Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Трабяза́, трэбэза́ ’густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.). Гл. трапяза.

Трабя́нка ’каўбаса з унутранасцей’ (ПСл). Скарочанае з вантрабянка (гл.) пад уплывам лексемы трыбух, гл.

Трава́ ’сям’я раслін Gramineae з аднагадовымі зялёнымі парасткамі і сцяблом’ (ТСБМ, Ласт., Федар. 4, Стан., Бяльк., Бес., ТС, Сл. ПЗБ), ’трава, злакі’ (Байк. і Некр.), траві́на ’асобнае каліва травы’, ’трава наогул’, ’высахлая трава’ (Юрч. Вытв., ТСБМ; мёрск., Нар. словатв.), траві́ца ’траўка’ (Гарэц.), траві́шча ’густая высокая трава’ (Жд. 2), траваюжышча ’тс’ (Юрч. Мудр.), тро́ўка ’трава’ (Растарг.; люб., Ск. нар. мовы), траві́нка ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ; ТС), зборн. траўё ’крапіва, бадылле’ (Бяльк.), коньска трава ’канюшына’ (дзісн., Яшк. Мясц.). Укр., рус. трава́, стараж.-рус. трава, трѣва ’трава, сена’, польск. trawa, н.-луж. tšawa, в.-луж. trawa, чэш., славац. tráva, славен. tráva, серб. тра́ва, харв. tráva, trāvȁ, trōvȁ; макед. трева, дыял. трава; балг. трева́ ’трава’, ’зёлкі’; ст.-слав. трѣва, трава ’трава’, ’маладая зелень’, ’расліны, атожылкі’. Прасл. *trava, *trěva, утвораныя ад дзеяслова *truti. Першапачаткова *trava, *trěva — ’тое, што спажываецца’, ’корм’ > ’зялёная паша’ > ’расліны, якія выкарыстоўваюцца ў якасці пашы’ > ’трава — зялёная ці скошаная’ (Фасмер, 4, 91–92; Махэк₂, 650; Бязлай, 4, 214–215; Борысь, 640; Сной₂, 778; ЕСУМ, 5, 613). Скок (3, 494) наяўнасць паралельных праславянскіх форм тлумачыць варыянтнай мяккасцю зычнага ‑r‑ у *trěva. Гл. таксама траві́ць1. Сюды ж травя́нік ’лякарства з траў’ (Жд. 1), травя́нка ’фарбы, прыгатаваны з травы’ (ТСБМ), травасто́й ’травяное покрыва лугоў, сенажацей, пашы’ (ТСБМ), траве́ць ’зарастаць травою, пустазеллем’ (Касп., Сцяшк. Сл.; мёрск., Нар. сл.; полац., Нар. лекс.), травяне́ць ’тс’ (ТСБМ, Гарэц.), травяні́цца ’тс’ (Юрч.), траві́ць ’лячыць травамі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тра́ўлены ’травяны’, тра́ўля́ны (лён) ’лён, у якім расце шмат травы, пустазелля’ (ТС), траўляны́й ’травяністы’ (стол., Нар. лекс.), травяні́сты, травяны́ ’багаты травой’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), травяно́й ’тс’ (Юрч. Вытв.), траўлі́вы ’травяністы, багаты на траву’ (ашм., Стан.), траўны́: траўное карэньне ’ядомае карэнне’ (Стан.).

Трава́льна (трава́льно) ’сытна’ (навагр., Сл. ПЗБ). Да трыва́льна < трыва́ць, гл.

Тра́вень ’май, старая назва месяца мая’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.), тра́вэнь ’май’ (бяроз., Нар. скарбы). Укр. тра́вень, рус. старое тра́вень ’тс’ (Даль), харв. trȃvanj ’тс’, гіст. traven mali ’красавік’, traven veliki ’май’, баснійск. тра̑вањ (мали і велики), тра̑вник ’красавік’; славен. mali tráven ’тс’, veliki tráven ’май’, старое балг. тра́вен ’тс’. Прасл. *travьnь/*trěvьnь ’трэці месяц у годзе’ (ад сакавіка), адрозненні ў семантыцы назвы тлумачацца кліматычнай розніцай у перыядах цвіцення траў, з чым звязана яе этымалогія: ад прыметніка *travьnъ, вытворнага ад *trava, які пазней канкрэтызаваўся ў абстрактны назоўнік з суф. ‑ь (travьnь) (Глухак, 636; Слаўскі, SP, 1, 128).

Траві́ць1 ’засвойваць у працэсе стрававання, ператраўліваць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб.), ’карміць’ (Сцяшк. Сл.), ’харчавацца, есці’ (Хрэст, дыял.), ’спажываць’ (ТС), тра́віць ’ператраўляць (пра страўнік)’ (Нас.). Укр. трави́ти, дыял. трови́ти ’тс’, польск. trawić, чэш. tráviti ’ператраўляць ежу’, ’праводзіць час’, славац. tráviť ’тс’, серб. тра́вити ’карміць травой’, ’засяваць травой’, ст.-слав. травити ’жэрці’, натроути ’накарміць’. Прасл. *traviti < *truti, trovešь (параўн. мар. truju < trutʼ ’ператраўляць (пра страўнік)’, славац. trova ’выдаткі’) выступае ў славянскіх мовах у ступенях: *tru‑, *trov‑, *trav‑ (апошняя — з *‑ō‑), а таксама *trū‑, параўн. серб.-ц.-слав. трыти, трыѩ, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. растръва ’страта, згуба’, ’пагібель’, троути ’вынішчаць’ з багатым наборам значэнняў — да ’атручваць’ (Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650). Роднасныя: ст.-грэч. τρώω ’раню’, τρΰω ’знішчаю, свідрую’, ’выводжу’, ст.-в.-ням. drawa ’пагроза’, англ.-сакс. đréa ’тс’, ’кара’. Сной₂ (778) дапускае дзве і.-е. асновы для разглядаемай лексемы: 1) і.-е. *treu̯H‑ ’раздрабляць, раскрышваць, малоць, спажываць, расходаваць’: ст.-грэч. τρῶμα, τραῦμα ’рана’, вал. taraw ’таўчы, біць’, с.-брэтонск. tarauat ’працерці’, літ. trunýti ’гніць, тлець’; 2) і.-е. аснова *trōu̯ah2, *treu̯ah2, якая з і.-е. *(s)ter‑, — з апошняй выводзіцца ст.-інд. tṛ́ḥa ’трава’, прасл. *tьrnъ > бел. цёрн. Сюды ж траўленне ’страваванне’, траве́нье ’кармленне’ (ТС); траві͡енё ’ператраўліванне, засвойванне’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое з польск. trawienie (Сл. ПЗБ, 5, 111).

Траві́ць2 ’таптаць лугі, з’ядаць пасевы; рабіць патраву’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сержп. Прык.): козамі сена травіць (Пятк. 2), тра́віць ’тс’, ’нацкоўваць сабак на коз і свіней, каб не пустошылі агароды’ (Нас.). Укр. трави́ти ’рабіць патраву’, дыял. трови́ти ’выпасаць, травіць траву на корані’, рус. трави́ть ’псаваць, пашкоджваць, нішчыць, спустошваць, разбураць’, польск. trawić ’тс’, ’марнатравіць’, ’выдаткаваць’, ’паліць, спальваць’. Прасл. (паўночнае) *traviti ’нішчыць, выдаткоўваць’ (Борысь, 640). Да травіць1 (гл.). Сюды ж траві́ць ’апрацоўваць паверхню чаго-небудзь кіслатой або іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), ’атручваць каларадскіх жукоў’ (Ян.), ’труціць, атручваць’ (ТС; віл., Сл. ПЗБ), траві́тісе ’труціцца’ (беласт., Сл. ПЗБ).

Траві́ць3 ’паволі, патроху адпускаць ліну, снасць, аслабляючы нацяжэнне’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. трави́ть (снасть, канат) ’тс’.

Траві́ць4 пытраві́ць палоску ’апрацоўваць зямлю плугам трэці раз, пасля баранавання’ (бабр., ЛА, 2). Да траі́ць, трайні́ць, гл.

Траві́чы — пра карову: карова пасля першага цяляці (Федар. 7) і, магчыма, тра́ўніца ’цялушка мінулагодняга прыплоду’ (Касп.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад драві́чы — пра карову, што целіцца ў першы раз, драві́чае ма́сло ’масла з малака ад такой каровы’ (Тур.), драву́шка ’цялушка другога года’ (рас., Шатал.), ’першацёлка’ (мядз., смаляв., Сл. ЦРБ), драві́ца, дро́віца, дро́вачка, дро́віцка ’тс’ (в.-дзв., петрык., жытк., лельч., ЛА, 1; мазыр., З нар. сл.), дро́ўка ’тс’ (добр., стол., бых., лельч., ЛА, 1; мазыр., лельч., З нар. сл.), драві́цка, дрові́ца ’тс’ (ельск., хойн., Мат. Гом.), ст.-бел. древица ’карова’ (Бел. лекс.). Параўн. рус. смал., варонеж. дро́бка ’першацёлка’, варонеж. дро́мка ’тс’, смал. дроу́шка ’тс’. Няясна; сумніўная сувязь з трава, гл.

Травя́нка ’качка-шыраканоска, Anas clypeata L.’ (Маш.; брагін., Федз.–Доўб.; Мат. Гом.), ’чырок-свістунок, Anas crecca L.’ (лельч., Нікан.). Да травяны́ < трава́ (гл.). Названа паводле месца знаходжання (у чаротах, берагах, пакрытых травой). Параўн. укр. дыял. травʼя́нка ’чакан лугавы, Saxicola rubetra L.’ польск. trzciniak, каш. strzimk, славін. střïnka ’чарацянка’, lozówka, rokitniczka і інш.

Траге́дыя ’драматычны твор, падзеі якога заканчваюцца смерцю героя’, ’жудасная, страшная падзея; няшчасце’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), траге́дзія ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. трагедия, траедия ’трагедыя, няшчасце’ (1598 г.). Запазычана са ст.-польск. tragedyja, trajedyja (XVI ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 163), якое праз лац. tragoedia са ст.-грэч. τραγῴδία < τράγος ’казёл’ і ῴδή ’песня, спеў’ — літаральна песня казлоў: выконвалася пад час урачыстасцей, прысвечаных богу ўрадлівасці Дыянісу сатырамі (паўлюдзьмі-паўказламі; світа Дыяніса). Параўн. няўдалую кальку ў ц.-слав. мове XI ст. — козьлогласование (Фасмер, 4, 92; Голуб-Ліер, 485; Чарных, 2, 255–256; ЕСУМ, 5, 615).

Трады́нкі, трады́лкі ’рэхвы на калодцы кола’ (малар., кобр., брэсц., Нар. словатв.). Усе праз польскую мову, параўн. польск. дыял. tradynka, tradunki, tradyny, traduny ’жалезнае колца, якое злучае трайню з білам (ляжэйкай) падушкі пярэдняга ходу’; tradynek ’клямар, які злучае біла з падушкай’, што запазычаны з ням. die Tradiene < tradieren ’перадаваць’ (Сымоні-Сулкоўска, Transport, 80). Параўн. тарадынка, гл.