Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вярэ́да ’крыўда’ (КТС, Х. Шынклер). Да верад (гл.).

*Вярэ́даўнік ’пылюшнік жоўты, Thalictrum flavum L.’ (віц., Кіс., Інстр. II), драг. вырдоўнэ́к ’паўночнік палявы, Knautia arvensis (L.) Coult.’ утворана пры дапамозе суф. Nomen instrumenti ‑нік (аў‑нік) ад верад‑оў‑ < verdъ (гл.). Лекавыя ўласцівасці расліны паслужылі асновай для ўтварэння назвы не долькі ў бел. мове, пра што сведчаць іншыя сінонімы лексемы: райнік, гаец, гойнік (віц., Кіс.), але і ў іншых слав. мовах; параўн. рус. вередовец, вередная (вередовая) трава, укр. вередник, славен. vrẹ́dnik, vrẹdníca і г. д.

Вярэ́дзіць і вярэдзіцца (БРС, КТС). Да верадзіць, верадзіцца (гл.). Сюды ж вярэдліва (КТС).

Вярэ́днік ’крапінец чубаты, Polygala comosa Schkuhr.’ (Касп.), вераднік ’тс’ (маг., Кіс.). Матывацыя няясная. Магчыма, да ве́рад (гл.).

*Вярэ́йкі, варэ́йкі ’дошкі або жэрдкі, якія выконваюць функцыю прымітыўных варот’ (хойн., Нар. сл.); ’крайнія зубы грабянёў’ (КТС). Да *‑віраць < ver‑/vor‑/vьr‑. Гэты корань маецца ў бел. абора < ob‑vora. Суф. ‑эйк‑ пашыраны ў зах.-бел. гаворках (Сцяцко, Афікс. наз., 37). Параўн. таксама чэш. zavírati ’зачыняць’, závora ’засоўка, закрутка’, závorky ’шлагбаум’, славац. vora ’агароджа’, укр. вір ’агароджа з жэрдак’, вірʼя ’тс’.

*Вярэ́йцы, цэнтр.-палес. вере́йцы ’рэдкія варотцы з жэрдак, праз якія ўязджаюць у двор’ (Серб.); ’падваротня ў гумне’ (лельч., Нар. сл.). Да вярэйкі (гл.).

Вярэ́каць ’гаварыць абы-што’ (КТС, М. Паслядовіч). Сюды ж, паводле аўтараў СРНГ, 4, 42, і іншыя блізкія экспрэсіўныя лексемы: рус. варакать, пск. варгасить ’гаварыць недарэчнасці, бязглуздзіцу’, арханг., ленінгр., перм., с.-урал. варакосить, паўдн.-рус., смал. варнакать ’тс’, варон. ’гаварыць няясна’. Непераканаўча Фасмер (1, 273–275). Бел. вярэкаць, магчыма, узнікла ў выніку кантамінацыі вярзці і *рэкці (< rěkti); параўн. драг. рэ́кало ’чалавек, які доўга і нудна гаворыць недарэчнасці, бязглуздзіцу’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.).

Вярэ́кша — жартаўлівы зварот да дзіцяці (Працы, 6), рус. смал. верекса ’міфалагічная істота, якая выклікае ў дзіцяці хваробу, ад чаго дзіця плача, капрызіць’. Звязана з літ. ver̃kti, verkšlénti ’плакаць’, verksnỹs, verkšnà ’плакса’. Аб бел. суф. ‑ш‑а гл. Сцяцко, Афікс. наз., 75–76.

Вярэ́ма ’лазняк’ (слуц., Мал.). Няясна.

Вярэ́ні ’від абутку з лыка’ (Інстр. I); ’лапці, сплеценыя з вяровак’ (Сак., Шат.) — парны лік наз. вярэ́ня, роднаснага да рус. цвяр. веренька ’пяхцер’, тул. ’вяроўка’, а апошнія — з *верень ’рад’ (Шанскі, 1, В, 57) < verenь; параўн. ст.-англ. worn ’ланцуг’; ’шмат’, ірл. foirenn ’атрад’, літ. vir̄vinis ’вяровачны’. Гл. таксама Фасмер, 1, 296, там літ-pa. Звязана з наступным словам.