Сыча́ць ’шыпець, сіпець’ (ЛА, 1), сычэ́ць ’тс’ (Нар. Гом.). Гл. сыкаць.
Сычу́г ’адзін з аддзелаў страўніка жвачных жывёл’ (ТСБМ; б.-каш., ст.-дар., пін., Жыв. св.), сычу́к ’страўнік цяляці-сысуна’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Укр. сичу́г ’тс’, рус. сычу́г ’тс’. Лічыцца запазычаннем з цюрк., параўн. куман. suzug ’кішка, вантробы’, кыпч. sučuk ’каўбаса’, тур. sudžuk ’тс’; гл. Фасмер, 3, 822 з аглядам літ-ры. Трубачоў (Дополн., там жа; ВЯ, 1960, 3, 68) узводзіць да рус. сы́тить ’сыціць, насычаць’ (гл. сыта), прыводзячы семантычныя паралелі ням. Lab, Labmagen ’сычуг’: laben ’цешыць, даваць асалоду’, асец. axsœn ’сычуг’, axsyn ’стварожваць’; сюды ж сычу́жны (сыр), сычу́жына ’сычужны фермент’.
Сы́чык ’скрутак лык’ (Бяльк., Сцяшк. Сл.; шкл., ЛА, 4), ’рухомая частка ў церніцы’ (Выг.), ’загваздка; жалезнае колца, што злучае “правіла” з задняй часткай воза’ (Арх. Вяр.), ’калок, які трымае пругло ў сілку на дзікіх качак’, ’трубачка, якую ўстаўлялі ў дзірку ў бочачцы пры наліванні гарэлкі ў кілішкі’ (ТС), сы́чыкі ’начоўкі з рылам для зліву вадкасці’ (капыл., Сл. ПЗБ), ’смажаная бульба’ (Сл. Брэс.). Разнастайны характар дэталяў з такой назвай звязаны з пераносам па функцыі, першаснае значэнне, відавочна, ’клін, стрыжань’, параўн. сыч 2, гл. Звязана чаргаваннем галосных з сукаць; апафанічныя ступені *sъk‑/*suk‑/*syk‑ ’скручваць, валяць, качаць’, аб якіх гл. Вірбат, Этимология–1980, 33–34.
Сы́шчык ’тайны агент, шпіён’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Запазычана з рус. сы́щик ’тс’.
Сэ ’калі’ (беласт., Сл. ПЗБ). Гл. се 2.
Сэ́даль, зэ́даль ’нізкая лаўка на ножках’ (Ласт.). Гл. зэдаль; у сувязі з адзінкавасцю фіксацыі форма, магчыма, штучна набліжае да крыніцы запазычання с.-в.-ням. sidel(e) < лац. sedile ’прылада для сядзення, крэсла, столак’ ад лац. sedere ’сядзець’ (Борысь, 748), або пад уплывам наступнага слова, гл.
Сэ́дас ’месца жыхарства, сяліба, котлішча’ (ТСБМ), сэ́дэс ’сядзіба’ (стол., Нар. сл.; Лекс. Бел. Палесся), седас ’паселішча, селішча’ (староб., А. Кулакоўскі), сэ́дасік (сэ́дэсикъ) ’донца ў чарцы’ (Нас.), ст.-бел. седесъ ’сядзіба, цэнтр, кватэра’ (Гарб.). Параўн. польск. sedes ’сядзіба, селішча, кватэра’, ’сядзенне ў туалеце’, ’задніца’. Запазычана з лац. sedes ’сядзенне, крэсла; месца жыхарства, жыллё’ непасрэдна або праз польскае пасрэдніцтва.
Сэйт ’стойла для каровы’, сэ́йт, сэ́йта ’аброжак, прывязь’ (даўг., Сл. ПЗБ). Запазычанне беларуска-літоўскай кантактнай зоны, аўтары слоўніка параўноўваюць з літ. seĩtas ’тс’.
Сэ́ляг ’селязень’ (Клім.), сэ́лёг ’дзікі качар, селязень’ (пін., Дразд.), сэ́лях, сэ́люх ’качар’ (Сл. Брэс.). Гл. селег.