Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трайцве́т ’фіялка трохколерная, браткі’ (Шмярко), тройцве́ткі (трои‑цвѣтки) ’сінюха, Polemonium coeruleum L.’ (Меер Крыч.). Параўн. трава́ трыцве́тная ’фіялка, браткі’ (Кіс.), гл. тры, цвет.

Трайця́к1 ’траціна, трэцяя частка зямлі аднаго гаспадара’ (Сцяц., Сцяшк.; люб., Сл. ПЗБ), трайціна́ ’мера зямлі, роўная 7 га (1/3 участка)’ (Сцяц.). Да траця́к, траціна (гл.). Праблематычным з’яўляецца ‑й‑, як і у трэ́йці ’трэці’, гл.

Трайця́к2 ’жывёла трохгадовага ўзросту’ (Сцяц., Янк. 1), трэйця́ка ’тс’ (петрык., Шатал.). Да траця́к (гл.). Устаўное магчыма пад уплывам балтыйскіх форм, параўн. літ. treigỹs ’тс’.

Трайча́к ’звязаныя разам тры саламяныя снапкі для пакрыцця страхі на стыку падоўжанай і папярочнай яе частак’ (маст., Шатал.; Сцяшк. Сл.), трайчакі́ ’вілы з трыма зубамі’ (Сцяшк. Сл.), тройчакы́ ’драўляныя вілы з трыма рогамі для сена’ (драг., кам., Выг., Клім.), укр. харк. тройчаки́ ’тс’. Утворана пры дапамозе суф. *‑jakъ ад *trojьka, параўн. польск. дыял. trui̯ka ’вілы з трыма зубамі’, ці ад прыметніка траякі, гл.

Трайча́сты ’які складаецца з трох аднародных частак ці прадметаў’ (ТСБМ). Прыметнік утвораны ў выніку кантамінацыі польск. troisty і рус. тройчатый. Параўн. укр. троїстий, тройча́стий, тройча́тий, тройчи́стий ’тс’.

Трайча́ткі ’Стажары’ (шчуч., Сл. ПЗБ), аднак, зыходзячы з ілюстрацыі да слова (тры зоркі радком ідуць, адна каля аднае), гэта Арыён (а не Плеяды). Відаць, можна гаварыць аб уплыве польскай мовы, параўн. дыял. trojaki, trójki, trzy jutrzenki, trzy gwiazdy w kupie — назвы, звязаныя з лічбай тры (Купішэўскі, Słownictwo, 92–93), гл. трайчак.

Траката́ць (троко́чэ) ’стракатаць (пра сароку)’ (ельск., ЛА, 1). Да страката́ць (гл.), якое заснавана на гукаперайманні.

Траке́ня ’багна, гразкае месца’ (Сцяц.; зэльв., Сл. ПЗБ), ’топкае балота, дзе калышацца верхняе покрыва’ (зэльв., ЛА, 2), траке́ня/траке́нь ’топкае месца на балоце’ (шчуч., зэльв., слоты., ЛА, 5). З літ. trãkas, traká ’багністае месца’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 113), мікратапонімы Trakinė ’назва сенажаці’, Trakỹnė ’назва балота’, тапонім Trakìniai ’назва вёскі’ (Грынавяцкене, Весці АН БССР, 1, 1971, 91; Непакупны, Связи, 183; Лаўчутэ, Балтизмы, 50).

Тракт, трахт ’шырокая праезджая дарога’ (ТСБМ; стаўб., Прышч. дыс.), ’вялікая паштовая дарога, гасцінец, шлях’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Мядзв.; слаўг., Яшк.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. трактъ ’шлях, дарога’, ’бяседа’ (1570 г.), ’адміністрацыйная адзінка ў ВКЛ’ (Ст.-бел. лексікон), запазычана са ст.-польск. trakt, якое з лац. tractus ’цяга, цячэнне, валачэнне’, ’бесперапынны, плаўны’, ’паласа, след’, ’шэраг’, ’мясцовасць, край’ < trahere ’цягнуць (за сабой), валачы’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 113), відаць, праз нямецкую мову, параўн. ням. Trakt ’тракт’. Сюды ж: тракто́вы ’дарога, абсаджаная абапал дрэвамі’ (Нас.); тракт (страўнікава-кішкавы) < лац. tractus ’уцягванне, убіранне ў сябе’, ’праглынанне, глытанне’.

Трактава́ць1 ’разглядаць, абгаворваць’, ’даваць тлумачэнне’, ’разумець, тлумачыць’ (ТСБМ), ’меркаваць, разважаць, ацэньваць’ (Цых.), ст.-бел. трактовати ’весці перагаворы’, ’тлумачыць, разважаць’ (1595 г.). Са ст.-польск. traktować ’трактаваць’, ’адносіцца да каго-небудзь, абыходзіцца з ім’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’весці перагаворы, абмяркоўваць, дамаўляцца’, ’трактаваць’, ’ведаць і ўмець’.

Трактаваць2 ’частаваць’, ’абдорваць’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Гарэц., Шат., Байк. і Некр., Нар. Гом., Янк. БП), трахтава́ць ’тс’ (Бяльк., Федар. 5, Сцяшк. Сл.), ст.-бел. трактова́ти ’частаваць’ запазычана са ст.-польск. traktować ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’аказваць гасціннасць, частаваць’. Параўн. таксама ст.-бел. трактамент ’пачастунак’ (1711 г.), якое са ст.-польск. traktament ’пачастунак’, ’прыём’ < лац. tractamentum ’тс’ (Брукнер, 574; Голуб-Ліер, 486; Голуб-Копечны, 106, 388; ЕСУМ, 5, 617).

Тра́ктар (тра́хтар, тра́хтор) ’самаходная сельскагаспадарчая машына для цягі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Растарг.). Запазычана з рускай мовы (упершыню фіксуецца ў прэсе ў 1922 г. (гл. Баханькоў, БЛ, 12, 32), у якую слова прыйшло ў 20‑я гг. XX ст. з англійскай, дзе tractor азначае ’цягач’ < лац. tractāre < trahĕre ’цягнуць, валачы’ (Чарных, 2, 256–257; Голуб-Копечны, 106, 388; ЕСУМ, 5, 617), Сюды ж трактары́ст, трахтары́ст (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), трактары́ста ’трактарыст’ (смарг., Сл. ПЗБ) — з польск. traktorzysta ’тс’; трактары́сты ’тс’ (Сцяшк., Жд. 1, Янк. 2, Сл. ПЗБ) — арыгінальнае ўтварэнне беларускай мовы, звязанае з пераасэнсаваннем фіналі ‑іст (‑ыст), ‑іста (‑ыста) пад уплывам прыметнікаў на ‑сты, гл. галасісты, ганарысты і назоўнікаў тыпу араты, памагаты, Пра пашырэнне і паходжанне падобных форм гл. Абрэмбска–Яблонска, Зб. Крапіве, 21–26; Мартынаў, Лекс. балтызмы, 25; Запрудскі, Stud. Russica, 22, 161–166; Хромчанка, Паўн.-маст. гав., 51–56.