Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вібрыс ’від воласу канічнай формы ў футры’ (КТС). Запазычана праз рус. мову з н.-лац. vibrissae ’валасы ў носе’; ’вусы ў жывёл’.

Віва́рый ’спецыяльнае памяшканне для ўтрымання падвопытных жывёлін’ (КТС, БРС). Укр. віварый, рус. виварий, польск. wiwarium і г. д. Паходзіць з познелац. vīvārium ’звярынец’ (праз рус. мову).

Віват ’брава, няхай жыве’ (КТС), ст.-бел. вівать ’тс’ (з 1689 г.), укр. віват, рус. виват ’тс’ і г. д. Запазычана з лац. vivat ’няхай жыве’ < vivere ’жыць’ праз польск. мову.

Ві́ваўка ’івалга, Oriolus galbula L.’ (Маш.), роднасная да іншых фанетычных палескіх варыянтаў: йі́волга, вʼі́волʼга, і́велга, велʼга́ і інш. (Ніканчук, БЛ, 5, 65–67). Рус. и́волга ’жоўты дрозд, Oriolus galbula’, польск. wywielga, wywiłga, wywiełga, wywilga, wilga, wilgła, wywiołga, wywiga, wyliga, fiołga, ст.-польск. wilga ’івалга’, чэш., славац. vľha, vilha, славен. vólga ’тс’, серб.-харв. ву̏га ’рэмез’, балг. авлига ’івалга’, ст.-слав. влъга. Прасл. vьlga (Брукнер, 621) або vlʼga (Струтынскі, Nazwy ptaków, 90 і Ніч., Wybór pism, 2, 29). Мае і.-е. адпаведнікі (Махэк, ZfslPh, 20, 49; Мюленбах-Эндзелін, 4, 498; Эндзелін, IF, 33, 126; Фасмер, 2, 114). Бел. форма ўзнікла, відаць, з праформы (i)vl̯ga з цвёрдым якое перайшло ў ‑у‑. Канчатак ‑к‑a з’яўляецца інавацыяй: аналогіі да іншых назваў птушак, назоўнікаў жаночага роду з памяншальным суф. ‑к‑a, напр., бел. зязюлька, качка, укр. євка (< йова), польск. fijółka ’івалга’. Прычынай было незвычайнае (для славян) фанетычнае афармленне (магчыма, гэта іншамоўнае запазычанне ў прасл. мове), адсюль розная рэфлексацыя ‑і‑ і пазнейшыя прыстаўныя; параўн. палес. йі́вола, і́лова, і́вова, ві́лова, вʼійа, йімала, и​ыулʼга́, укр. вольга, єва, вивільга, вільга і інш. з перастаноўкай ці заменай зычных у аснове (е̂волаілова, г → д або г → к: укр. іговда, польск. wywiołda, wywielk). Да івалга (гл.).

Віваць ’плесці’ (Шн.) — архаічны славянскі ітэратыўны дзеяслоў, які захаваўся ў беларускім фальклоры (песні). Утвораны пры дапамозе суф. ‑ва‑ ад віць (гл.).

Ві́гар ’глыбокае месца на балоце’; ’яма, запоўненая ілам, вадой’; ’азярына’ (Яшк.). Да вы́гар (гл.).

Вігва́м ’жыллё індзейцаў Паўночнай Амерыкі з вецця, кары і скур’ (КТС, БРС). Запазычана праз рус. мову з а.-англ. wigwam (< алгонкінск. wēkou‑om‑ut ’у сваім доме’; параўн. Скіт, 610; Шанскі, 1, В, 92).

Віго́нь ’паўднёваамерыканская лама з тонкай мяккай шэрсцю, Lama vicugna’; ’тканіна з шэрсці вігоні’; ’пража з сумесі бавоўны і грубай шэрсці’ (БРС, КТС). Запазычана праз польск. ці рус. мову з франц. vigogne (< ісп. vicuña < перуанск. wikunia).

Віґа ’віка’ (Сцяшк.), віга (Сцяшк. МГ). У выніку інтэрвакальнага азванчэння да віка (гл.).

Від1 ’від, перспектыва, якая адкрываецца перад вачамі’ (БРС, КТС, Шат.); ’выгляд’ (БРС, КТС, Сцяшк. МГ, Янк. I); ’агульнае выражэнне твару’ (Шат.); ’твар’ (Янк. I, Яруш., Гарэц., Нас., Бяльк., Мат. Гом., Шатал.); ’паштоўка’ (Мат. Гом.). Укр. вид ’твар’; ’зрок’ рус. вид ’зрок’; ’знешні выгляд’; ’мясцовасць, перспектыва, што адкрываецца перад вачамі’, ст.-рус. видъ ’здольнасць бачыць, зрок’; ’відовішча’; ’знешні выгляд’; ’прывід, здань, праява’, польск. wid ’прывід, здань, дух’; ’святло, зрок’ у выражэнні ani widu, ani slychu ’ні слыху, ні дыху’, уст. ’выгляд, знешні від’, чэш. vid (кніжн.) ’спосаб бачання’; ’відовішча’; ’зрок’; ’выгляд, форма’, славац. vid ’бачанне, успрыманне на зрок’, (кніжн.) ’зрок, погляд’; ’выгляд’; ’спосаб спаглядання, назірання; светапогляд’, славен. vȋd ’зрок’; ’глядзенне, назіранне, нагляданне’; ’твар, выгляд’; ’краявід, ландшафт’, серб.-харв. ви̑д ’зрок, увага, поле зроку’; ’відно’, макед. вид ’зрок’; ’знешні выгляд’; ’від, гатунак, род’, балг. вид ’знешнасць’; ’выгляд’; ’краявід’, ст.-слав. видъ ’вобраз, знешні выгляд’; ’род, від, характар’; ’форма’; ’нагляданне’; ’агляд’. Прасл. vidъ, роднаснае з літ. véidas ’твар, воблік’, veidaĩ ’шчокі’, лат. veĩds ’форма, вид, выгляд’, грэч. (Ϝ)εἶδος ’вобраз, від, фігура, форма’, ст.-інд. vēda ’выгляд’, vḗdaḥ ’веды’; ’абачлівасць, асцярожнасць’, авест. vaēdah‑ ’валоданне’. І.‑е. *u̯eidos ’тое, што відаць’. Параўн. яшчэ Траўтман, 358; Мюленбах-Эндзелін, 4, 522; Майргофер, 21, 254; Праабражэнскі, 82; Фасмер, 1, 312; Шанскі, 1, В, 93; КЭСРЯ, 80; БЕР, 1, 143.

Від2 (біял.) ’від, разнавіднасць, тып’ (КТС, БРС). Запазычана з рус. вид ’тс’.