Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Касе́та ’касета’ (ТСБМ). Рус. кассе́та, укр. касе́та. Запазычанне, мабыць, праз рус. кассе́та, з еўрапейскіх моў. Крыніцай для рус. слова з’яўляецца, як можна меркаваць, англ. cassette ’касета’, ’шкатулка’ < франц. cassette < італ. cassetta. Гэта апошняе з’яўляецца памяншальнай формай ад cassa ’скрынка, скрыня’. Паводле Шанскага, 2, К, 85, упершыню слова кассета фіксуецца ў рус. мове ў канцы XIX ст. Яно шырока вядома і ў іншых еўрапейскіх мовах. Параўн. укр. касе́та, польск. kaseta, чэш. kaseta, славац. kazeta, балг. касетка, серб.-харв. касета, славен. kaséta.

Касе́ц ’касец’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк., Бяльк.). Рус. косе́ц ’тс’, укр. дыял. коси́ць ’тс’, чэш. дыял. kosec ’касец’, ’жнец’, славац. kosec (такая ж форма сустракаецца ў дыялектах славац. мовы), польск. дыял. kosiec. Параўн. далей серб.-харв. ко̀сац ’касец, жнец’, славен. kósec ’касец’. Прасл. форма *kosьcь ’касец’, ’жнец’; утворана ад прасл. дзеяслова *kositi ’касіць, жаць’ пры дапамозе суф. *‑ьcь, які ўтвараў у прасл. мове nomina agentis. Фармацыі гэтага тыпу, як можна бачыць з агляду матэрыялу ў Трубачова, Эт. сл., 11, 181, адсутнічаюць у некаторых слав. мовах (у прыватнасці, балг., в.-луж.), што яшчэ раз сведчыць аб дыялектным характары прасл. мовы.

Касёра ’качарга’ (Сл. паўн.-зах.). Зыходзячы з геаграфіі слова (Гродзеншчына), можна меркаваць аб сувязі (запазычанне) з польск. kosior ’тс’ (таксама kosiór; аб польскім слове гл. падрабязна ў Слаўскага, 2, 522–523; параўн. яшчэ Брукнер, 259). Адиак Трубачоў (Эт. сл., 11, 137–138) адносіць бел. слова да ліку праславянскіх % зыходнай формай *kosera (да *kosa, *kositi); няпэўна.

Касіе́р ’касір’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. дыял. касі^р, польск. (Ліндэ) kassyer, польск. kasjer, балг. касцѐр. У гэтай форме слова з’яўляецца запазычаннем з італ. мовы. Параўн. італ. cassiere ’касір’ (вытворнае ад італ. cassa ’каса’). Пры гэтым варта адзначыць, што, відавочна, у якасці крыніцы выступае італ. cassier — форма, магчымая для некаторых італ. дыялектаў, дакладней для паўночных, дзе часта адпадаюць галосныя ў канцы слоў. Калі гэта так, то мы маем магчымасць удакладніць крыніцу запазычання з пункту гледжання лінгвагеаграфіі і тым самым часткова праясніць роль паўночных італ. гаворак у фарміраванні еўрапейскай лексікі.

Касі́р ’касір’ (ТСБМ). Рус. касси́р, укр. каси́р. Бел. і ўкр. лексемы, здаецца, запазычаны з рус. мовы. У рус. мове гэта слова было запазычана з ням. у Пятроўскую эпоху. Гл. Фасмер, 2, 207; Шанскі, 2, К, 86. Зыходнай ням. формай было спачатку Kassierer, адкуль узята рус. касирер (у паперах Пятра I). Сучасная форма касси́р упершыню ў рус. мове фіксуецца ў Слоўніку Нордстэта 1780 г. (Шанскі, там жа). Усё ж такі не вельмі ясным, у высвятленні Шанскага, застаецца пытанне аб узаемадзеянні форм ням. і італ. паходжання. Паводле Шанскага атрымліваецца, што ням. Kassier (< італ. cassiere) не адлюстроўваецца ў старых рус. паперах.

Касі́ць1 ’касіць (касой)’ (БРС, Шат., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Дзеяслоў прасл. паходжання. Параўн. бел. касі́ць ’касіць касой’ (таксама і ў дыялектах), рус. коси́ть, ст.-рус. косити, укр. коси́ти, ст.-польск. kosić, польск. kosić (таксама і ў дыялектах), ст.-чэш. kositi ’касіць касой’, чэш. kositi ’тс’, славац. kositi, балг. кося́ ’касіць (касой)’, макед. коси, серб.-харв. ко̀сити, славен. kosíti і г. д. Прасл. *kositi ’касіць, зрэзваць; галіць і да т. п.’ Дзеяслоў *kositi з’яўляецца вытворным ад назоўніка *kosa ’каса; від зброі; серп; сякера’, ’баявая сякера’ і да т. п. Звычайна прыводзяцца роднасныя формы: ст.-інд. śásati ’рэжа’, śastrám ’нож’, дан. castrāre ’адрэзваць’ і г. д. Гл. Фасмер, 2, 345; Трубачоў, Эт. сл., 11, 133–135, 142.

Касі́ць2 ’разграбаць зямлю; скрэбці’ (Сл. паўн.-зах., 2): «Курыца косіць зямлю. Куры косяць ячмень. І верабʼі косяць зямлю». Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 431, магчымае запазычанне з літ. мовы. Як крыніца прыводзіцца літ. kàsti ’тс’. Не выключаецца, што такая этымалогія можа мець месца. Але тут не вельмі падыходзіць з фармальнага боку прапануемая крыніца запазычання — літ. дзеяслоў kàsti, хоць па семантыцы ён добра адпавядае бел. лексеме. Таму можна меркаваць аб іншай крыніцы запазычання, дакладней, аб іншай форме гэтага літ. дзеяслова. Параўн. літ. kasýti ’драпаць, скрэбці’ (параўн. Фрэнкель, I, 226).

Ка́ска ’каска’ (ТСБМ, БРС). Рус. ка́ска, укр. ка́ска. Лічыцца запазычаннем з франц. мовы. Параўн. франц. casque ’тс’ (а гэта ўзята з ісп. casca). Гл. Фасмер, 2, 206. У рус. мове гэта слова з’явілася ў XVII ст. (параўн. Шанскі, 2, К, 83–84). Ісп. casca (casco) паходзіць ад casco ’чэрап, чарапок, галава’ (звязана з дзеясловам cascar ’разбіваць’ і далей з народным лац. *quassicāre ’тс’; параўн. лац. quassō ’разбіваю’, таксама guatiō). У франц. мове была таксама вытворная форма casquette ’шапка з казырком’ (адсюль з часоў Пятра I, праз польск. мову, запазычаны кашке́т і каске́т; апошняе з франц.).

Касма́ты ’касматы’ (ТСБМ, БРС, Касп., Сл. паўн.-зах.). Параўн. у іншых слав. мовах: рус. косма́тый, ст.-рус. косматыи, укр. косматій ’тс’; ст.-чэш. kosmatý, славац. kosmatý, в.-луж. kosmaty, н.-луж. kósmaty, ст.-польск. kosmaty, польск. kosmaty, ц.-слав. косматъ, балг. косма́т, макед. космат, серб.-харв. ко̀смат, ко̏смат, славен. kosmàt. Прасл. *kosmatъ(jь) з’яўляецца вытворным пры дапамозе суф. ‑atъ ад прасл. *kosma/*kosmъ. Паводле Трубачова, там жа, можна гаварыць у даным выпадку аб тым, што слав. слова працягвае і.-е. дыял. kosmātos. Цікава, што слав. *kosmatъ вельмі нагадвае лац. comātus ’валасаты, доўгавалосы’.

Касме́тыка ’касметыка’ (ТСБМ, БРС). Рус. косме́тика, укр. косме́тика. Лічыцца запазычаннем з франц. мовы ў канцы XVIII ст. У рус. мове гэта слова ўпершыню згадваецца ў слоўніку 1803 г. Гл. Шанскі, 2, К, 346. Франц. cosmétique, якое было базай для рус. назвы, запазычана з грэч. мовы (κοσμητικός), дакладней, з κοσμητική (τέχνη) ’мастацтва ўпрыгожвання’. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 346. Таксама з франц. мовы, відаць, запазычаны і прыметнік рус. космети́ческий (першакрыніца грэч. κοσμητικός, які потым зрабіўся базай для бел. і ўкр. утварэнняў).

Касмы́ль ’пасма’ (Касп., БРС); ’касматы чалавек’ (Сл. паўн.-зах., 2). Параўн. рус. дыял. космы́ль ’доўгія раскудлачаныя валасы’, ’нячэсаная галава’. Вытворнае (суфіксам ‑ylь) ад прасл. *kosmъ, *kosma ’волас, валасы’, ’колер шэрсці жывёлы’, ’шэрсць’ і г. д. Здаецца, тып *kosmylъ з’яўляецца славянскім дыялектным утварэннем (бел.-рус. гаворкі) позняга часу (у Трубачова, Эт. сл., 11, 145–147, у іншых мовах не адзначаецца).