Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сюго́-о-о-о! ’гэтак пастух заве статак у лесе’, сюго́каць ’моцна крычаць у лесе’ (Варл.). Выклічнік, першую частку якога можна суаднесці з сю-сю-сю ’падзыўныя словы для кароў’ (гл.), другую — з узмацняльнай часціцай ‑га, параўн. выклічнік цю‑га! (гл.). Параўн. рус. дыял. сыга, сыго для адгону рагатай жывёлы, якое Германовіч (Междом., 68) звязвае з назвамі быка, каровы, вала ў цюрк. сыгыр.

Сюд ’тут’ (калінк., З нар. сл.), сюд‑туд ’раз-пораз, вельмі часта; узад і ўперад, з аднаго боку ў другі’ (ТСБМ, Сцяшк.), сюд‑не‑ту́д, сюд‑ту́д, сюд‑то‑ту́д ’тс’ (ТС), з перасэнсаваннем абедзвюх частак і збліжэннем да тут (гл.): сют‑тут ’хутка’ (Сл. ПЗБ). Скарачэнне з сюды‑туды; гл. сюды, туды.

Сюды́ ’ў гэты бок; у гэта месца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт., Шат., ТС, Сл. ПЗБ, Растарг., Бяльк.), сюда́ ’тс’ (Ян.), суды́ ’тс’ (Растарг.), сюды́‑туды́ ’ў розныя бакі, у некаторыя месцы’, параўн. таксама з рознымі суф.: сюда́е, сюдо́е ’ў гэты бок’ (Нас.), сюдо́й, сюдо́ю ’гэтай дарогай, па гэтаму шляху’ (Нас., Бяльк., Ласт., Касп.; бялын., Янк. Мат.; З нар. сл., Сл. ПЗБ), сюдэ́ма, сюды́ма, сюда́ма, сюдэ́, сюдэ́й, сюда́мух ’у гэтае месца, па гэтай дарозе’ (Сл. ПЗБ), сюдэ́йма ’тс’ (Мал.), сюды́кава ’тс’ (Сцяшк.), сюды́нака ’тс’ (Жд. 2), ст.-бел. сюды ’тс’ (1580 г., Карскі 2–3, 66). Укр. сюди́, сюд, рус. сюда́, дыял. сюды́, стараж.-рус. сюда, сюду, польск. siędy ’тут’, ст.-чэш. sudy ’сюды’, чэш. odsud ’адсюль’, старое серб.-харв. суду ’сюды’, славен. дыял. sọ̑d ’тс’, ст.-слав. сѫдоу ’тс’. Прасл. *sǫda, якое ўтворана ад указальнага займенніка і суф. *‑nda < і.-е. *‑ndhe; гл. Фасмер, 3, 822; ESSJ SG, 2, 613–614; Бязлай, 3, 285; формы з мяккім с‑ пад уплывам Р. і Д. скл. займенніка сей, гл. (Фасмер, там жа; ЕСУМ, 5, 493). Карскі (там жа) у канцовым ‑ды бачыць “скамянелую” форму Тв. скл. мн. л. Гл. яшчэ ESJSt, 14, 860–861.

Сю́каць ’мачыцца’, сю́сіць ’тс’, сю́сі, сю́січкі — выклічнік ужываецца, калі дзіця прымушаюць памачыцца (Нас.). Параўн. укр. сю́кать, сю́сяти, рус. сю́катъ, сю́сить ’тс’, польск. siusiać. З сікаць (гл.) у выніку экспрэсіўнага змянення (Фасмер, 3, 822; ЕСУМ, 5, 494). У аснове, відаць, гукаперайманне, што перадае цурчанне, параўн. Горбач, Дитяч., 2.

Сю́мзяць ’плакаць, капрызіць’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, гукапераймальнага паходжання, параўн. румзаць ’тс’ (гл. румза).

Сю́ргаць ’сёрбаць, есці што-небудзь рэдкае’ (Бяльк.), сю́ргаўка ’птушка юрок (?)’ (астрав.; Цыхун, вусн. паведамл.). Гукапераймальнае, гл. наступнае слова.

Сю́ркаць ’цвыркаць’, сю́ркаўка ’птушка берасцянка’ (глыб., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сю́ркати ’цвыркаць’, польск. siurczeć ’цурчэць; цячы цурком’, н.-луж. śurkotaś ’цвыркаць, шчабятаць; цурчэць’. Гукапераймальнае, параўн. ЕСУМ, 5, 494.

Сюрпры́з ’нечаканы падарунак; нечаканае здарэнне’ (ТСБМ), ’неспадзяванка’ (Гарэц.). Запазычана праз рус. сюрпри́з ’тс’ з франц. surprise ’нешта дзіўнае, неспадзяванка’ ад дзеяслова surprendre ’дзівіцца, здзіўляцца’ (Фасмер, 3, 823; ЕСУМ, 5, 494).

Сюрту́к ’бурка, шырокая адзежына з даматканага сукна з башлыком’ (Цых.). Запазычана з рус. сюртук ’сурдут’, што з франц. surtout ’шырокая верхняя адзежына’ (Фасмер, 3, 823; ЕСУМ, 5, 495).

Сюр-сюр-сюр ’падзыўныя словы для авечак’ (ДАБМ, камент., 896), сю́ры‑сю́ры ’тс’ (Бяльк.), сюр ’падзыванне ягнят’ (Касп.), сюды ж, відаць, сю́равый ’суматошлівы’ (Клім.). Відаць, гукапераймальнага паходжання, параўн. сю́ркаць ’сікаць’ (Саевіч, Derywacja, 230). Значэнне ’суматошлівы’, магчыма, звязана з паводзінамі авечак пры захворванні на фасцыялёз, параўн. матыліца ’фасцыялёз’ і ’рухавы, непаседлівы чалавек’ (гл.).