Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прафі́т ’прыбытак, польза’ (ТСБМ), про́фіт ’харчаванне’ (Гіст. мовы, 2, 264), дыял. прахві́т, про́хвіт ’мізэрнае штодзённае харчаванне’. Калі браць пад увагу акцэнтуацыю, то запазычанне адбывалася двума шляхамі: праз рус. профи́т (> прафіт, прахвіт) і польск. profit (профіт, прохвіт). Крыніца слова ў франц. profit ’прыбытак’, якое ўзыходзіць да лац. profectus, дзеепрым. ад proficere ’ісці на карысць’ (Голуб-Ліер, 395; Банькоўскі, 2, 780–781).

Прах ’цела чалавека пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’пыл’, ’зямля; пагібель’ (Нас.), ’гніллё’ (Ян.), ’мноства, шмат’ (ТС), пра́хі ’малаздольныя, гультаяватыя пачаткоўцы-нячысцікі, якія служаць на пабягушках у іншых нячысцікаў’ (Нік., Няч.). Запазычанне з ц.-слав. прахъ замест усх.-слав. порохъ (гл. Фасмер, 3, 355; ESJSt, 12, 697). Адносна шляхоў запазычання гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 61; Цыхун, Зб. памяці Талстога, 418. Значэнне пра́хі выводзіцца з ’мелкі, дробны’. Ускосная семантычная аналогія ў чэш. prachy ’грошы’, першапачаткова — ’дробныя грошы’ (гл. Махэк₂, 478). Паводле Нікіфароўскага (Нік., Няч., 33), эўфемізм да слова чэ́рці (гл. чорт), параўн. чэш. дыял. prachél ’чорт’. Значэнне ’мноства’ на базе значэння ’пыл’ (’многа, як пылу’). Відаць, не звязана з н.-луж. prach ’толькі што, якраз’, адносна якога гл. Шустар-Шэўц, 2, 1148. Далей гл. порах.

Праха́дзка ’прагулка, шпацыр’, ’дарога’ (Мядз., Нас.), прахо́жка (Нас.), прахо́дка ’прагулка’ (брагін., Шатал.), праха́джваць ’прагульвацца’ (узд., Сл. ПЗБ). З польск. przechadzka ’прагулка’ (Кюнэ, Poln., 90), przechadzać się ’прагульвацца, прахаджвацца’. Прахо́жка, прахо́дка, прахо́джваць адаптаваныя да адпаведных прахадзі́ць, прахо́джвацца.

Прахажа́й ’прайдзісвет, хлус’ (Нас.). Дэрыват ад прахо́жы < прахадзі́ць з суф. ‑ай. Аб словаўтварэнні гл. Сцяцко, Афікс. наз., 23.

Прахажа́к ’прахожы’ (паст., Сл. ПЗБ). Дэрыват ад асновы прахож‑ (параўн. прахо́жы) з суф. ‑ак, відаць, пад уплывам міна́к ’тс’. Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 24.

*Прахалды́кнуць, прохалды́кнуць ’праглынуць’ (ТС). Фармальных адпаведнікаў слову няма. Відаць, нейкая кантамінацыя. Частку кораня хал‑ можна звязаць з рус. ха́лкать ’прагна глытаць’, якое, паводле Ільінскага, мае гукапераймальнае паходжанне (гл. Фасмер, 4, 218), параўн. і ўкр. прохала́вкнути ’праглынуць з прагнасцю’, адкуль можа выводзіцца і гукапераймальнае *халдык, параўн. кульдыкаць ’невыразна гаварыць’, кулды́к (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.), што імітуе перакульванне і пад.

Прахало́да ’свежасць паветра’, про́халадзь ’халадок, умераны холад’ (ТСБМ). Укр. прохоло́да, рус. прохла́да ’тс’ (< ц.-слав. прохладъ ’прахалода, свежасць’; гл. Фасмер, 3, 385). Дэрыват з суф. ‑а ад прахалодаць ’астыць’, параўн. укр. прохолодати. Далей да холад, параўн. ахало́на (гл.).

*Праха́ць, проха́ць, проха́ці, проха́ты ’прасіць’ (Булг.; мазыр., Шн. 3; ТС). Укр. проха́ти, рус. курск. проха́ть ’тс’. Паводле Фасмера (3, 385), наватвор ад прасіць.

Прахваста́цца ’прасвістаць, прамарнаваць’ (Шат.), прахваста́ць ’высцебаць розгамі’ (Нас.). Гл. хвастаць.

Прахво́ст ’нягоднік, падлюга’ (ТСБМ, Нас.), прохво́ст ’тс’ (ТС). Рус. прохво́ст ’тс’, стараж.-рус. профо́с(с) ’наглядчык за салдатамі, узятымі пад варту; прыстаў’ (з XVII ст.). З нова-в.-ням. Profoss ’асоба на вайсковых караблях, якая сочыць за выкананнем статуту на караблі і карае яго парушальнікаў’, што другасна было набліжана да хвост (гл.). Па іншай версіі, магчыма, з с.-нідэр., нідэр. provoost < ст.-франц. prévost (франц. prévôt) ’суддзя, начальнік жандармерыі’, што з лац. praepositus < praeponere ’класці наперад’ (Фасмер, 3, 385). Беларускае слова, калі меркаваць па яго распаўсюджанню, запазычана з рускай.