Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Скрыгля́ць ‘наразаць тонкімі скрылікамі’ (Сцяшк.). Да папярэдняга слова, параўн. скрыль (гл.).

Скры́дла ‘крыло’ (Байк. і Некр.; воран., Шатал.), скры́длы мн. л. ‘тс’ (Сцяшк., Інстр. 2), скры́дла, скры́дло, скры́длы, скры́для ‘крыло’, ‘рагач у калаўроце’ (паст., смарг., гродз., шальч., Сл. ПЗБ), скрыдэ́лка памянш. (лаг., КЭС), скры́далкі ‘плаўнікі’ (рас., Шатал.), сюды ж скра́дла ‘крылле’: пявун як замахае сваім скрадлам (Мат. Гом.). З польск. skrzydło ‘крыло’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 83). Ст.-бел. скридло, скрыдло кан. XVI — пач. XVII ст., з ст.-польск. (Булыка, Лекс. запазыч., 204). Гл. крыло.

Скры́дня ‘крыга’ (валож., Сл. ПЗБ). Кантамінацыя скрыга з асновай скрыд-, якая ў скрыдэль (гл.), аформленае суф. ‑н(я).

Скрыдэ́ль ‘скрыль’, памянш. скрыдэ́лек, скрыдэ́лак (беласт., ашм., гродз., Сл. ПЗБ), скры́длікі ‘страва з цёртай бульбы’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж, відаць, скрыдле́ўе ‘скібы змёрзлай зямлі’ (віц., Хрэст. дыял.). Кантамінацыя скрыль і скрыдла, скрыдля (гл.).

Скрыло́ ‘крыло’ (Ласт., Сл. ПЗБ, Стан.), скры́льлі ‘крылы’ (Ласт.), скры́лы ‘тс’ (Сл. ПЗБ), скры́лья ‘крылле’ (там жа). Варыянт з рухомым s‑ ад *skridlo/*kridlo (гл. ЭССЯ, 12, 153). Гл. крыло.

Скрыль ‘луста, скіба’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Мядзв., Бяльк., Янк. Мат., Жд. 1), ‘пласт узаранай зямлі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘вашчына’ (там жа), ‘жменя льну’ (мядз., там жа), ‘губа на дрэве’ (ТС), скрылі́ ‘нарэзаная і падсмажаная бульба’ (Бяльк., Мат. Гом., Янк. Мат.), скрылькі́ ‘суп з бульбы’ (барыс., Жд. 1), скрыль ‘соты з мёдам у раме’ (віл., З нар. сл.), памянш. скры́лік, скрыля́ць ‘рэзаць скрылямі’ (ТСБМ, Касп., Нас., Ласт.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ). Рус. зах., паўд. скрыль ‘трэска, лучына, луста хлеба’, польск. дыял. skrzyl ‘бераг, край’, чэш. skřidla, škřidla ‘сланец, чарапіца’, славац. škridla ‘тс’, серб.-харв. скри́ла, шкри́ља, шкриљац ‘тонкая каменная плітка’, славен. skríl ‘сланец’, skríla ‘каменная плітка’, škríl, škríla ‘сланец; ільдзіна’. Прасл. *skridlь або *skridla ‘што-небудзь расшчэпленае, расколатае, адрэзанае’. Мяркулава (Этимология–1982, 46–47) узнаўляе прасл. *skriti ‘рэзаць’, адкуль выводзіцца смал. скрыля́ць ‘шчыпаць’. Сной₁ (575) дзеяслоў рэканструюе як *skristi, skridǫ ‘рэзаць , які да і.-е. базы *skreid‑ ‘рэзаць, шчапаць’. У якасці паралеляў ён прыводзіць гоц. diskretends ‘торгаючы, ламаючы’, ням. бавар. schritzen ‘ламаць, торгаць’, нова-в.-ням. schritz ‘разрэз’. Фасмер (3, 659) звязвае з кроіць, крою (гл.). З прычыны праславянскага і агульнаславянскага характару слова нельга лічыць яго запазычаным з літ. skrỹlis ‘варэнікі; аладкі; абрэзкі цеста’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 39 з літ-рай), параўн. Анікін, Опыт, 283 з літ-рай.

Скрыме́ць ‘дранцвець, церпнуць, пачынаць балець’ (Тур.). Няясна.

Скрындзі́ць ‘плакаць, ныць, капрызіць’ (Арх. Федар.). Гл. скрэнда.

Скрындо́ла старое ‘аглобля сахі’ (ТСБМ). Гл. крынджалы.

Скры́ня ‘драўляная пасудзіна для складвання ці ссыпання, скрынка’, ‘драўляная пасудзіна з вечкам і замком, сундук, куфар’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Мал., Мядзв., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Пятк. 2, ТС, Булг., Шатал., Бір. дыс., Нар. словатв., Сл. ПЗБ, Шушк., Жыв. сл.), ‘аконная або дзвярная шуфляда’ (Тарн., Шушк., ТС), ‘драўляная аправа ў жорнах’ (шальч., лід., Сл. ПЗБ), ‘дадатковы зруб на дне калодзежа’ (Некр., Сцяшк., Шатал., Бір. дыс., ТС, Нар. лекс.), ‘вулей’ (ігн., вільн., Сл. ПЗБ), ‘дамавіна з чатырох дошак’ (ТС), ‘шуфляда ў стале’ (Нар. сл.), ‘форткі акна’ (Шушк.), ‘ступка (медная)’ (Мат. Гом.), скры́нка ‘сундук’ (мазыр., Яшк. Мясц.), скры́нка ‘чатырохчленная пасудзіна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Асноўная версія: беларускае, як і ўкр. скри́ня, рус. скрин, скри́ня, скри́нка ‘тс’, запазычаны з польск. skrzynia, skrzynka ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 157; Кюнэ, Poln., 97) або чаш. skříně ‘тс’ (Фасмер, 3, 657). Крыніца заходнеславянскіх слоў у лац. scrīnum ‘цыліндрычная скрынка для захавання папер’; гл. Махэк₂, 550; Голуб-Копечны, 334–335; Младэнаў, 586; Скок, 3, 270) або з ст.-в.-ням. scrîni ‘шафа’ (Фасмер, там жа, Кіпарскі, Gemeinslav., 264 і наст., Сной₁, 575), якое ўзыходзіць да той жа лацінскай крыніцы. Праабражэнскі, 2, 312; Брукнер (498), Шустар-Шэўц (700–701) дапускаюць магчымасць спрадвечнаславянскага паходжання і роднасць з рус. крынка. Гл. яшчэ БЕР, 6, 796.