўн. выклічнік тра-ля-ля, трэліць ’плявузгаць, балбатаць’ (гл.); такое ж паходжанне можна дапусціць і для славянскіх слоў.
Трайлі́ць ’траіць, трэці раз араць на зіму’ (шчуч., Сл. ПЗБ). З трайні́ць (з менай нʼ > лʼ). Да траіць, гл.