Баўто́нка ’баўтушка, пойла’ (Касп.), ’корм для коней’ (Інстр. III). Параўн. бо́ўтанка ’корм для цялят’ (Інстр. III). Форма баўто́нка — яўна гібрыдная. Калі ад боўтаць рэгулярна ўтвараецца боўтанка, то ад баўта́ць павінна быць баўта́нка. Баўто́нка, мабыць, узнікла метатэзай з боўтанка пад уплывам баўтаць або ж гэта гіперкарэктная форма (‑о‑ замест этымалагічнага ‑а‑) пры перанясенні націску (бо́ўтанка → (баўта́нка) → баўто́нка). Усё да баўтаць, боўтаць (гл.). Таксама гібрыдным здаецца і рус. дыял. (пск.) болтонка ’тс’.
Баўтру́к ’абжора, дармаед’ (Касп.), Баўтрамей (уласн. імя) (Нас.), ’непаваротлівы хлопчык, які толькі капрызіць’ (Нас.), баўтрю́к ’нехлямяжы, таўстапузы чалавек’ (Нас.), баўтру́с ’непаваротлівы, свавольны хлопчык’ (Нас.). Рус. дыял. бавтрю́к ’бялізны чалавек; гультай, дармаед’ (смал.). Параўн. і ўкр. прозвішча Бовтру́к. Ад уласнага імя Баўтрамей (так Нас.), скарочаныя формы якога давалі розныя пейаратыўныя назвы (параўн. Брукнер, 15).
Бахаты́ ямы, дзе дабываюць гліну’ (Яшкін), баханы́ ямы’ (Яшкін). Прынамсі бахаты́, здаецца, таго ж паходжання, што і бо́хат (bochъt‑), гл. Магчыма, таксама гукапераймальным па паходжанню з’яўляецца і слова баханы́, але з іншым дзеяслоўным суфіксам (boch‑on‑).
Ба́хаць 1, бах! ’бахаць, падаць і г. д.’, рус. ба́хать, ба́хнуть, бах, укр. бах, ба́хати, ба́хкати, польск. bachnąć, славац. bach, báchať і г. д. Гукапераймальнага паходжання, параўн. баба́х, бух. Гл. Шанскі, 1, Б, 59.
Ба́хаць 2 (дзіцячая лексіка) ’спаць’ (Бяльк., Янк. III), бах ’тс’ (Янк. III: Хадзі́, до́чачка, у люлю бах; хадзі́, до́нька, ба́хаць, ляж бах). Звязана з ба́хаць 1 (гл.). Першапачатковае значэнне: ’падаць (бахаць) у ложак, калыску’.
Бахвал ’хвалько’ (Інстр. II). Слаба пашыранае ў бел. мове, таму можна лічыць запазычаннем з рус. бахва́л ’тс’ (параўн. і бахва́литься ’хваліцца’), якое можа быць кантамінацыяй ба́ять і хвали́ть (версія Ільінскага, якую падтрымлівае Фасмер, 1, 136); іначай аб рус. слове Шанскі, 1, Б, 59.
Бахі́лы ’абутак, галёшы, зробленыя з шын, абутак з гумы’ (Янк. Мат., Інстр. I, Сцяшк. МГ), ба́хілкі ’скураныя лапці’ (Гарэц.), бахлы́ ’вялікія галёшы’ (віц., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.), ба́хілы, ба́хілкі (Нас.). Параўн. яшчэ форму басі́лы (паралельна з бахі́лы) ’бахілы’ (Жд.); палес. бахы́лы ’вялікія гумавыя галёшы для валёнак’ (Лысенка, ССП). Гл. яшчэ Сакал. (бахі́лы, баху́лі). Рус. (з XVII ст.) бахилы ’від абутку’ (шмат форм, гл. Даль; Вахрас, Наим. об., 63–66), укр. бахи́ли ’скураныя штаны’, бахли ’глыбокія самаробныягалёшы на валёнкі’. Не вельмі яснае слова. Агляд старых этымалогій Фасмер, 1, 136; Вахрас, Наим. об., 63–66. Вахрас, там жа, прапануе звязваць з цюрк. baɣ‑ ’звязваць’, baɣly ’звязаны’ (гэту этымалогію падтрымлівае Мюлер, ZfSl, 9 (1), 1964, 157; сумняваюцца Лапацін–Улуханаў, ИАН ОЛЯ XX (2), 172; Шанскі, 1, Б, 60). Шанскі (там жа, 59–60) прымае тлумачэнне Праабражэнскага (вытворнае ад ба́хать, бу́хать), а бел. словы лічыць запазычаннем з рус. мовы. Гл. басі́лы.