Браха́ць ’гаварыць няпраўду; гаўкаць’. Ст.-рус., ст.-слав. брехати ’гаўкаць’, рус. бреха́ть, укр. бреха́ти, польск. brzechać ’тс’, славац. brechať ’тс’, балг. брехам ’сапці; рассмяяцца’, серб.-харв. брѐхати, ’сапці, кашляць’ і г. д. Слав. brechati (можа, гукапераймальнае). Лічаць роднасным з лат. brèkt ’крычаць, плакаць’, ст.-в.-ням. braht ’шум’, англ. (to) bark ’гаўкаць’ і г. д. Бернекер, 83–84; Праабражэнскі, 1, 45; Фасмер, 1, 213; БЕР, 1, 78; Махэк₂, 66.
Браці́шэк ’паслушнік каталіцкага ордэна’ (Нас.). З польск. braciszek ’тс’.
Браць. Ст.-слав. бьрати берѧ, рус. брать, укр. бра́ти. Польск. brać, чэш. bráti, балг. бера́, серб.-харв. бра̏ти і г. д. Прасл. bьrati berǫ ’браць’; больш старажытнае значэнне ’несці, збіраць і да т. п.’ І.‑е. *bhere‑, *bherā‑. Роднасныя формы: ст.-інд. bhárati ’нясе’, грэч. φέρω ’нясу’, лац. fero, гоц. baíra ’тс’ і г. д. Сюды ж слав. *ber‑men ’ноша’ (> усх.-слав. *беремя). Іншыя ступені вакалізму: ‑bor (sъ‑borъ і да т. п.); *‑birati (sъ‑birati і да т. п.). Бернекер, 51; Траўтман, 31; Праабражэнскі, 1, 42–43; Фасмер, 1, 159; Слаўскі, 1, 41 і інш.
Бро́вар ’вінакурня’. Укр. бро́вар. Запазычанне з польск. browar ’тс’ (параўн. browarz ’півавар’) < ням. Brauer. Гл. Брукнер, 42; Фасмер, 1, 215; Бернекер, 88; Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 46; Шалудзька, Нім., 23; Рудніцкі, 213 (указваюць таксама на с.-в.-ням. і н.-ням. крыніцу). Ст.-бел. бровар ’бровар, піваварня’ вядома з XVI ст. (Булыка, Запазыч.). Бел. бровар ’півавар’ (Нас.) запазычана з польск. browarz ’тс’.
Брог ’стог сена на чатырох слупах і са страхой’, таксама брок (Інстр. I, Бір. Дзярж., Жд.), ст.-бел. броґ, брок ’стог, сцірта’ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. bróg ’тс’ (а гэта ад прасл. *borgъ ’тс’ — аблаутнай формы да *bergti *bergǫ, гл. берагчы́, параўн. Слаўскі, 1, 44). Гл. Бернекер, 73. Бел. форма абаро́г (укр. оборі́г). Гл. яшчэ брэх. Таксама з польск. мовы ўкр. дыял. броґ ’тс’. Параўн. далей Фасмер, 1, 216; Рыхардт, Poln., Зб. Карскі, РФВ, 49, 10 (Труды, 389), памылкова тлумачыў брог з літ. brãgas (гэта з польск.).
Брод ’брод; забалочаная лагчына і г. д.’ Рус. брод, укр. брід, польск. bród, чэш. bród, балг. брод, серб.-харв. бро̑д і г. д. Прасл. brodъ ’тс’. Аблаутная форма (як і дзеяслоў *broditi ’брадзіць’, гл.) да прасл. bresti, bredǫ (гл. пад брадзі́ць). Дакладныя адпаведнасці ў балт. мовах: літ. brãdas топкае месца, брод; лоўля рыбы’, bradà ’водмель’. Бернекер, 88; Траўтман, 37; Фасмер, 1, 216; Слаўскі, 1, 44.
Бро́днік ’вярба’ (Касп.). Рус. дыял. бро́дни́к ’вербавы хмызняк’, ’кара вярбы’. Калі гэта не нейкія другасныя формы (параўн. бел. брэд, брэднік, рус. бред, бреди́на вярба’), то пацвярджаецца этымалогія Бернекера, 83, і Фасмера, 1, 210, пра сувязь назв, вярбы (bred‑) з дзеясловам bresti bredǫ ’брадзіць’. Гл. брэд 2.
Бро́іць сваволіць, забаўляцца свавольствам; дрэнна паступаць’ (Нас., Гарэц.). Укр. бро́їти ’тс’, польск. broić, чэш. brojiti ’неспакойна сябе весці, падбухторваць’. Слав. brojiti (у паўд. славян толькі ў значэнні ’лічыць’). Ітэратыўная форма да *briti (гл. брыць) і старое значэнне ’рэзаць’. Слаўскі, 1, 43; Брукнер, 41; Махэк₂, 68. Ст.-бел. броити ’бясчынстваваць, сваволіць’ Булыка (Запазыч.) лічыць паланізмам. Няпэўна. Параўн. Слаўскі, 43.
Бро́мы ’будынкі гандлёвых радоў’ (Касп.). Запазычанне з польск. (ст.) broma (brama) ’вароты, уезд’ (да паходжання польск. слова гл. бра́ма).
Бро́нец (дакладней бране́ц, параўн. рус. смал. броне́ц) ’дзераза гадавая, Lycopodium annotinum L.’ (Кіс.). Рус. броне́ц ’тс’. Наўрад ці ёсць сувязь з дзеясловам броне́ть ’паспяваць, рабіцца колеру спеласці’. Ва ўкр. мове толькі форма баране́ць; таксама ў бел. мове баране́ц ’Lycopodium selago L.’ (Кіс., 78). Можна лічыць, што рус. броне́ц (праўдзівей было б бране́ц) і бел. слова паходзяць з б(а)ране́ц (да бара́н). Расліна так названа за яе касматыя, кучаравыя галінкі.