Тра́ктар (тра́хтар, тра́хтор) ’самаходная сельскагаспадарчая машына для цягі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Растарг.). Запазычана з рускай мовы (упершыню фіксуецца ў прэсе ў 1922 г. (гл. Баханькоў, БЛ, 12, 32), у якую слова прыйшло ў 20‑я гг. XX ст. з англійскай, дзе tractor азначае ’цягач’ < лац. tractāre < trahĕre ’цягнуць, валачы’ (Чарных, 2, 256–257; Голуб-Копечны, 106, 388; ЕСУМ, 5, 617), Сюды ж трактары́ст, трахтары́ст (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), трактары́ста ’трактарыст’ (смарг., Сл. ПЗБ) — з польск. traktorzysta ’тс’; трактары́сты ’тс’ (Сцяшк., Жд. 1, Янк. 2, Сл. ПЗБ) — арыгінальнае ўтварэнне беларускай мовы, звязанае з пераасэнсаваннем фіналі ‑іст (‑ыст), ‑іста (‑ыста) пад уплывам прыметнікаў на ‑сты, гл. галасісты, ганарысты і назоўнікаў тыпу араты, памагаты, Пра пашырэнне і паходжанне падобных форм гл. Абрэмбска–Яблонска, Зб. Крапіве, 21–26; Мартынаў, Лекс. балтызмы, 25; Запрудскі, Stud. Russica, 22, 161–166; Хромчанка, Паўн.-маст. гав., 51–56.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)