Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Істры́ць ’вастрыць’ (Нас., Юрч. Сін., Сл. паўн.-зах.); параўн. рус. смал. истри́ть ’вастрыць’, и́стра ’працэс вастрэння нажоў, тапароў’ (Дабр.). Гл. вастрыць, востры.

Істу́жка, стужка ’палоска каляровай тканіны, якая скарытоўваецца для ўпрыгожання, аблямоўкі і іншых мэт’, ’доўгая вузкая палоска з якога-н. матэрыялу, якая служыць для тэхнічных і іншых патрэб’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Мядзв., Жд. 2, Інстр. I). Рус. смал. сту́жка, исту́жка ’істужка’, укр. стьо́жка ’тс’, польск. wstęga, wstążka ’істужка, палоска’, в.-луж. уст. stuha ’істужка, шнурок, завязка’, н.-луж. stuga ’шнурок, рэмень’, ст.-чэш. vztúha, чэш. stuka, stužka ’істужка’, славац. stuha, stužka, stuhľa ’істужка, палоска, пояс’, славен. stȏgla ’шнурок, раменьчык’. Ст.-рус. сътуга ’звязка, скрэпа’. Прасл. *sъtǫga, корань *‑tǫg‑/*‑tęg‑, гл. тугі, цягнуць, цяга (Фасмер, 3, 786; Брукнер, 635). Махэк₂ (590) прапаноўвае праформу *vъstęga, дзе vъs‑ паказвае напрамак дагары. Бел. суфіксацыя ‑к‑a; і‑ пратэтычнае.

Ісца́ ’стрыгучы лішай’ (Бяльк.), ’падскурны сверб падэшвы ці далоні’ (Нас., Касп.). Фанетычны варыянт асца (гл.).

Ісце́ц ’асоба, якая прад’яўляе іск’ (ТСБМ). Рус. истец ’тс’, польск. iściec ’уладальнік’, ’крэдытор’, ’даўжнік’, ’паручыцель’, ’сведка’, ст.-чэш. jistec ’уладальнік, крэдытор’, ’даўжнік’, ’абвінаваўца, ісцец’, серб.-харв. ѝстац ’законнае дзіця’, ’раўня’, балг. ище́ц ’ісцец’. Ст.-рус. истецъ ’ісцец’, ’адказчык’, ст.-бел. истец ’тс’. Прасл. вытворнае з суф. ‑ьcь ад *jьstъ (гл. існы). Трубачоў, Эт. сл., 8, 247; Фасмер, 2, 142; Слаўскі, 1, 471.

Ісці́ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Нас., Сл. паўн.-зах.), іці́ (Нас., Бяльк., Шат., Сл. паўн.-зах.), іці́ць (Нас., Бяльк., Юрч., Мат. Маг.). Рус. идти́, дыял. пск. исти́, укр. іти́, польск. iść, в.-луж. hić, н.-луж. hyś, палаб. ait, чэш. jíti, славац. isť, славен. íti, серб.-харв. ѝћи, балг. и́да, макед. иде. Ст.-слав. ити, ст.-рус. итти, ити, итить, ст.-бел. ити. Прасл. *jьti, *jьdǫ — рэфлекс і.-е. *ei̯‑ ’ісці’; параўн. літ. eĩti, лат. iêt, ст.-прус. ēit, ст.-інд. éti, авест. aēiti, ст.-перс. aitiy, грэч. εἶμι, лац. īre, гоц. iddja ’ішоў’, тахар. i‑. Гл. Покарны, I, 293–294; Трубачоў, Эт. сл., 8, 247–248 (з літ-рай); Фасмер, 2, 117–118; Слаўскі, 1, 472–473; Махэк₂, 229 (суфіксальнае ‑d‑ звязвае з і.-е. *i‑dhi, загадны лад); Скок, 1, 707–708; Безлай, 1, 213–214. Збліжэнне з выклічнікам ei! (Крэчмер, Glotta, 13, 137) няпэўнае. Бел. ісці < *id‑ti.

Ісці́зна ’справядлівая справа, справядлівы іск, сапраўдная прыналежнасць’ (Нас.). Ст.-бел. истизна ’наяўныя грошы, наогул наяўнасць чаго-н.’ (Гарб.), ’уласнасць’ (1547 г., Булыка, Лекс. запазыч., 78) запазычана са ст.-польск. iścizna ’капітал, наяўнасць, уласнасць; істотная праўда, рэчаіснасць’. З польскага таксама ўкр. исти́зна ’сапраўдная сума’ (Жэлях.). Слаўскі (1, 472) лічыць паўн.-слав. утварэннем з суф. ‑izna ад *jьstъ (гл. існы).

І́сціна ’праўда’ (ТСБМ, Бяльк.), ’пазыка без працэнтных нарашчэнняў або сума чыстага падатку без пені’ (Бяльк.), ’ісцінны, сапраўдны доўг’ (Шат.), истина ’чысты капітал’ (Шн., 2, 403), и́сцинна ’праўда’, ’сапраўдная колькасць чаго-н. узятага ці пазычанага’ (Нас.). Рус. и́стина ’праўда’, дыял. и́стинник ’наяўныя грошы, капітал’, ’першапачатковая сума крэдыту без працэнтаў’, укр. їстина ’капітал, асноўны капітал’, ’ісціна’ (Грынч.), польск. iścina ’сапраўднасць, сутнасць’, ’уласнасць’, ’наяўнасць’, чэш. jistina ’наяўнасць, капітал’, славац. istina ’тс’, славен. îstina ’праўда’, ’асноўны капітал’, серб.-харв. и̏стина ’праўда’, балг. и́стина ’тс’, макед. истина ’тс’. Ст.-слав. истина ’праўда, сапраўднасць’, ’дакладнасць’, ст.-рус. истина, истинна ’праўда’, ’сапраўднасць’, ’справядлівасць’, ’сапраўдная колькасць тавараў, грошай (без прыбытку)’, ст.-бел. истина ’праўда’. Прасл. вытворнае з суф. ‑ina (Мейе, Études, 450–452) ад *jьstъ (гл. існы). Трубачоў, Эт. сл., 8, 242; Фасмер, 2, 142; Слаўскі, 1, 472 (семантычны пераход ’правільнасць, праўда’ → ’рэч правільная, сапраўдная, істотная, галоўная, якая забяспечвае’; параўн. лац. capitalis ’галоўны’ — капітал); Шанскі, 2, I, 131 (запазычанне са ст.-слав.). Няма падстаў лічыць бел. слова запазычаным з рускай (як Крукоўскі, Уплыў, 34).

І́сціць ’выконваць’, ’аддаваць узятую ці пазычаную колькасць’, ’задавальняць’, ’рабіць па чыстаму сумленню’ (Нас.), і́сціцца ’здзяйсняцца’ (Нас., Яруш.), ’выплачваць свой доўг’ (Нас.), ст.-бел. истити ’забяспечваць, выплачваць’ (1492 г.) запазычана са ст.-польск. iścić (Булыка, Лекс. запазыч., 78). Адносна семантыкі і словаўтварэння польскага слова гл. Слаўскі, 1, 471.