Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ра́зік ’малады парастак, атожылак’ (ТС). Ад рэзаць, параўн. раз ’адзін’ (гл.).

Разі́нуць ’раскрыць пашчу’ (шум., лід., Сл. ПЗБ), разі́нуцца ’шырока раскрыцца (пра пашчу)’ (ашм., Сл. ПЗБ), ’пачаць лаянку’ (Нас.), ’падняць крык, пачаць лаянку’ (Юрч. СНЛ), разі́нуцца ’раскрыцца (пра зеў у кроснах)’ (Сержп. Прык.). З *orz‑ і *zinǫti. Далей роднаснае да зія́нне, зява́ць (гл.). Сюды ж аддзеяслоўныя разі́ня ’разява’ (Бяльк.), разі́нка ’тс’ (Нас.), разі́нькі ’разявацтва’ (Нас.), ’разявакі’ (Бяльк.). Гл. Фасмер, 3, 434.

Ра́зіць ’удараць’, ’абражаць’ (Нас., Гарэц.), разі́ць ’паразіць (пра хваробу)’ (паст., Сл. ПЗБ), ра́зіцца ’трапляць у няёмкае становішча’ (Нас., Гарэц.), ’абражацца’ (Гарэц.), рус. рази́ть ’біць, наносячы ўдары’, ’злаваць, крычаць’, укр. рази́ти ’біць’, польск. razić ’раніць’, ’надразаць’, чэш. raziti ’біць’, славац. raziť ’біць’, славен. ráziti ’драпаць’, балг. сразя́ ’паваліць адным ударам’. Да прасл. *raziti. Звязана з раз, рэ́заць (гл.) (Фасмер, 3, 434; Махэк₂, 510).

Разка́ты ’разгорнуты, распрастаны’ (напр.: лісце бульбы) (Ян.). Утворана ад раската́ць, гл. катаць.

Разка́ч ’зношаны венік’ (Янк. 1). Ад розга, роска ’дубец’ па мадэлі дзярка́ч, паколькі такі венік мае вострыя тоўстыя галінкі, параўн. разгачы (гл.).

Разко́м ’разам, сумесна’, ’за адзін раз’ (Нас.), ’разам’ (ТС), рус. дыял. разко́м ’разам, за адзін раз’, ’без прамаруджвання’, укр. разко́м ’разам’, ’за адзін прыём’. Ад раз (гл.).

*Разкярэ́ша (розкере́ша) ’нерастаропны, маруда’ (іван., Непакупны, Связи, 194), ’брудны, мурза’ (пруж., там жа), укр. палес. розкере́ша ’крываногі, клышаногі’, ’развілка ў сасне’. Кантамінацыя балт. keréža і разкарака (разкоря́ка) ’разгалінаванае дрэва’ (Непакупны, Связи, 195). Гл. раскярэша.

Разла́ты (разла́тый) ’сукаваты’ (Юрч. СНЛ), параўн. балг. разлат (ръзлат) ’роўны, расшыраны’, ’неглыбокі (пра пасудзіну)’, рус. дыял. разла́тый ’які расшыраецца, паступова павялічваецца ў шырыню’. Мяркулава (Очерки, 29) звязвае апошняе слова з укр. лататий ’шырокі’, рус. лата́тый горошек ’рагаты гарошак, які тырчыць у розныя бакі’ і далей з ла́та, ла́тка ’кусок матэрыі, латка’. Аднак для этымалогіі слова істотнае значэнне мае дзеяслоўная ізалекса, параўн. рус. разла́тить ’шырока растапырыць’ (разан.) і серб.-харв. razlatiti ’расшырыць, шырока адкрыць’, вытворнае ад latiti ’схапіць, сціснуць’ (Цыхун, БЛ, 5, 49). Апошняе да *latiti, роднаснае *latati і, нарэшце, *lětati (ЭССЯ, 14, 48–49), гл. лятаць, лата3. Пра адносіны *latiti і *lātāti гл. спец. Рыкаў, Зб. Лекаву, 325–327; пра сувязь *latiti і letěti гл. Немец, Slavia, 66, 319–324. Адносна ст.-слав. разлатыи гл. Геродас, Slavia, 49, 397–398.

Разлёпа, разлёпушка ’нязграбны чалавек’ (астрав., Сл. ПЗБ), укр. леп ’ліпкі бруд’, ле́павча ’бруднае дзіця’, славен. lép ’клей’, серб.-харв. ле̑п ’клей, усё, што клеіць’, ц.-слав. лепъ ’клей, пластыр’. Да прасл. *lepъ, *lьpъ ’клей, усё, што ліпне’ (ЕСУМ, 3, 222–223). Падрабязней гл. ЭССЯ, 14, 224–225. Параўн. ляпня́к ’недапечаны хлеб, які ліпне да зубоў’ (гл.).

Разлётны ’імклівы, моцны’ (Сцяшк.), разлёт ’рух з паступова нарастаючай хуткасцю’, разлётацца ’палётаць’ (ТСБМ), рус. дыял. разлётный ’які можа, умее лётаць’. Ад раз- і лётаць (гл.).