Быкі́ ’буякі, Vaccinium uliginosum’ (карэліц., Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, 1, 82: дыял. форма быке́). Як думае Арашонкава і інш., там жа, гэта вытворнае ад буякі́ ’тс’. Няпэўна, ёсць і іншыя назвы з падобнай семантыкай. Параўн. бугаі́ ’буякі’, буякі́ (там і матывацыя). Не выключаецца, што і быкі ’буякі’, як і бугаі ’тс’, толькі «пераклад» слова буякі, якое пры пашырэнні з дыялекту ў дыялект «асэнсавалася» як вытворнае ад буяк ’бык’.
Бы́кус ’перарослы’ (Нас.). Жартаўлівае ўтварэнне (паводле лацінскіх слоў на ‑ус) ад бык.
Быллё, бы́лле, былі́на, бы́льнік і г. д. Усё да прасл. *bylь ’расліна’, *bylьje, якое звязана з дзеясловам *byti (першапачаткова ’расці’). Гл. Айцэтмюлер, ZfslPh, 22, 363–372; Мяркулава, Очерки, 122; Фасмер, 1, 259. Параўн. яшчэ буліна́.
Бы́ля ’абы (быля́-што)’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.). Ст.-бел. быле ’абы’ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. byle ’тс’ (< *by‑le, да дзеяслова *byti і частка ‑le, гл. Брукнер, 51; Слаўскі, 1, 53). Сюды і былі́ б ’толькі б’ (Нас.). Арашонкава (Бел.-польск. ізал., 11) лічыць, што бел. быле‑што́ запазычана прама з польск. byle co.
Бына́ймней, бына́мней ’калі б; ледзь’ (Нас.). Запазычанне з польск. bynajmniej. Кюнэ, Poln., 47.
Бы́стры (БРС, Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. бы́стрый, укр. би́стрий, польск. bystry, чэш. bystrý, ст.-слав. быстръ і г. д. Прасл. *bystrъ ’хуткі, быстры, ясны, бадзёры і да т. п.’ Этымалогія слова няясная, ёсць шмат версій. Хутчэй за ўсё слав. *bystrъ звязана з герм. словамі: ст.-ісл. bysia ’імкліва выцякаць’, швед. busa ’кідацца ўперад’, фрыз. bûsen ’бушаваць, шумець’, būsterig ’бурны і г. д.’ Агляд гл. у Фасмера, 1, 259–260.
Бытапі́сец. Запазычанне ў дакастрычніцкі перыяд з рус. бытопи́сец. Гл. Крамко, Гіст. мовы, II, 142.
Бы́ццам, таксама бу́ццым, бу́цца, бы́дта, бы́дтам, бы́тта і інш. Укр. буцім, будьсім і г. д., рус. будто і да т. п. У бел. мове шмат розных форм. Усе яны тлумачацца вытворнымі ад дзеяслова быць у камбінацыі з рознымі часткамі. Падрабязна агляд бел. і ўсх.-слав. форм і магчымыя этымалогіі гл. Копечны, Slavia, 39 (3), 1970, 330–333.
Быць. Рус. быть, укр. бу́ти (дыял. зах. би́ти), польск. być, чэш. býti, в.-луж. być, н.-луж. byś, ст.-слав. быти, серб.-харв. би̏ти, славен. bíti. Прасл. *byti ’быць’. Параўн. літ. bū́ti ’быць’, лац. fuī ’я быў’, ст.-інд. bhūtíṣ ’быццё’, грэч. φύομαι раблюся’, гоц. bauan ’жыць’ і г. д. (агляд і.-е. форм і слав. вытворных гл. Траўтман, 41–42). Бернекер, 114; Праабражэнскі, 1, 58–59; Фасмер, 1, 260; Слаўскі, 1, 52; Махэк₂, 78–79; Брукнер, 51–52. І.‑е. *bheu̯ā‑ (цяжкая двухскладовая база, гл. Гірт, Gram., 2, 135–136; Гірт, Ablaut, 105; Бругман, 139 і наст.). Параўн. аблаутную форму *baviti (гл. ба́віцца 1). Лічаць, што першапачатковае значэнне дзеяслова ’расці, узнікаць’. Параўн. яшчэ Айцэтмюлер, AfslPh, 22, 363–372. Іначай Ондруш (JČ, 14, 107), які зыходзіць з першапачатковага рухацца, бегчы’ (параўн. грэч. φεύγω ’бягу’). Сюды прасл. *bуtъ, *bytьje ’быццё’ (агляд форм гл. Бернекер, 113–115).