Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бэз ’бэз, Syringa vulgaris’ (Нас., Касп., Шат., БРС, Сцяшк. МГ, Гарэц., Янк. I, Кіс., Лысенка, ССП, Бесар., Бяльк.); бэз ’бузіна, Sambucus (nigra, racemosa) L.’ (Кіс., Яруш.), бэ́за (Нас., Гарэц., Кіс.), бе́заўе ’месца, якое зарасло бузіннікам’ (Яшкін). Укр. без, бе́зя ’тс’, рус. дыял. бе́за. З польск. bez ’тс’ (< прасл. *bъzъ; гл. Бернекер, 111; Слаўскі, 1, 30–31). Кюнэ, Poln., 44. Усх.-слав. форма — боз. Гл. яшчэ бэзг, бэзд, бэст. Можа, сюды і бэж ’язмін’ (Бяльк.).

Бэ́збаш ’вэрхал, гармідар’ (палес., КЭС). Ст.-укр. безбашный, безбаш (з XVII ст., Цімчанка), укр. бе́збеш ’без мэты, без парадку’. Здаецца, запазычанне з тур. мовы (магчыма, калька): да тур. baş ’галава’ (параўн. яшчэ başsiz ’безгаловы, безначальны, без кіраўніцтва, неабмеркаваны’). Гл. Краўчук, ЛБ, 8, 71–72 (там і прыклады з помнікаў).

Бэзг ’бэз’ (Мурашка, Лінгв. даследв., БДУ, Мінск, 1971, 153–154). Прасл. *bъzgъ (ст.-чэш. bezh, славен. bezg, серб.-харв. базаг; гл. Махэк, Jména rostl., 221–222; Махэк₂, 52–53) няма ў польскай мове (якая толькі адна можа быць крыніцай запазычання бел. слова). Мяркуем, што бел. бэзг — марфалагічна-фанетычная трансфармацыя польск. bezd ’тс’ (гл. бэзд), новаўтварэнне з бэзд, заснаванае на ўскосных склонавых формах (фанетычных).

Бэзд, бэст ’бэз’ (Мурашка, Лінгв. даследв., БДУ, Мінск, 1971, 153–154). З польск. дыял. bezd, best ’тс’ (аб гэтых формах гл. Брукнер, 22; параўн. яшчэ балг. бъздовина).

Бэ́йбас нехлямяжы чалавек, гультай’ (Касп.). Укр. бе́йбас ’дурань, вялікі нехлямяжы чалавек’, рус. дыял. бейбас ’дурань’. Таго ж паходжання, што і ба́йбас (гл.).

Бэйзехалэ́ймус ’бяда’ (Нас.). Рус. дыял. (зах.; адкуль?) бейзехалеймус. Запазычанне з яўр.-ням. bejse chalejmes ’паганыя сны’. Вінер, ЖСт., 1895, 1, 60; Фасмер, 1, 146.

Бэ́йла: пʼяны, як бэйла (Клім.). Запазычанне з польск. pijany jak bela (дзе bela ’пакунак’ < ням. Ballen; аб польск. слове гл. Брукнер, 20). Сюды ж, мабыць, і ўкр. дыял. бейла ’дурань, асталоп’. Польск. bela можа быць скарачэннем і ад belka ’бэлька’ (параўн. укр. напивсь, як бэлька).

Бэ́кас ’бакас’ (палес., КЭС, Бесар.). Укр. бе́кас. З польск. bekas ’тс’ (< франц. bécasse). Параўн. бака́с. Аб польскім паходжанні бел. слова сведчыць націск.

Бэ́каць ’чытаць па складах’ (Сцяц., Шат.) (аб авечках; Янк. II, ДАБМ, 894), бэ́чыць (аб казе, баране; Бесар.); ’плакаць, капрызіць’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат.). Рус. бе́кать, укр. бе́кати, польск. bekać, beczeć, чэш. bekati, bečeti, серб.-харв. бе́чати ’бэкаць’. Ад гукапераймальнага выклічніка бэ (рус. бе, укр. бе; таксама і ў іншых мовах: лат. bę̃, грэч. βῆ, ням. bäh і г. д.). Бернекер, 48; Слаўскі, 1, 29; Фасмер, 1, 146.

Бэ́лька (БРС, Мядзв., Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Бесар., Сцяшк. МГ, Лысенка, ССП, Інстр. I). Укр. дыял. бе́лька. Запазычанне з польск. belka ’тс’ (< ням., гл. Брукнер, 20).