Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ма́ннік ’расліна Glyceria R. Br.’ і знешне падобная да яе ’аўсяніца авечая, Festuca ovina L.’ (маг., Кіс.; ТСБМ, Кіс.). Да ма́нна2 (гл.).

Манпансье́ ’сорт фруктовых ледзянцоў’ (ТСБМ). З рус. монпансье́ ’тс’, якое з франц. назвы графства Montpensier (Фасмер, 2, 651; Крукоўскі, Уплыў, 79).

Манса́рда ’жылое памяшканне пад дахам’ (ТСБМ). З польск. mansarda, якое з франц. Mansard F. — прозвішча архітэктара (1598–1666). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 79), — з рус. мовы.

Манстра́нцыя, ст.-бел. монстранцыя ’дараносіца’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. monstrancyja, якое з с.-лац. monstrantia (Булыка, Лекс. запазыч., 179) < лац. monstrare ’паказваць’.

Манта́ж ’зборка і ўстаноўка машын, збудаванняў з гатовых частак’, ’падбор і аб’яднанне асобных частак мастацкага твора ў адно цэлае’ (ТСБМ). З польск. або рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 83), у якіх з франц. montage ’пад’ём, зборка, устаноўка’ (Лёхін, 462) < monter ’выцягваць у вышыню, устанаўліваць’ < лац. montare < mons, Р. скл. montis ’гара’.

Ма́нталь ’лёгкая вопратка’ (Сцяшк. Сл.), драг. ма́тыль ’плашч’ (КЭС), ст.-бел. мантель, метель ’плашч’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. mantel ’тс’, якое з с.-в.-ням. mantel (Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Лекс. запазыч., 107) < Дац. mantellum ’покрыва, посцілка, абрус’.

Манта́ч ’хлус, марнатравец’, манта́чыць ’марнатравіць’, ’падманваць’ (ТСБМ, Нас., КЭС, лаг.), манты́чыць ’транжырыць’ (Нар. Гом.). З польск. mantacz ’спрытнюга, махляр, круцель, хлус’, якое з matacz ’тс’. Устаўное ‑н‑ з’явілася пад уплывам пачатковага насавога м‑ або пры ад’ідэацыі франц. menteur ’хлус’ (Варш. сл., 2, 876).

Манта́чка ’мянташка’ (нараўл., браг., Мат. Гом.), манта́шка ’тс’ (Растарг., Ян.). Укр., рус. бран., кур. манта́чка ’тс’. Да мянта́шка (гл.). Сюды ж манта́чыць ’мянціць’, ’вастрыць касу’ (нараўл., Мат. Гом., Бяльк.).

Манта́чыць ’выпрошваць’ (Касп.), укр. валын. манта́чите ’тс’. Пад уплывам манта́чыць < мантач (гл.) з польск. matyczeć, якое з mantyka ’торба’ > ’прасіць, жабраваць’.

Манта́шыць ’рваць тузаючы’ (Сцяцк.), мантошыць ’ганяць, біць, знішчаць’ (ТС). Да мяць (гл.) — прасл. męti, якое ў польск. мове атрымала дадатковыя суфіксы ‑t‑os‑, параўн. miętosić, miętusić ’мяць, ціснуць’, з якіх былі запазычаны бел. лексемы.