Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сэ́ляг ’селязень’ (Клім.), сэ́лёг ’дзікі качар, селязень’ (пін., Дразд.), сэ́лях, сэ́люх ’качар’ (Сл. Брэс.). Гл. селег.

Сэ́ндзіць ’абгаворваць, пляткарыць’ (Барад.), ’займацца балбатнёй, плявузгаць’ (Юрч. Вытв.), вытворны наз. сэ́нда ’чалавек, які заўсёды гаворыць многа небыліц’ (глус., Янк. Мат.). Запазычана са старога польск. sędzić, сучаснае sądzić ’меркаваць, думаць, сцвярджаць; выносіць прысуд; крытыкаваць’, сюды ж больш новае запазычанне сэ́ндзя ’суддзя’, ’хто можа крытычна разважаць, быць сведкам’, ’хто абгаворвае, перасуджвае’ (Сл. ПЗБ), з польск. sędzia ’суддзя’.

Сэнс ’унутраны лагічны змест, значэнне’, ’разумная аснова, прызначэнне, мэта’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Шат., Касп., Гарэц.), ’розум, толк, лад’ (Нас.): людзі кажуць сэнс (Сержп.). Праз польск. sens з лац. sēnsus ’сэнс’, sentiō ’адчуваю’ (Кюнэ, Poln., 96 з літ-рай). Ст.-бел. сенсъ з 1592 г. са ст.-польск. sens (Булыка, Лекс. запазыч., 132). Аб рус. сенс < польск. sens гл. Фасмер, 3, 601.

Сэ́рдак ’безрукаўка на аўчыне’ (Сцяшк.), сэрда́к ’кароткае жаночае суконнае адзенне’ (палес., ЛА, 4; Сакал.). Гл. сардар пра ўнутраную форму ці народнаэтымалагічнае асэнсаванне сведчыць сярэ́днік ’жаночая куртка’ (Жд. 2).

Сэ́рна ’дзікая каза’ (Стан.), ст.-бел. серна ’тс’ (Альтбаўэр, Скарына). Укр. се́рна, рус. се́рна, стараж.-рус. сьрна, польск. sarna, чэш., славац. srna, в.-луж. sorna, н.-луж. sarnja, славен. sŕna, серб.-харв. ср́на, балг. сърна́, макед. срна, ст.-слав. сръна. Прасл. *sьrna роднаснае лат. sirna ’казуля’, ст.-прус. sirvis ’алень’, лац. cervus ’тс’. Звязваецца з лац. ’рог’, і далей з карова, гл. (Фасмер, 3, 609; Глухак, 577; ЕСУМ, 5, 220). Гл. таксама сарна.

Сэ́рса (сэ́рсо) ’гульня з абручыкамі’ (гродз., Нар. словатв.). Відаць, праз польск. serso ’тс’ з франц. cerceau ’абруч’, параўн. Варш. сл., 6, 75. Адзначанае ў ТСБМ серсо ’гульня з абручом’ запазычана праз рус. серсо ’дзіцячая гульня з колцам’ таго ж паходжання, гл. Фасмер, 3, 610.

Сэ́рца ’цэнтральны орган кровазвароту’, ’гэты орган як сімвал перажыванняў, настрою, пачуццяў’, перан. ’гнеў, злосць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Дразд., Сцяшк., Сл. ПЗБ), таксама сэ́рцо ’тс’ (Мал., Сцяшк., Сл. ПЗБ), сэ́рцэ ’тс’ (Нас., Шн. 2, Сл. Брэс., Сержп. Прымхі), ст.-бел. сэ́рцэ ’тс’ (XVI ст., Золтан, Athila, 551); сюды ж сэ́рца ’цэнтральная ўнутраная частка дрэва, стрыжань’ (Сцяшк.), ’стрыжань’ (Сл. Брэс.), ’чырвы (масць у картах)’ (Наша ніва, 2002, 15 лют.), сэ́рцэ ’адтуліна ў жаку або рыбацкай сетцы’ (Тарн., Горбач, Зах.-пол. гов.); гл. таксама серца. Укр. се́рце, рус. се́рдце, стараж.-рус. сьрдьце, польск., н.-луж. serce, ст.-польск. sierce, чэш., славац. srdce, серб.-харв. ср̏це, дыял. ’унутранасці, вантробы’, славен. srcẹ̑, балг. сърдце́, дыял. съ́рце ’тс’ і ’жывот, страўнік’, макед. срце, ст.-слав. срьдьце ’тс’ і ’жывот, страўнік’. Прасл. *sьr̥dьce ’сэрца’ < *sьr̥dьko утрымлівае памянш. суф. ‑ko; каранёвае імя захоўваецца ў *milo‑sŕ̥dъ ’міласэрны’, *sr̥diti sę ’сярдзіцца, злавацца’. Першапачатковае *sьrd‑/*sьdь, роднаснае літ. širdìs ’сэрца’, лат. sir̂ds ’сэрца; мужнасць; гнеў’, ст.-прус. seyr ’сэрца’, грэч. κῆρ (< *ḱērd‑), гоц. haírtô‑ ’сэрца’, хец. kard ’тс’ і інш.; гл. Фасмер, 3, 605–606; Слаўскі, SP, 1, 101; Траўтман, 302; Фрэнкель, 986–987; Вальдэ-Гофман, 1, 271–272; Покарны, 579–580; Махэк₂, 572; Шустар-Шэўц, 1284–1285; Скок, 3, 316–317; Борысь, 542; Сной, 600; ЕСУМ, 5, 222. Ацвярдзенне с‑ Карскі (1, 357) тлумачыў украінскім і польскім уплывам, дзе, аднак, да гэтага часу формы serce і sierce сустракаюцца ў гаворках, а распаўсюджанне першай з іх адбылося праз т. зв. культурны дыялект з чэшскай мовы і фіксуецца з пачатку XVI ст. (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 314). Параўн. таксама пярэчанні Векслера (Гіст., 207), які па лінгвагеаграфічных прычынах сумняваецца ў такіх уплывах і дапускае тут вынік рэгрэсіўнай асіміляцыі. Першапачатковая семантыка, суадносная з паўднёваславянскай, захавалася ў выразе натшчэ серца ’на пусты страўнік’ (Сержп. Прымхі).

Сэ́рыё ’сярдзіта, сурова; сапраўды, не жартуючы, сур’ёзна’ (Нас.). З польск. serio ’сур’ёзна’, na serio ’без жартаў, усур’ёз’, што да лац. serio ’тс’ ад sērius ’сур’ёзны’. Відаць, на базе прыслоўя мясцовае ўтварэнне сэ́рыя (сэріё) ’сярдзіты твар; суровасць’ (Нас.), параўн. старое польск. serjo ’паважны, сур’ёзны’ (Варш. сл.). Параўн. сур’ёзны, гл.

Сэс: гавары сэс (Сержп.). Відаць, сапсаванае сэнс, гл.

Сэ́хля ’печаная бульба’ (Бяльк.). Няясна; магчыма, экспрэсіўнае ўтварэнне ад сохнуць (< *сохля?), параўн. сэ́плі ’соплі; ледзяшы’ (Сл. ПЗБ), верагодна, экспрэсіўнае.