Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ставару́к ‘сухая галіна дрэва’ (воран., Сл. ПЗБ). З літ. steverỹs ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 559). Гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 73 з літ-рай.

Става́ць ‘з’яўляцца’ (Ласт., Сл. ПЗБ), ‘быць дастатковым, хапаць’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. става́ти(ся) ‘станавіцца, рабіцца; хапаць’, рус. дыял. става́ть ‘тс’, ц.-слав. ставати ‘станавіцца’, польск. stawać ‘уставаць, падымацца на ногі; затрымлівацца’, чэш. stávat se ‘станавіцца, рабіцца, здарацца’. Паводле Борыся (576), прасл. *stavati ‘затрымлівацца; падымацца’, шматкратны дзеяслоў ад *stati (гл. стаць).

Ста́віцца зваротны дзеяслоў да ставіць (гл.) ‘паўставаць, настройвацца супраць каго-небудзь’, ‘цягнуцца, старацца зраўняцца ў частаванні з багатымі’ (Нас.). Другое значэнне з польск. stawiać się ‘трымаць сябе задзірліва, абуральна; казырацца, задавацца’, stawiać się na równi ‘ставіць сябе нароўні з кім-небудзь’.

Ста́віць ‘размяшчаць, умацоўваць вертыкальна’, ‘расстаўляць’, ‘будаваць’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ст.-бел. ставити ‘тс’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. ста́вити, рус. ста́вить, ст.-рус. ставити, польск. stawić, в.-луж. stawić, н.-луж. stawiś, чэш. staviti, славац. staviť, славен. stáviti, серб.-харв. ста̏вити, балг. ста́ви, макед. стави, ст.-слав. ставити. Прасл. *staviti ‘рабіць так, каб нешта стаяла’ — каузатыў ад прасл. *stojati (гл. стаяць), мае адпаведнікі ў літ. stovė́ti ‘стаяць’, лат. stãvêt ‘тс’, гоц. stōjan ‘накіроўваць’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 742 з літ-рай; Борысь, 576; Глухак, 582; Бязлай, 3, 313–314; Махэк₂, 575–576; Скок, 3, 330–333; Траўтман, 283–284; ЕСУМ, 5, 389 390. Непакупны (Связи, 68–69) звяртае ўвагу таксама на семантычны паўночнаславянскі (і славенскі) пераход ‘ставіць, паднімаць’ → ‘будаваць’, які мае працяг у балцкіх (літ. statýti ‘ставіць’ і ‘будаваць’) і германскіх (ням. aufstellen) мовах, аднак не характэрны для рускай мовы, што недакладна.

Стага́н ‘сараканожка, макрыца’ (Жыв. св., Сл. ПЗБ; ваўк., стаўб., слонім., ЛА, 1). Параўн. укр. стогна́ ‘тс’, рус. дыял. стагане́ц ‘мурашка’. З ⁺стоног з метатэзай н : г, параўн. Фасмер, 3, 743 (без уліку беларускага і ўкраінскага матэрыялу, да гнаць). Параўн. станог, стакалос (гл.).

Стагна́ць ‘енчыць, скардзіцца, наракаць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Шат., Сл. ПЗБ), сто́гнуць ‘тс’ (Нас.), стогна́ць ‘тс’ (ТС), стогне́ць ‘ледзь дыхаць, існаваць’, ‘гудзець’ (там жа), стогн ‘жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам’, ‘скарга, нараканне’, стагната́ ‘стагнанне’ (Нас.), стогно́та ‘тс’ (Гарэц.), стогно́та ‘хвароба’ (ТС), ст.-бел. стогнание (Скарына). Укр. стогна́ти, рус. паўд. сто́гнуть ‘стагнаць; крычаць непрыемным голасам’, ст.-рус. стогнание ‘стогн’, старое в.-луж. stohnam ‘стагну’. Карскі (1, 372) лічыў старой формай на фоне выпадзення ‑г‑ у рускай і царкоўнаславянскай (у апошняй не заўсёды). Фасмер (3, 763) звязвае з рус. стон, стона́ть, стена́ть; Цвяткоў (Запіскі, 2, 1, 81) меркаваў пра ўплыў дзеясловаў тыпу цягну́ць (гл.); Махэк₂ (579) усх.-слав. ‑г‑ лічыць экспрэсіўнай устаўкай і ўзводзіць таксама да прасл. дыял. *stonъ, *stonati, параўн. рус. стона́ть, ст.-рус. стонати, чэш. stonati, ston, славац. stonať, ston, балг. стон, в.-луж. stonać, якое параўноўваюць з грэч. στόνος ‘стагнанне’, ст.-інд. *stanas у abhistanás ‘гул’, ірл. son ‘гук’, а таксама без s‑: лац. tonō ‘грымець (пра гром)’, ст.-інд. tányati ‘шуміць, гучыць, грыміць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1360; ЕСУМ, 5, 423. Адносна прасл. *stenati ‘гудзець, грымець’ гл. Глухак, 583. Параўн. стогнуць, гл.

*Стагно́ту, стогно́ту прысл. ‘дзе там; чорта з два’ (Клім.). Укр. палес. стогно́ту ‘тс’. Няясна. Магчыма, эліпс выразу стогноту табе, дзе стогнота да стагнаць (гл.). Параўн. адна трасца ‘ўсё адно’, трасца на яго галаву і пад.

Ста́да ‘гурт, статак, чарада, табун (коней, кароў, авечак, птушак)’ (Жыв. св., Ян., Скарбы, Барад., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ста́до ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стадо ‘тс’ (Альтбаўэр); паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), у мове Статута 1529 г. адносілася толькі да сукупнасці коней і знаходзілася ў апазіцыі да быдло, якое аб’ядноўвала іншых свойскіх жывёл. Укр., рус. ста́до, стараж.-рус. стадо, польск. stado, в.-луж., н.-луж. stadło, чэш., славац. stádo, серб.-харв. ста̏до, балг. ста́до, макед. стадо, ст.-слав. стадо. Прасл. *stado ‘статак жывёл’, дэрыват ад прасл. *stati (гл. стаць) з рэдкім суфіксам *‑do, першапачаткова ‘група жывёл, якая стаіць’; гл. Слаўскі, SP, 1, 63; Борысь, 574. Роднасныя: ст.-ісл. stód н. р. ‘конскі завод, стада’, ст.-англ. stód ж. р. ‘тс’, ст.-в.-ням. stuot ‘тс’, літ. stodas, лат. stàds ‘саджанец, расліна’; гл. Фасмер, 3, 743. Па прычыне рэдкасці словаўтварэння прапанаваліся іншыя версіі: пранікненне з герм. stôd ‘стада’ < *sta‑ ‘стаяць’ з ‑d‑ як у лексікалізаванага дзеепрыметніка (Мартынаў, Лекс. взаим., 53 і наст.), даславянскае і дагерманскае запазычанне ад “праеўрапейскіх народаў” (Махэк₂, 573). Шустар-Шэўц (1353) як на словаўтваральную паралель спасылаецца на прасл. *čędo (гл. чада ‘дзіця’) < *čęti ‘пачынаць’, *čudo (гл. цуд) < *čuti, ‘адчуваць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў, Этимология–1968, 249; Трубачоў, Происх., 164; ЕСУМ, 5, 391–392. Сюды ж ста́днік ‘племянны бык або жарабец’ (ТС), ‘пастух’ (Касп., Нас., Нік. Очерки), ст.-бел. стадникъ ‘той, хто належыць да статку’ (Ст.-бел. лексікон).

Стадо́ла ‘канюшня на заезным двары’, ‘вялікі хлеў’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘адрына’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), ‘адрына; пуня’ (Скарбы), ‘вялікая пабудова’ (ТС, Ян.), стадо́ля ‘вялікае заезнае памяшканне’ (Шат.), стодо́л ‘адрына для малацьбы’, ‘частка адрыны, дзе малоцяць’ (Шушк.). Укр. стодо́ла, стодо́ля ‘клуня’, рус. стодо́ла ‘навес, хлеў, адрына’, польск. stodoła ‘гаспадарчы будынак для захоўвання сена, збожжа і пад.’, чэш. stodola ‘тс’. Запазычанне праз польскае і чэшскае пасрэдніцтва з ст.-в.-ням. stadal ‘хлеў, стойла’; гл. Міклашыч, 323; Фасмер, 3, 764; Брукнер, 516; Махэк₂, 578; Борысь, 578; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 339–340. У беларускай праз польск. stodoła (Карскі, Белорусы, 135; Кюнэ, Poln. 99); ст.-бел. стодола (стадола) ‘гасцініца, карчма, гумно’ (XVI ст.) з ст.-польск. stodoła.; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 97.

Стажа́р ‘уваткнуты ў зямлю шост, вакол якога кідаецца стог’, стажа́рʼе ‘аснова стога; падсцілка, на якую ставяць стог сена, каб зберагчы яго ад сырасці’ (ТСБМ), таксама ‘месца, дзе стаяў стог’ (Янк.), стажа́рка ‘стрэшка на чатырох слупах, пастаўленая над стогам’ (Сл. ПЗБ, мёрск., ЖНС), стажа́рня ‘стажарка’, ‘падсцілка пад стог’ (Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.), стажа́рыньне ‘падсцілка пад стог’ (пін., Шатал.), стажа́рышча ‘тс’ (Сцяшк.). Укр. дыял. сто́жар ‘месца, дзе стаяць стагі сена’, стожа́рище ‘месца, дзе стаяў стажок’, рус. стожа́, стожара́, стожера́ ‘кожны з калоў, якімі ўмацоўваецца стог сена’, стожа́р, стожа́рь ‘шост у стагу’, ст.-рус. стъжаръ ‘шост, уваткнуты ў зямлю для ўмацавання стога’, в.-луж. sćežor ‘шост’, н.-луж. sćažor ‘жардзіна’, чэш. stožár ‘мачта’, славац. stožiar ‘тс’, славен. stožẹ́r ‘шост у стозе’, серб.-харв. сто̏же̑р ‘паля, уваткнутая на таку’, балг. сто́жар, сто́жер ‘тс’, макед. стожер ‘тс’. Прасл. *stožerъ ‘стоўб, шост, жэрдзь’; утворана ад прасл. *stogъ ‘стог’ (гл.) з суф. ‑erъ, гл. Слаўскі, SP, 2, 23. Параўн. літ. stãgaras ‘сухое доўгае сцябло расліны’, лат. stagars ‘тс’, ст.-в.-ням. stecho ‘паля, слуп’; гл. Фасмер, 3, 764; Махэк₂, 580; Сной₁, 611; Шустар-Шэўц, 1274–1275; ЕСУМ, 5, 424. Гл. сцежар.