Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гісто́рыя ’гісторыя’. Ст.-бел., гистория, гисторея, гисторыя (< польск. historia < лац. historia < грэч. ἱστορία); гл. Булыка, Запазыч., 83. Аднак сучаснае бел. слова можа быць запазычаным і з рус. мовы (аб рус. исто́рия, гисто́рия гл. Фасмер, 1, 408; Фасмер, 2, 143). Але бел. гістары́чны, укр. істори́чний < польск. historyczny.

Гісэ́рня ’ліцейны завод’ (Яшкін: з Я. Коласа, На ростанях). Гэта запазычанне з польск. gisernia ’тс’ (утварэнне суф. ‑nia) ад giser ’ліцейшчык’, якое запазычана з ням. Gießer ’тс’, ад gießen ’ліць’.

Гіта́ра ’гітара’. Рус. гита́ра, укр. гіта́ра. Запазычанне з польск. gitara (або ням. Gitarre). Першакрыніцай з’яўляецца грэч. κιθάρα (здаецца, усх. паходжання). Гл. Фасмер, 1, 408; Шанскі, 1, Г, 83. Бел. дыял. форма гіта́р (Бяльк.) — вынік дэфармацыі.

Гіц ’лісце і сцяблы рознай агародніны’. Гл. гіча́н.

Гі́цаль1 ’сабакар; машэннік’ (БРС, Касп., Нас.), таксама ў форме гі́ццаль ’сабакар’ (Сцяц.), ’гарэза, свавольнік’ (Сцяц., Шат.), ’агідны, здрадлівы чалавек’ (Сцяшк.) і г. д. У ст.-бел. мове гицель ’памочнік ката’ (гл. Булыка, Запазыч.). Параўн. таксама рус. дыял. ги́цель ’жывадзёр’, укр. ги́цель. Запазычанне з польск. hycel ’тс’ (а гэта з ням. дыял. hitzel; гл. Брукнер, 174; Фасмер, 1, 408; Булыка, Запазыч., 83).

Гі́цаль2 ’пятля, прышытая да адзення, каб яго вешаць’ (Сцяц. Нар., Сцяц., Шат., Сл. паўн.-зах., Касп., БРС). Па паходжанню аднолькавае з гі́цаль, (гл.), але значэнне ’пятля, вешалка’ (паводле Сцяц. Нар., 115) развілося менавіта ў бел. мове (гл. там і тлумачэнне семантычнага развіцця). Няпэўным з’яўляецца меркаванне (Сцяц., там жа), што ў бел. мове запазычанне прама з ням., дзе быццам Hitzel чытаецца гіццаль (?; няясна; у ням. слоўніках вымаўлення z, tz аднолькава абазначаюцца як ts).

Гіча́н ’лісце і сцяблы рознай агародніны’ (БРС), таксама гіч, гі́чка, гічанё, гіча́ннік, гічы́ўнік, гіча́нне, гічэ́ўе (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 41). Лічыцца запазычаннем з літ. gỹčas ’сцяблы табакі’ (Смулкова, там жа). Вельмі няпэўна. Ва ўкр. мове, акрамя форм тыпу гич, гича́, гича́ль (таксама гита́ль), гича́лля, ги́чка (гл. Грынч.), ёсць і ги́ка (лем.), гик (бойк.), што робіць версію аб літ. паходжанні гэтых слоў неверагоднай. Паводле Рудніцкага (614), паходжанне гэтых лексем няяснае. Параўн. і гіча́н ’качан салёнай капусты’ (Сцяшк.).

Гі́чка ’ніжняя шырокая частка збанка’ (Шатал.). Па сваіх семантычных сувязях гэта лексема вельмі нагадвае слова гі́рка ’тс’ (гл.). Гі́чка, як і ўкр. ги́чка, звязана з гіч ’сцяблы, лісце і да т. п.’ (гл.). Ва ўкр. мове ги́чка азначае ’качан кукурузы без зерня; верхняя частка завязанага мяшка вышэй перавязі; валасы’ (гэта апошняе значэнне ўжываецца ў іранічным сэнсе). Для нас важнае тое, што як у слова гі́рка (гл.), так і ў слова гі́чка (укр. ги́чка) у семантычным полі сустракаецца значэнне ’валасы, стрыжка’, якое можа суадносіцца (метафарызацыя!) з ’часткай збанка’. Для слова гічка мы, праўда, чакалі б хутчэй значэння ’верхняя частка збанка’. Але параўн. яшчэ бел. дыял. гі́чка ’істужка, тасьма; верх завязанага напоўненага мяшка (вышэй завязкі)’ (Сл. паўн.-зах.).

Гіяцы́нт ’назва кветкі гіяцынт’. Ст.-бел. гияцынтъ, гиацинтъ ’тс’; запазычанне праз польск. hiacynt з лац. hyacinthus (а гэта з грэч.). Гл. Булыка, Запазыч., 83. Але для сучаснага бел. гіяцы́нт можна лічыць крыніцай і рус. гиаци́нт (аб якім меркаванні ў Фасмера, 1, 404; падрабязна Шанскі, 1, Г, 65).

Гла́баць ’забіраць, грабіць’ (Нас.), глабаць ’мацаць’ (Сцяц. Словаўтв.). Форма з чаргаваннем вакалізму да слав. *globiti (з рознымі значэннямі; параўн. балг. сглобя́ ’збіраць, змацоўваць’, серб.-харв. згло̀бити ’тс’, польск. głobić, чэш. hlobiti і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 413; Слаўскі, 1, 291. Форма *glabati вядома ў некаторых слав. мовах. Параўн. і польск. głabać, głabnąć (у Брукнера, 143: пад głobić) ’схапіць, заграбаць’. Можна ставіць пытанне, ці не запазычана гла́баць у бел. мове проста з польск. głabać ’тс’. Аб гэтым можа сведчыць выбухное ґ у ґлабаць ’мацаць’, засведчанае ў Сцяц. Словаўтв. Да славянскіх магчымых сувязей параўн. Трубачоў, Эт. сл., 6, 131–134 (пад *globa, *globati, *globiti).

Глабі́на ’аглобля’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. ґлабня́, гла́бка, агло́бля (аглабня, аглабіна). Гл. *globa, *globati, *globiti ў Трубачова, Эт. сл., 6, 131–134.

Глабіна́ глыбокае месца на рацэ; таўшчыня торфу на балоце’ (слаўг., Яшкін). У гэтым жа значэнні ўжываецца таксама глубыня́, глубачы́нь (слаўг., Яшкін, там жа, 49). Слова глабіна́ цікавіць нас тым, што ў ім адлюстроўваецца іншая фанетычная форма слова глуб‑окі, а іменна *glъb‑, якое дае глоб‑ (з вакалізацыяй ъ > о), а не глыб‑ (як гэта звычайна ў бел. і ўкр. мовах), г. зн. глабіна < *глъбіна (праз *глобіна). Параўн. таксама глабо́ка ’глыбока’ (Сл. паўн.-зах.) < *glъb‑.