Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бэст ’бэз’. Гл. бэзд.

Бэ́стынь ’бессаромны, нахабны’ (Сцяшк. МГ). Утварэнне ад польскага дзеяслова bestwieć, bestwić się ’дзічэць, рабіцца бессаромным і г. д.’ Параўн. бэ́сціць. Не выключаецца, што бэ́стынь (суф. ‑ынь?) можа быць утварэннем ад bestia.

Бэ́сціць ’лаяць, ганьбіць, зневажаць; мазаць адзежу’ (Шат., КЭС, лаг., БРС, Бір. Дзярж.), бэ́сціцца ’прыпадабняцца жывёле’ (Гарэц.). Параўн. ст.-укр. бествитися (з XVI ст.). Запазычанне з польск. bestwić ’тс’ (аб польскім слове гл. Брукнер, 22: да bestja < лац. bestia ’звер’). Параўн. бэ́штать. Форма бэ́сціцца адлюстроўвае польск. bestwić się. Непасрэдна з польск. bestja запазычана бел. бэ́стыя (Нас.).

Бэ́та ’нячыстая, ганебная справа, звязаная з махлярствам, круцельніцтвам’ (КЭС, лаг.). Можа, таго ж паходжання, што і ўкр. бета ’ўмельства’ (а гэта, відаць, скарачэнне з кебе́та ’ўмельства, здольнасць’ < тур.-араб., гл. Крымскі, Др.-киев. говор, 12). Іншая этымалогія: сувязь з карцёжным тэрмінам польск. bet, labet (< франц. bête, la bête), укр. лабе́ти (пійматися в лабети), рус. попасть в лабе́т ’трапіць у няёмкае становішча’. Гл. падрабязна Балецкі, SSlav., 9, 358.

Бэ́тка ’грыб’ (Сцяшк. МГ). Укр. дыял. бе́тка ’тс’. З польск. betka (bedłka, bedła, мн. bdły; да польскіх форм гл. Бартніцка-Дамбкоўска, Nazwy grzyb., 26–27) ’тс’ (зах.-слав. *bъdъla; параўн. і чэш. bedla; гл. Слаўскі, 1, 29; Брукнер, 19; Махэк₂, 50; магчыма, сюды ж і рус. дыял. бли́цы ’грыбы’, гл. Фасмер, 1, 176; Мяркулава, Очерки, 173–174).

Бэ́штать ’лаяць, ганьбіць’ (КЭС, палес.). Укр. бе́штати ’тс’. З польск. besztać ’тс’, якое непасрэдна звязана з лац. bestia (польск. bestja, bestia). Гл. Бернекер, 53. Але Брукнер (22) лічыў, што besztać з венг. beste ’звер; лаянкавае слова’ (< лац. bestia; MESz, 1, 288–289). Гл. яшчэ Рудніцкі, 119; Тамат, 108–109. Параўн. бэ́сціць.

Бяда́. Гл. бе́дны.

Бядзёлы ’моцны’ (Шат.). Метатэза з дзябёлы (гл.).

Бядро́ ’сцягно’. Рус. бедро́, укр. бедро́, польск. biodro, чэш. bedro, балг. бедро́, серб.-харв. бѐдро і г. д. Прасл. *bedro. Найбольш верагодным з’яўляецца параўнанне з лац. femen, femur ’тс’; Бернекер, 48; Слаўскі, 1, 33–34; Фасмер, 1, 143.

Бядры́нец ’расліна Pimpinella saxifraga L.’, рус. бедрене́ц, укр. бедринець, бедрець, бедренець і інш. (Макавецкі, Sł. botan., 269), польск. biedrzeniec, чэш. bedrník, bederník, bedernica (дыял.), серб.-харв. бѐдринац. Прасл., мабыць, *bedrьnьcь, да *bedro ’сцягно’ (расліна ўжываецца ў народнай медыцыне — павівальнай справе). Махэк₂, 50. Іншыя версіі ў Фасмера, 1, 142–143. Параўн. яшчэ Балейкі, SSlav., 5, 182–183. Лант (Language, 28, 128–133), спасылаючыся на ст.-слав. бедръно, зыходзіць з *bedrьnъ ’багаты’, якое адпавядае санскр. bhadraḥ ’удача, шчасце; спрыяльны’ (< і.-е. *bhed‑r‑).