Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

І́джа ’вось жа’ (Бяльк.), зах.-бранск. и́джа ’тс’. З і‑ад‑жа? Гл. аджа.

Ідзе́ ’дзе’ (Нас., Бяльк.; Оч. В. Бел. 1892, 2, 201). Магчымы два тлумачэнні. Бел. лексема можа узыходзіць да прасл. *jьde з займ. *jь і энкліт. часц. ‑de, адкуль рус. дыял. иде́ ’дзе’, ’куды’, ’як’, чэш. уст. jdeže ’дзе’, ст.-слав. иде ’дзе, калі’, ст.-рус. идѣ ’дзе, калі’ (XI ст.). І.‑е. адпаведнасці: ст.-інд. ihá < *idhe, авест. iδa‑, грэч. ἰθα‑, лац. ibi‑ ва ўказальнай функцыі. Гл. Бернекер, 1, 418; Фасмер, 2, 117; Трубачоў, Эт. сл., 8, 206. Іншая мажлівасць: і‑ мае пратэтычны характар, што падмацоўвае ст.-бел. игдѣ (Гіст. лекс., 54, прыстаўны галосны); параўн. таксама ўкр. ігде. Гл. дзе.

*Ідзяннё, ідзяньнё ’страва, ежа’ (Гарэц.), едзе́нне (Вешт., 376), ядзе́нне (Шат.), рус. смал. идинье́, укр. іде́ння, іда́ння (Грынч.). Утварэнне з суф. ‑енне (‑яннё) ад асновы цяп. ч. мн. л. яд‑ дзеяслова есці (гл.). Адсюль розныя фанетычныя варыянты ў бел. гаворках. Гл. Сцяцко, Афікс. наз., 56.

І́дло ’ежа’ (брэсц., Жыв. сл., 245), ’апетыт’ (брэсц., Нар. лексіка, 77), укр. дыял. їдло́ ’ежа’, чэш. jídlo ’страва, ежа’. У брэсц. гаворках ‑і‑ на месцы старога ‑ě‑; ‑dl‑, відаць, пад польск. уплывам; параўн. польск. jadło < *ědlo, адкуль ‑dl‑ таксама ва ўкр. ї́дло (як Слаўскі, 1, 485).

Ідні́шча (Бяльк.). I‑ пратэтычнае. Гл. днішча.

Ідыёма. Запазычана ў XX ст., відаць, праз польск. мову (не перадаецца дзеканне) з грэч. ἰδίομα ’своеасаблівы выраз’. SWO, 296. Форма з ‑а на канцы слова пад рус. уплывам.

Ідыёт. Праз польск. idiota (параўн. ідзіво́т (Бяльк.) з рус.). З лац. idiōta ’недасведчаны, невук, прасталюдзін, прасцяк’ < грэч. ἰδιώτης ’прыватная асоба, міранін, прасцяк’ ад ἴδιος ’прыватны, уласны, асаблівы’. Слаўскі, 1, 443; Шанскі, 2, I, 14. Пад рус. уплывам усякаецца ‑а на канцы слова.

Іды́лія. Запазычанне з грэч. εἰδύλλιον ’карцінка’ (ад εἶδος ’вобраз’) праз польск. idylla. Для рус., дзе ў пачатку XVIII ст. идиллия і идилля, таксама магчыма польск. пасрэдніцтва (Віржакова. Очерки, 362; Шанскі, 2, I, 13). Форма на ‑ія пад рус. уплывам.

Ідэа́л. Запазычанне пачатку XX ст. Фанетычная форма (адсутнасць дзекання) сведчыць хутчэй аб польск. (Гіст. лекс., 261; Гіст. мовы, 2, 144), чым аб рус. пасрэдніцтве (як Крукоўскі, Уплыў, 77; Гіст. лекс., 272), але націск. Польск. ideał з лац. idealis ’ідэальны’ (SWO, 295). За польск. пасрэдніцтва дзеяслова ідэалізава́ць суф. ‑аваць.

Ідэ́я. З польск. мовы ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 261; Гіст. мовы, 2, 144). Крукоўскі (Уплыў, 77), Бурак (Суч. бел. мова, 1975, 25) мяркуюць аб рус. пасрэдніцтве, але супраць адсутнасць дзекання; параўн. ідзе́я (Яруш.) пад рус. уплывам. Польск. idea < лац. idea < грэч. ἰδέα ’выгляд, вобраз’ (SWO, 294). Для рус., дзе з апошняга дзесяцігоддзя XVII ст. (Біржакова, Очерки, 154), таксама зазначаюць польск. пасрэдніцтва. Шанскі, 2, I, 12; Фасмер, 2, 117 (ці зах.-еўрап.).