Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тро́снічкі ‘трысціны ў бёрдзе’ (смарг., Сл. ПЗБ). Да траснік, гл.

Трост ‘мера ў 60 коп = 3600 метак уюноў’ (Байк. і Некр.), ‘мера колькасці рыбы’ (Сержп. Грам.). Другаснае ўтварэнне шляхам адсячэння суф. ‑ка ад тростка < тросць1 ‘чараціна’, на якую нанізвалася рыба, у выніку тэрміналагізацыі стала абазначаць ‘нізка (рыбы)’, а затым — ‘адзінка вымярэння’ (Скурат, Меры, 133), аналагічна да троск ад троска1 (гл.), з адсячэннем канчатка.

Тро́стка ‘кіёк’ (Бяльк., Арх. Вяр.), ‘трысціна ў бёрдзе’ (мсцісл., Жыв. сл.; бяроз., Шатал.), ‘нізка ўюноў’ (ТС), трі́стка ‘трысцінка ў бёрдзе’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тростка ‘трыснёг’ (Альтбаўэр), ‘назва экзатычнай расліны’ (ГСБМ). Памянш. ад тросць1, 2, гл.

Тросць1 ‘зараснік рагозу, Typha latifolia L.’ (лёзн., Яшк.), ‘чарот, Scirpius L.’ (докш., Гіл.), ст.-бел. трость ‘трысціна’ (ГСБМ). Сюды ж трось ‘трыснёг, Phragmites communis Trin.’ (в.-дзв., брасл., гарад., ЛА, 1). Параўн. укр. трость, трість ‘трыснёг, чарот’, рус. трость, тресть ‘тс’ , стараж.-рус. тръсть ‘сцябло трыснягу’, ст.-польск. treść, trześć ‘трыснёг, рагоз’, ст.-чэш. trest, tresť, мар. і славац. trst’ ‘траснічына’, славен. tȓst ‘трыснёг’, серб. тр̑ст ‘тс’, харв. tȓst ‘тс’, балг. тръстика ‘тс’, макед. трска, трстика ‘трыснёг’, ст.-слав. тръсть, тьрсть ‘тс’. Прасл. *trъstь, роднаснае літ. triušìs ‘чарацінка, дубец’, strustis ‘трысцінка ў бёрдзе’, лат. trusis ‘трыснёг’, ням. Strauch ‘куст’, ст.-грэч. θρύον ‘сіт, чарот’ (Скок, 3, 510; Фасмер, 4, 106; Сной₂, 188; Махэк₂, 657; Махэк, Jména, 290; Борысь, 642; Мяркулава, Очерки, 46; ЕСУМ, 5, 651).

Тросць2, трось ‘трысцінка ў бёрдзе’ (трак., вільн., калінк., Сл. ПЗБ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Мат., ПСл; мёрск., Ск. нар. мовы), тро́стка ‘падоўжаныя дошчачкі ў бёрдзе’ (мсцісл., Жыв. сл.); сюды ж зборн. тро́сце ‘тс’ (Мат. Гом.), тро́сця (астрав., Сл. ПЗБ), трысцё (мёрск., Ск. нар. мовы). Да папярэдняга слова (гл.).

Тро́счыцца, тро́шчыцца ‘гараваць, тужыць’ (воран., Сл. рэг. лекс.), ст.-бел. тросчитися, трощитися ‘клапаціцца’ (ГСБМ). З польск. troszczyć się ‘тс’. Гл. троскаць.

Тро́ська ‘трысцянка аўсяніцавая, Scolochloa festukacea Link.’ (Касп.), троскі ‘тс’ (Кіс.). Відавочна, ад тросць1, збліжэнне з трось ‘трыснёг’ з-за знешняга падабенства, параўн. укр. trostʼanka tonkonižka (Макавецкі, Sł. botan.).

Трось-трось ‘трух-трух’ (віл., Сл. ПЗБ). Выклічнік ад дзеяслова трэсці (гл.), мена е > о, як у тро́ска ‘трэска’ (гл.).

Тро́ур ‘жалоба’, тро́урны ‘жалобны’ (Нас.), смал. тро́вур ‘жалоба’. Да рус. тра́ур ‘жалоба’, якое пранікла (у XVIII ст.) з ням. Trauer ‘жалоба, смутак’ (Фасмер, 4, 95). Галосная ‑о‑ пад націскам у выніку лабіялізацыі пад уплывам суседніх гукаў.

Тро́ўнік ‘капытнік, Calla palustris L.’ (івац., ЛА, 1). Хутчэй за ўсё, з траўнік — ад трава, параўн. тро́ўка ‘травінка’ (Сцяшк., Растарг.), дзе галосны ‑о‑ замест ‑а‑ выкліканы лабіялізацыяй пад уплывам наступнага ‑ў‑ (Карскі 1, 97). Значэнне ‘траўны’ = ‘лекавы’ адпаведна да тра́вы ‘зелле’ як агульнай назвы лекавых зёлак, параўн. травянік ‘лякарства з траў’ (Жд. 1).

Трох1: трёх‑трёх — пра трасенне (Юрч. СНЛ), трёх‑трёх — пра язду трушком (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманні, у аснове якіх ляжыць апакопа дзеяслова трохаць, гл. Магчыма, сюды ж трох-трох — калі нехта падпраўляе ношку (вязку галля, закручанае дзіця), якая спаўзла (полац., Нар. лекс.).

Трох2 ‘трое’ (Сл. ПЗБ), ‘утрох (асобна аб мужчынах і аб жанчынах)’ (Мат. Маг. 2). Форма трох (тут Н. скл.) утворана ад формы М. скл. лічэбніка ст.-бел. трие, три, параўн. трьхъ (‘аб трох’). Відаць, адбылося гэта пад уплывам старапольскай мовы, дзе trzech (з М. скл.) пашырылася на лічэбнік Н. скл. (абазначала ‘тры’) з XIV ст. — па ўзоры скланення лічэбнікаў і прыметнікаў, у якіх Р. і М. скл. мелі агульную форму.