Ве́шальнік 1 ’той, хто вешае людзей’ (КТС). Новае ўтварэнне ад дзеяслова веша‑ць і суф. ‑льнік.
Ве́шальнік 2 ’вісельнік’ (лун., Шатал.), укр. ві́шальник ’тс’ утворана ад дзеяслова веша‑цца і суф. ‑льнік. Гл. вісельнік.
*Ве́шальнік 3, вjе̂шалнык ’сук, на які вешаюць вулей’ (Анох., 323) паходзіць, відавочна, ад вешальна (< ве́шаць < věšati), якое абазначала прыладу дзеяння (параўн. бел. дзяржальна, прасл. krosno); пад уплывам слова сук лексема вешална змяніла суф. ніякага роду на мужчынскі ‑(н)‑ік; адсутнасць мяккасці ‑л‑ у лексеме вjе̂шалнык з’яўляецца характэрнай для паўднёвых бел. гаворак; параўн. чапʼи́лна ’цапільна’, бычʼе́лно ’біч цэпа’ (ДАБМ, 828).
Ве́шацель ’вешальнік, той, хто вешае’ (БРС, КТС) < з рус. вешатель ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 56). Сюды ж вешацельскі (Яруш.).
Ве́шаць ’надаваць каму-небудзь вісячае становішча’; ’схіляць што-небудзь’ (КТС, БРС, Бяльк.), рус. вешать, укр. ві́шати, польск. wieszać, в.-луж. wěšeć, чэш. věšeti, славац. vešať, славен. (o)béšati, серб.-харв. ве̏шати ’тс’. Прасл. věšati (< věsjati) з’яўляецца дзеясловам ітэратыўнага значэння, утвараемым ад věsiti; параўн. весіць, вісець (гл.). Гл. таксама Сразнеўскі, 1, 493; Голуб-Копечны, 417; Шанскі, 1, В, 83; КЭСРЯ, 79.
Вешка 1 ’галінка’ (КТС), вешачка ’тс’ (Шн., Песні), рус. пск. ве́шка ’галіна, пераважна яловая’, арханг. ’галіна’. Да веха, вяха 1, 4 (гл.); параўн. таксама рус. арханг. веха́ ’вярба’, арл. веха ’паручайнік, Sium latifolium L.’, польск. wiecha ’мяцёлка’, нарв. vise ’тс’, veis (< *vaiso‑) ’сцябло’, лац. virgo ’галіна, розга’.
*Вешка 2 ’знак, якім указваецца ў полі зімой дарога’ (КТС, Інстр. I); ’указальнік фарватэра’ (Інстр. I) дэмінутыў ад вяха́ 1 (гл.).
Вешка 3 ў выразе ве̂шка‑раба ’падзыўное для свіней’ (Шпіл.). Гл. вяцю-вяцю.
Ве́шні ’вясновы’ (КТС), ст.-рус. вешний, вешный (з XII ст.), а таксама весьнии (Сразн., 1, 248, 252), рус. вешний ’тс’; гэты ж корань ва ўкр. вешняк ’вадзяны млын, які працуе толькі ў час разводдзя’. Узыходзіць да прасл. vesna ’вясна’ > vesnьjь; захавалася толькі на поўначы ўсходнеслав. моўнай тэрыторыі, відаць, таму, што ў іншых славян vesna вельмі рана было выцеснена іншымі лексемамі; параўн., напр., чэш. jaro, серб.-харв. про́леће і г. д. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 79; Фасмер, 1, 309; Шанскі, 1, В, 83; КЭСРЯ, 79.
Ве́шніцы ’весніцы, вароты пры ўездзе ў двор’ (Гарэц., Бір., З нар. сл.), слонім. ’вароты’ (Арх. Бяльк.; Карскі, Труды, 482). Да ве́сніцы (гл.).
Вешч ’рэч’ (КТС), укр. вещ ’тс’ запазычана з рус. мовы, дзе вещь ’тс’ < ц.-слав., ст.-слав. вѣщь, вешть < прасл. vektь або věktь (Праабражэнскі, 1, 82; Міклашыч, 386; Фасмер, 1, 309–310; Шанскі, 1, В, 83–84; КЭСРЯ, 79).
Вешчава́ць ’прадказваць, прадракаць’; ’гаварыць што-небудзь вельмі важнае’ (КТС, Нас., Гарэц., Др.-Падб.), укр. віщува́ти ’тс’, рус. вещевать ’прадказваць, прадракаць, прадчуваць’, ст.-рус. вѣщевати і вѣщавати ’размаўляць, гаварыць’ (з XI ст.), чэш. věštívati — ітэратыў ад věštiti ’прадказваць’. Утворана ад вяшча́ць (гл.).
*Вешчанец, маг. вешчаніц ’званочак скучаны, Campanula glomerata L.’ (Кіс.). Іншыя разнавіднасці Campanula L. на Беларусі называюцца яшчэ званкі, званкі лугавыя, званок, звонка (Кіс.) і звязаны, такім чынам, са словам звон ’царкоўны звон, у які білі, калі трэба было паведаміць нейкую вестку’. У такім разе вешчаніц — гэта семантычны перанос, паводле формы, з лексемы звон ’царкоўны звон’ → ’званочак’ у дэмінутыўным значэнні.
Вешчаство ’рэчыва’ (КТС), укр. вещество ’тс’ запазычана з рус. вещество < ст.-слав. вещьство (Шанскі, 1, В, 83).