Маладзя́н ’кавалер, жаніх’ (навагр., Дзмітр.) ’стары кавалер’ (Сцяц.). Відавочна, запазычана з польск. młodzian ’малады чалавек, юнак’, якое ўзыходзіць да прасл. mold‑ěnъ.
Маладня́, мълъдня́, мыладня́, молання ’маланка’ (паўн.-усх.-бел., Працы, 7; Нас., Бяльк., Юрг., Растарг., Мат. Маг.; круп., Сл. ПЗБ; мсцісл. ДАБМ, к. 311), маладнёю ’хутка, нібы маланка’ (Нас.). Рус. смал., калуж. молодня́ ’маланка’. З малання, якое да прасл. moldnьja, як выводзяць Вяч. Ус. Іванаў і В. Тапароў (Бел. лекс., 59).
Маладня́к, маладня́х, молодняк ’маладыя жывёлы, птушкі’, ’малады лес да прачысткі’, ’маладыя пчолы’, ’моладзь’ (ТСБМ, Шат., Касп., Анох., ТС, Сл. ПЗБ, Яруш.). Укр. молодня́к, рус. молодня́к, молодня́г. Усх.-славянскае. Да малады́ (гл.). Аб суфіксе ‑няк гл. Сцяцко, Афікс. наз., 118–119.
Маладня́ча (зб.), ’маладняк, маладыя дрэвы’ (б.-каш., Мат. Гом.). З укр. мовы. Параўн. молодня́ча, молодне́ча ’малады сад, лес’.
Маладосць, моладасць, моладась, мо́лодосць ’маладыя гады жыцця’, ’уласцівасць маладога’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. мо́лодість, рус. мо́лодость, польск. młodość, н.- і в.-луж. młodosć, чэш. mladost, славац. mladosť, славен. mladóst, серб.-харв. мла̏дост, макед., балг. младост. Цэйтлін (Лексика, 22) дапускае, што ў ст.-слав. мове было слова младость са значэннем ’ранняе дзяцінства’, параўн. серб.-харв. мла́дити ’народжваць дзіцянят’, харв. mladíti ’тс’, н.-луж. ga sy ty młody? ’калі ты нарадзіўся?’. На бел. моўнай тэрыторыі гэта лексема мае кніжны характар. У ст.-рус. мове младость азначала ’дзяцінства’, а значэнне ’маладосць’ у рус. мове зафіксавана толькі ў 1704 г. (Палікарпаў).
Маладошчы ’каханне’ (Доўн.-Зап., Оч.). Запазычана з укр. молодо́щі ’маладыя гады’ з пераносам семантыкі.
Маладу́ха ’маладзіца’, ’маладая, нявеста’ (ТСБМ, Бес., Грыг., Сл. Брэс., Гарэц., Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мат. Гом., Растарг.; віл., З нар. сл.; Яруш., ТС). Укр. молоду́ха ’нявеста’, рус. молоду́ха ’маладзіца’, ’маладая жанчына, дзяўчына’, ’нявестка’, польск. młoducha ’маладая жанчына’, ’маладзіца’, славац. mladucha ’маладая напярэдадні і ў дзень вяселля’. Паўн.-слав. molduxa. Да малады́ (гл.).
Маладу́шыцца ’намагацца выглядаць маладой’ (Касп.). Утворана ад маладу́ха (гл.).
Маладча́й — лекавая расліна (Мінск, в. Сляпянка, КЭС). Да малачай (гл.). Аб пераходзе чч > дч (тч) гл. Карскі, 1, 387–388, а таксама наступнае слова.
Маладча́к 1 ’малачай-сонцагляд, Euphorbia helioscopia L.’ (Мат. Гом.), малатча́к ’тс’ (гом., Кіс.), малайчак ’тс’ (Мат. Гом.). З укр. мовы, параўн. молоча́к ’малачай востры, Euphorbia esula L.’ Паяўленне ‑д‑ або ‑й‑ перад ‑чак абумоўлена распадабненнем ‑чч‑ > ‑тч‑ > ‑дч‑ (пры ад’ідэацыі малады́, малайчы́на). Падвойнае ‑чч‑ з ‑чjак: украінскі гук [ч] больш мяккі, чым беларускі. Гл. таксама малачня́к, малачча́к.
*Маладча́к 2, малатча́к, малача́к, малачча́й ’малако ў рыб’ (Мат. Гом.). Да малако. Аб узнікненні ‑дч‑ гл. папярэдняе слова.