Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сёртаць ‘бадзяцца, мазоліць вочы’ (полац., Нар. лекс.), ‘мітусіцца, снаваць’ (дзісн., Яшк. Мясц.), ‘прыглядацца, шукаць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Паводле Варбат (Этимология–1975, 32 і наст.), да прасл. *sьrtati, якое ўзнаўляецца на аснове рус. зах. сёртать ‘хадзіць без справы, бадзяцца’, алан. се́ртать ‘чакаць’, цвяр. серта́ть ‘пераступаць з нагі на нагу’, польск. дыял. siertać się ‘мітусіцца, кідацца’, серб.-харв. sȑtati ‘ісці, хадзіць, як сляпы, бадзяцца’, балг. дыял. сръ́та ‘углядацца’, макед. сртам ‘углядацца; чакаць’, якія далей да і.-е. кораня *ser‑ ‘цячы’ з ‑t‑ пашыральнікам. Па-за славянскімі мовамі адпаведнікі ў ст.-інд. sísarti, sárati ‘цячы, спяшацца, імкнуцца’, с.-ірл. sirid ‘бадзяцца, нападаць, рабаваць’, літ. apsìrti ‘акружваць’, лат. sirt ‘бадзяцца, нападаць, рабаваць’ і інш.

Сёструха ‘сястра (дваюрадная, траюрадная і г. д.’)’ (Клім.). Да сёстра < польск. siostra ‘сястра’. Параўн. рус. пск. сестру́ха, сестру́шка ‘дваюрадная або траюрадная сястра’. Гл. таксама сястранец.

Сёстрык ‘гейка, прыяцелька’ (Пятк. 2, Некр.), ‘зварот да жанчыны’ (ТС). Да сястра́ з памяншальным суф. ‑ік, пераносам націску і з’яўленнем ó пад націскам або ад сёстра ‘сястра’ (Ян.); апошняе ідэнтычнае польск. siostra ‘тс’.

Сі ў песні: Сі наша дочка — прошу ў госьціну /А сі зозулька — леці ў лішчы́ну (пруж., Palaeoslavica, 14, 257). Клімчук (там жа), у запісах якога даюцца тэксты, пакінуў без тлумачэння. Паводле функцыі нагадвае ўмоўны злучнік са значэннем ‘калі’, параўн. се2 (гл.); апошні выводзіцца з указальнага се1 (гл.). Магчыма, форма ж. р. *si (гл. сей).

*Сіба́, сыба́ ‘няўжо’ (Сл. Брэс.), ‘хіба’ (драг., Ск. нар. мовы). Няясна; фармальна і па значэнні суадносіцца з хіба (гл.), пачатак слова пад уплывам займеннікавай асновы *s‑ (гл. сей, сі). Параўн. сіхібо (гл.).

Сібе́ль ‘сялява’ (асіп., Сл. ПЗБ), ‘назва рыбы’ (Ян.), сібель ‘верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (Жук., Жыв. св.), укр. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’, рус. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’. Выводзіцца з *вьсебѣль, што да весь ‘цалкам’ (гл.) і белы; апошняе пацвярджаецца як навуковай назвай з лац. alburnus < albus ‘белы’, так і шматлікімі народнымі назвамі: укр. біли́ця, рус. бело́вка, польск. biela, чэш. bělice, славац. belička, славен. belíca і інш., а таксама нова-в.-ням. Weißfisch, грэч. όλόλευκοσ τάριχος (літаральна ‘цалкам белая рыба’), гл. Фасмер, 3, 587; Каламіец, Рыбы, 25; ЕСУМ, 5, 201. Выказанае меркаванне пра балтыйскае паходжанне назвы (Лекс. балтызмы, 11, 12) непрымальнае па фармальных прычынах (Анікін, Опыт, 274).

Сібе́рны ‘пранізлівы халодны (пра вецер); злы, буяны (аб чалавеку)’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк., Нік., Жд. 1), ‘вялікі’: сіберны мароз (Пятк., Сержп. Прымхі, Жд. 2), ‘злосны, дрэнны’ (Жыв. сл.), сібі́рны ‘злы, жорсткі’ (Некр., Бяльк., Жд. 1, Скарбы), сібі́рка ‘сіберны, халодны вецер’ (Бяльк.), sibièrny ‘вылюдак, прыгнятальнік’ (Федар. 4), sibírnik ‘бандыт, крымінальнік’ (Варл.). Рус. смал., варонеж. сиби́рный ‘зверскі, злы’. Калі меркаваць па першым значэнні, то, відавочна, з сівер (гл.) пад уплывам Сібір у духу народнай этымалогіі.

Сібі́р звычайна м. р. ‘край за Уралам’ (Ласт., Стан.), Сібі́р, Сыбі́р ‘тс’ (Некр. і Байк.), Сібі́р, Сібе́р ‘тс’ (Янк. 1), сібе́р ‘пагібельнае месца’ (Шат.). З рус. Сиби́рь, ад назвы сталіцы ханства ў Прыіртышшы, якую выводзяць ад гунскага этноніма Σάβειροι (Праабражэнскі, 2, 282; Фасмер, 3, 616). Не выключана і польскае пасрэдніцтва, паколькі на карце польскага географа Антонія Віда (1542) паказаны горад Сібір на рацэ Абі (Фралоў, Всесоюзная конф. “Исторические названия — памятники культуры”. M., 1989, 89). Рамстэт (362) узводзіць назву да манг. Sibir, калм. šiwr̥ ‘зараснікі, сырая мясцовасць’, адкуль, у прыватнасці, ідуць назвы: тат. s̥ibir, табол.-тат. Sėbėr, Sėvėr і г. д., што вельмі няпэўна. У аснове назвы этнонімы сипыр (варыянты себер, сыбыр), si pyr (RÉS, 39, 190) — племя, што, згодна з паданнямі сібірскіх татараў, жыло на гэтай тэрыторыі. Усё няпэўна, гл. Анікін, 493–494 (з аглядам версій і літ-ры). Пра спробы звязаць паходжанне назвы з балг. шубра́к ‘хмызняк’ гл. Сімяёнаў, БЕ, 28, 50–52; Дурыданаў, Studia Etym. Brun., 3, 69–71.

Сіваба́віна, сіваба́йня ‘пясчаная неўрадлівая светлага колеру глеба з прымессю чарназёму; падзол’ (стаўбц., Яшк.), сіваба́віна ‘тс’ (Жд. 1). Да сі́вы (гл.) або сіве́ць з ланцужком суфіксаў: сіве́ць > сіваба (+ суф. ‑аба) > сівабавы (+ суф. ‑ав‑) > сівабавіна (+ суф. ‑іна); сіваба > сівабайня (+ суф. ‑айня).

Сіваваро́нка ‘птушка Coracias garrulis L., сіваграк’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Жыв. св., ЛА, 1), сіваронка ‘тс’ (Арх. Федар.), сі́вая варонка ‘тс’ (ЛА, 1), сіваўро́нка ‘тс’ (Сцяшк., Нар. лекс.), сі́ўка‑варо́нка ‘тс’ (Нас., Касп., Нар. лекс., ЛА, 1), сіва́я варона ‘тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1). Рус. сивоворо́нка, дыял. си́воронок, сиворо́нка; апошнія ў выніку гаплалогіі з сивоворон(ок) (Фасмер, 3, 616). Ад сівы і варона, гл. (Праабражэнскі, 2, 283; Фасмер, там жа). Ніканчук (БЛ, 9, 59) адмаўляе этымалагічную сувязь з варона — хутчэй гэта субстытуцыя слова грак, гл. наступнае слова.