Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мардоўнік ’блёкат чорны, Hyoscyamus niger L.’ (гродз., Кіс.). Да мардава́ць < ст.-бел. мордъ ’смерць’: расліна мае атрутныя ўласцівасці.

Мар’ёнак, драг. марʼёнок ’рамонак пахучы, Matricaria matricarioides L. (Less.)’ (Нар. лекс.). У выніку кантамінацыі мар’янка ’маяран садовы’, ’братаўка’ і розныя іншыя расліны (параўн. укр. марʼя́нка паху́ча ’дзярачка пахучая, Asperula odorata’, рус. кур. марья́нка ’валяр’ян лекавы, Valeriana officinalis duсt.’) і рамонак, які ў выніку дысіміляцыі з ⁺міронак, параўн. мыру́н ’рамонак пахучы’.

Маржэ́ніны ’ягады ажыны’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, названы ягады паводле падабенства (кропачкі) з божай кароўкай, параўн. літ. maružė ’Coccinella septempunetata’.

Марза́кі (мн.) (грэбл.) ’губы’ (Нас.), ’твар, морда’ (КЭС, лаг.). Рус. прэйл. (ЛатвССР), ёнаўск. (ЛітССР) мурза́ки ’твар’ (грэбл.). Балтызм. Параўн. літ. mùrza ’рот’, ’твар’. Сюды ж марза́ць ’біць па твары, па зубах’ (Нас.), марзану́ць (груб.) ’штурхнуць, ударыць’ (смарг., Сцяшк. Сл.).

Марзёк!, варзёк! ’пра пэцканне’ (мсцісл., Нар. лекс.). Рус. смал. мурзы́к! < мурзы́кнуть ’запэцкаць’, дан. марзануть ’ударыць’. Балтызм. Параўн. літ. murzi ’тс’, якое з mur̃zinti ’пэцкаць’. Параўн. драг. пыцн́ьть! — ’пра аднаразовае пэцканне’.

*Марзя́нка, мырзя́нка ’лубок ці кошык з намарожаным на дно пластом лёду для коўзання з горкі’ (Бяльк.). Рус. свярд. морзянка ’тс’. Да маразя́нка < марозны < мароз (гл.).

Ма́рка ’значок аплаты паштовых і інш. збораў’, ’кляймо прадпрыемства на тавары’, ’гатунак, тып тавару, вырабу’ (ТСБМ, Яруш.). З рус. мовы, у якой з новав.-ням. Marke ’адзнака, знак’ < с.-в.-ням. marc ’тс’, спачатку ў сярэдневякоўі ’пагранічны знак, абазначэнне граніц’ < merken ’адзначаць’ (Фасмер, 2, 574). Ст.-бел. марковати ’тс’, аднак са ст.-польск. markować, якое таксама з с.-н.-ням. merken ’заўважаць, звяртаць увагу’ (Чартко, Пыт. мовазнаўства і метад., 122). Сюды ж маркаваць ’намячаць радкі для пасеву’ (зэльв., Сцяшк. Сл.).

*Маркаві́ннік, моркові́ннік ’жаўтацвет вясенні, Adonis vernalis L.’ (лельч., Бейл.). Відаць, назва перанесена з іншай расліны, таму што з раслінай морква нельга звязаць матывацыю наймення. Магчыма, да маркава́ць (> ⁺маркаваны ’значны, відочны’: жоўтая кветка здзіўляе нас сваім памерам і выгодна выдзяляецца сярод сваіх сучаснікаў).

Марка́ль, морка́ль ’баран-вытворнік’, (зневаж.) ’чалавек, які гаворыць непрыемным хрыпатым голасам’ (Янк. 1, Некр.; хойн., рэч., Мат. Гом.; мазыр., лун., Шатал.; Ян.). Складае бел. паўд.-слав. ізалексу: серб.-харв. мр̏каљ ’казёл’, ’баран’, балг. мъркалец ’баран’; лексемы ўтвораны ад дзеяслова серб.-харв. мр́кати (се), мр̏кати, омркати ’спарвацца (пра козы, авечкі, рыбы)’, ст.-слав. мръкати ’тс’, ’бляяць’. Паводле Скока (2, 467), тут у наяўнасці першабытнае гукаперайманне, якое пазней стала пастухоўскім тэрмінам для выражэння coitus авечак і коз. Казлова (БЛ, 21, 59) адносіць лексему да прасл. mъrkalь ’баран’. Гл. таксама маркач. Сюды ж, відавочна, і прозвішча Мархель.

Марката́, маркота́, моркота́ ’сум, туга, журба’, ’клопат, турбота, перажыванне’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), маркотна, моркотно ’сумна’ (маг., паўд.-усх., КЭС; калінк., З нар. сл., ТС), маркотны(й) ’сумны, тужлівы, сонны’ (ТСБМ, Грыг., Мал., Мядзв., Яруш., Бяльк., Растарг., Шат., Касп.; КЭС, лаг.), маркоціць ’тужыць, прыводзіць у сум, журбу’, маркоціцца ’сумаваць, журыцца’, ’чакаць, нічога не рабіўшы’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; КЭС, лаг.; лях.), ’хіліць на сон’ (Сл. ПЗБ), марката́ць, моркіта́ ты, моркота́ты ’буркаваць (пра птушак)’ (паўн.-усх., КЭС; Сержп. Грам.), ’тс’, ’мармытаць’ (Доўн.-Зап., пін.), маркату́н, марко́тны ’сумны, маўклівы чалавек’ (Нас.). Укр. моркота ’трывога, непакой’, ’дрэнны настрой’, миркотати ’мармытаць’, ’гаварыць незразумелае’, ’наракаць’, мо́ркнути ’бурчаць’, рус. моркота́ть ’тс’, мо́ркотно, морко́тно ’сумна, тужліва, надакучліва, турботна’, моркотать пск., цвяр. ’мармытаць’, ’наракаць’, смал. ’муркаць, пець курну’, польск. markotać ’бурчаць’, markotny ’маркотны’, markotnieć ’рабіцца тужлівым’, margocić się ’засмучацца’, чэш. ляш. mrkotny ’заспаны, заплаканы’, mrkotati ’сварыць’, славац. mrkotný ’раззлаваны, непрыемны, з дрэнным настроем’, славен. mřkniti ’бурчаць’, ’гудзець (аб насякомых)’. Прасл. mъrk(o)tati ’бурчаць’. Фасмер (2, 656) дапускае гукапераймальнае паходжанне. Махэк₂ (380) мяркуе, што паводле семантыкі чэшскіх лексем гэтыя словы перш-наперш азначалі благі душэўны стан, а потым адмоўны душэўны настрой. Ён адносіць іх да і.-е. асноў, збліжаючы генетычна з брэтон. morchet і карн. moreth ’хлопаты, мітрэнгі, злосць, бурчанне’, а таксама з хецк. markiya ’адкідаць, адвяргаць, не ўсхваляць’ (Кноблах, Kratylos, 4, 39). Кюнэ (76) мяркуе, што бел. маркотны запазычана з польск. мовы. Мартынаў (вусн. паведамл.), як і Махэк, лічыць гэту лексему кельтызмам.