Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трэк ‘збудаванне для вела- і мотаспорту’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), першая фіксацыя ў 1902 г.: трэк … на лісапедах ганяюцца адзін за другім (К. Каганец). Запазычана з англ. track ‘тс’, ‘след, дарога’, відаць, праз рус. трек ‘збудаванне для веласпорту’.

Трэліць ‘гаварыць глупства, разводзіць плёткі’; ‘маніць, выдумляць’ (Арх. Федар., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘доўгі час гаварыць пра адно і тое ж’ (Зайка Кос.), ‘абы-што гаварыць’ (Сцяц., Скарбы; слонім., Жыв. сл.), трыэ́літі ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), сюды ж трэ́ля ‘пустамеля’ (Сцяц.), ‘балбатун’ (Сцяшк. Сл.), tryéla ‘тс’, tryéle‑mele ‘нясмелы, разлезлы, павольна гаворачы чалавек’ (Федар. 4). Параўн. польск. trelić ‘гаварыць абы-што’, якое адносяць да іт. trillo, trillare (Брукнер, 575), гл. трэль1; рус. аргат. тре́лить ‘патрабаваць што-небудзь, не маючы на тое падстаў’, ‘эксплуатаваць’ (Шчарбакова-Бруева), ід. treln ‘ліслівіць, дагаджаць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Слова няяснага паходжання, магчыма, ад тра-ля-ля, параўн. трэ́ляць ‘сноўдаць без пэўных заняткаў’ (ТС), гл. траляваць1. Пра магчымыя балцкія ўплывы гл. трэйліць, а таксама Рэмбішэўска, ABSl, 31, 228.

Трэль1 ‘пералівістае дрыжачае гучанне’ (ТСБМ), трэ́ля ‘тс’ (Некр. і Байк.). Праз рускую мову (трель) з франц. trille, tril ‘тс’, якое з італ. trillo ‘тс’, trillare ‘дрынкаць, бразджаць’ (Фасмер, 4, 97–98; ЕСУМ, 5, 628).

Трэль2 ‘спецыяльна пракладзеная дарога для тралёўкі драўніны’ (ТСБМ), ‘уезджаная дарога’ (рагач., Сл. ПЗБ), ‘высокае месца, куды звозяць спілаваны лес у час распрацовак’ (ТС, Зайка Кос.; дзісн., Бел. дыял. 3), ‘зімовая дарога праз балоты, рэкі і палі’, ‘коўзанка на лёдзе’ (Варл.). Праз польск. trel ‘лясная сцежка, прасека’ запазычана з англ. trail ‘след, шлейф, сцяжына, тор’, ‘цягнуцца, буксіраваць’, ‘таптаць траву’, якое праз франц. traille ‘канатны паром’ узыходзіць да лац. trāgula ‘невад’ < traho, trahere ‘цягнуць, валачыць’ (Фасмер, 4, 97; ЕСУМ, 5, 628). Сюды ж трэля́ць ‘траляваць’ (ТС), trel ‘сцежка, па якой ідуць, цягнуць плыт’ (“innowacja polsko-białoruska”, гл. Бяднарчук, Stosunki, 184). Параўн. таксама тралява́ць, трыль (гл.).

Трэ́льніца ‘жанчына, якая трэ лён’ (Жд. 1). Да це́рці (гл.). Параўн. траля, тра́льня < тра́лля (гл.).

Трэлья́ж ‘трохстворкавая люстра’ (ТСБМ). З рус. трельяж, якое з франц. treillage ‘крацістая загарадка’ < treille ‘альтанка з вінаграднай лазы’ < лац. trichila ‘альтанка’, у выніку скарачэння tricla ‘павільён’ — слова trīclīnium ‘трохмесны стол’ (SWO, 1980, 774; Голуб-Ліер, 488; Фасмер, 4, 98). Значэнне ‘трохстворкавае люстра’ развілося ў рускай мове, дзе ўзнікла ў выніку дзеяння народнай этымалогіі (ЕСУМ, 5, 628).

Трэ́мзлі (трэ́мзьлі) ‘махры з нітак’ (навагр., Нар. сл.), ‘рыззё’ (гродз., ЖНС). З польск. trędzla ‘аблямоўка з нітак’, у такой форме з XVII ст. Гл. фрэнзлі.

Трэ́міць ‘балбатаць, гаварыць пустое’ (івац., Сл. Брэс.). Няясна, магчыма, памылкова расчытанае трэліць, гл.

Трэ́мкацца ‘лахмаціцца, высыпацца (пра швы ў адзежыне)’ (Сцяшк. Сл.). Магчыма, звязана з трэпкі, гл.

Трэ́мля ‘ламачча, гушчар, зараснік’ (мазыр., ГЧ). Няясна.

Трэмяні́на, трамялі́на ‘брызгліна барадаўчатая, Euonymus verrucosa Scop.’ (Кіс.). Іншыя назвы: тржэмяліна, стрэмяліна (гл.). Хутчэй за ўсё, слова з’явілася ў выніку дээтымалагізацыі першапачатковай назвы і ўплыву іншых назваў, параўн. укр. термели́на, терменти́на ‘дуброўка, Potentilla tormentilla Schr.’ (ЕСУМ, 5, 554).