Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бэ́сціць ’лаяць, ганьбіць, зневажаць; мазаць адзежу’ (Шат., КЭС, лаг., БРС, Бір. Дзярж.), бэ́сціцца ’прыпадабняцца жывёле’ (Гарэц.). Параўн. ст.-укр. бествитися (з XVI ст.). Запазычанне з польск. bestwić ’тс’ (аб польскім слове гл. Брукнер, 22: да bestja < лац. bestia ’звер’). Параўн. бэ́штать. Форма бэ́сціцца адлюстроўвае польск. bestwić się. Непасрэдна з польск. bestja запазычана бел. бэ́стыя (Нас.).

Бэ́та ’нячыстая, ганебная справа, звязаная з махлярствам, круцельніцтвам’ (КЭС, лаг.). Можа, таго ж паходжання, што і ўкр. бета ’ўмельства’ (а гэта, відаць, скарачэнне з кебе́та ’ўмельства, здольнасць’ < тур.-араб., гл. Крымскі, Др.-киев. говор, 12). Іншая этымалогія: сувязь з карцёжным тэрмінам польск. bet, labet (< франц. bête, la bête), укр. лабе́ти (пійматися в лабети), рус. попасть в лабе́т ’трапіць у няёмкае становішча’. Гл. падрабязна Балецкі, SSlav., 9, 358.

Бэ́тка ’грыб’ (Сцяшк. МГ). Укр. дыял. бе́тка ’тс’. З польск. betka (bedłka, bedła, мн. bdły; да польскіх форм гл. Бартніцка-Дамбкоўска, Nazwy grzyb., 26–27) ’тс’ (зах.-слав. *bъdъla; параўн. і чэш. bedla; гл. Слаўскі, 1, 29; Брукнер, 19; Махэк₂, 50; магчыма, сюды ж і рус. дыял. бли́цы ’грыбы’, гл. Фасмер, 1, 176; Мяркулава, Очерки, 173–174).

Бэ́штать ’лаяць, ганьбіць’ (КЭС, палес.). Укр. бе́штати ’тс’. З польск. besztać ’тс’, якое непасрэдна звязана з лац. bestia (польск. bestja, bestia). Гл. Бернекер, 53. Але Брукнер (22) лічыў, што besztać з венг. beste ’звер; лаянкавае слова’ (< лац. bestia; MESz, 1, 288–289). Гл. яшчэ Рудніцкі, 119; Тамат, 108–109. Параўн. бэ́сціць.