Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рукза́к ’заплечны рэчавы мяшок’ (ТСБМ). З ням. Rucksack (з альпійскіх дыялектаў), якое ад ням. Rücken ’спіна’ і Sack ’мяшок’ (Рэйзак, 550).

Руко́паш ’уручную’, руко́пашны ’ручной работы, самаробны’ (ТС). Гл. рукапашны.

Рукць, ру́каць драсён, Polygonum L.’ (Сл. ПЗБ), рука́ць ’трава цвінтарэй’ (Сцяшк. Сл.). З літ. rū́gtis ’тс’ (Сл. ПЗБ).

Руле́т ’кумпяк, з якога вынята костка і якому нададзена форма каўбасы’, ’ежа з сечанага мяса ці бульбы з якой-небудзь начынкай, запечаная ў выглядзе прадаўгаватага кавалка, звычайна акруглай формы’, ’пірог з цеста, згорнутага ў некалькі слаёў з салодкай начынкай’ (ТСБМ). Рус., укр. руле́т, балг. руле́т, ру́ло, рулад. З заходнееўрапейскіх моў, крыніца распаўсюджання — франц. roulette ’колца; ролік; рулетка’ < rouler ’каціць; катаць; скочваць’. Чаму ў пералічаных славянскіх мовах значэнне ’рулет’ атрымала франц. roulette ’кольца’, а не roulade ’рулет’ (> ням. Roulade ’рулет’) — невядома, магчыма, таму, што скрылёк рулета нагадвае кола (Чарных, 2, 127).

Руле́тка ’вузкая стужка (пераважна стальная) з дзяленнямі, якая накручваецца на валік’, ’прыстасаванне для азартнай гульні’ (ТСБМ). З франц. roulette ’колца’ < roul ’кола’ праз рус. руле́тка, у Расію слова трапіла ў XIX ст. (Фасмер, 3, 518).

Руле́я ’ліра (музычны інструмент)’ (ТС). Магчыма, з ліра (гл.) у выніку метатэзы плаўных пад уплывам літ. rylà ’шарманка’.

Рулі́1 ’страва, прыгатаваная з накрышанага хлеба ў малако ці падсоленую (з алеем) або падсалоджаную ваду’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. ПЗБ; парыц., Янк. Мат.; докш., Янук.); ру́лі ’малако з пакрышаным хлебам, булкай (дзяціная ежа)’ (мядз., Нар. словатв.; петрык., Яшк. Мясц.). Паводле Краўчука (пісьм. павед.), праз польск. lura ’дрэнны напой’ шляхам метатэзы плаўных з с.-в.-ням. lura, ням. Lauer, што з лац. lōra ’віно, разрэджанае вадой’ (Брукнер, 304; Махэк₂, 342). Гл. таксама Анікін, Опыт, 269 (адводзіцца параўнанне з смал. жу́ли ’талакно, разбоўтанае ў вадзе’).

Рулі́2 адз. л. руль ’бульба, якая зімуе на полі’, ’цвёрдыя кавалкі бульбы ў кашы’ (Сл. ПЗБ), ’бліны, аладкі, спечаныя з рулёў’ (докш., Янк. Мат.). Няясна, магчыма, да папярэдняга слова. Параўн. таксама рульба (гл.).

Руло́н ’скручаная ў трубку папера, тканіна, цэлафан і пад.’ (ТСБМ). З франц. rouleau ’звітак, трубка’ праз рус. рулон ’тс’.

Руль1 ’прыстасаванне для кіравання рухам’ (ТСБМ). Праз рус. руль ’тс’ з нідэрл. roêr [rur] ’руль’. У выніку міжскладовай дысіміляцыі плаўных р > л у рускай мове, як у рус. февраль ’люты’ < феврарь < лац. februārius ’тс’ (Чарных, 2, 127). Не выключаны таксама ўплыў польск. rudel ’стырно’ (з нова-в.-ням. Ruder, гл. Нававейскі, Zapożyczenia, 143, 261), дзе, асабліва ва ўскосных склонах, спалучэнне ‑dl‑ магло быць заменена беларускім лʼ.

Руль2 ’крывулька, кіёчак з сучком, на які вешаюць пасудзіну над агнём’ (ТС). Няясна. Магчыма, звязана з наступным словам.

Ру́льба, ру́льбіна ’тоўстая трэска’, сюды ж рульбава́ць ’шчапаць, рэзаць на кавалкі’ (Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка выводзяць з літ. liùrba ’тоўстая трэска’ (вынік метатэзы плаўных).