Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сівадра́ка, сівадра́ха ‘птушка сіваваронка’ (ТС, ПСл, ЛП; лельч., мазыр., ЛА, 1), сіва́дра ‘тс’ (лельч., ЛА, 1). Гл. сіваграк, сівакрака з другой гукапераймальнай часткай, збліжанай з драць (гл.).

Сіва́к1 ‘неўрадлівая глеба сівога колеру’ (шчуч., дзятл., лід., Сл. ПЗБ), тое ж сіве́ц (віл., ганц., докш., Сл. ПЗБ; ст.-дар., Яшк.), сіву́ха (воран., Сл. ПЗБ). Апошняе абазначае яшчэ і ‘глей’ (там жа). Да сівы, паводле колеру.

Сіва́к2 ‘птушка чырвонагаловы нырэц, Aythya ferina L.’ (гарад., Касп.; пін., Федз.–Доўб.), параўн. рус. ярасл. сиво́к, сиву́ч ‘тс’, укр. сива́к ‘парода галубоў’, чаш. sivák ‘шызы голуб’. Да сівы (гл.); найменне па пераважаючым колеры апярэння, параўн. сіўка, сявак (гл.).

Сівакра́ка, сівакра́к, сівокра́ка ‘сіваваронка, Coracius garrulis L.’ (Маш., Мат. Гом.), сівакра́ка, сівакра́ха ‘тс’ (Ян.). Укр. палес. сівокра́ка, сівокра́ха ‘тс’. Ад сівы (гл.) і дзеяслова кракаць (гл.), што перадае гукаперайманне кра‑кра, кара‑кара і пад., гл. Ніканчук, БЛ, 9, 59. У ‑краха гіпакарыстычны суф. ‑х‑.

Сівапёс ‘белаватая, вельмі неўрадлівая зямля’ (Юрч. Вытв.). Да сівы і пясок (гл.), параўн. сіняпёс, гл.

Сі́вер ‘халодны паўночны пранізлівы вецер’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сцяшк.; віц., Нар. словатв., Сержп., Ян.), сі́верка ‘намаразь’ (Ян.), ‘халодны вецер’ (Пятк. 2), сі́верны ‘халодны, сцюдзёны’ (ТСБМ, мін., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), сі́вярнік ‘вецер з поўначы’ (Сцяшк. Сл.), сі́вераць ‘рабіцца шурпатым, асмуглым, грубець ад ветру, холаду (звычайна пра скуру на твары, руках і пад.)’ (ТСБМ), сівярэ́ць ‘халадаць’ (Сцяшк. Сл.). Укр. сі́вер ‘холад; халодны пранізлівы вецер’, рус. арх. си́вер ‘паўночны вецер’. Тлумачыцца з север (сѣверу), дзе и з ѣ (Фасмер, 3, 616), аб умовах гэтага пераходу гл. Карскі, 1, 216. Параўн. се́вер (siévir) ‘сухі сцюдзёны вецер’ (Варл.), семантычна больш ранняя форма, гл. ЭССЯ, 8, 192.

Сі́веркі мн. л. ‘цыпкі’: сі́веркі ўсыпалі ногу (Куч.). Ад сівераць ‘рабіцца шурпатым, трэскацца (пра скуру)’, гл. сівер.

Сіве́ц ‘расліна Nardus L.’ (ТСБМ, Кіс., Касп., Гарэц., Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ЛА, 1). Да сівы (гл.), з-за светла-шэрага колеру расліны. Аналагічна сіве́ц, сіву́ха, сі́ўка — пра сівых мужчыну ці жанчыну (Барад.).

Сівізна́, сіві́зна ‘сівіна, сівыя валасы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Шат., Варл.; ашм., Стан.; даўг., Сл. ПЗБ). Паводле Кохмана (Kontakty, 24), ва ўсходнеславянскія мовы запазычана з польск. siwizna ‘сіваватасць, сівыя валасы’. Аналагічна адносна рус. сивизна́ ‘тс’ гл. Віткоўскі, Słownik, 172.

Сіві́ць ‘паступова сівець’ (Нас.), укр. сі́вити ‘тс’. Да сівы (гл.).

Сі́вы ‘белы, серабрысты (пра валасы)’, ‘колеру попелу; шэры’ (ТС, Нас., Байк. і Некр., Сержп., ТС, Сл. ПЗБ), сівы́ ‘тс’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Сл. ПЗБ, Стан.), сы́вы ‘шэры’ (Сл. Брэс.), сіве́ць ‘станавіцца сівым’ (ТСБМ). Укр. си́вий, рус. си́вый, ст.-рус. сивъ, польск. siwy, в.-луж. sywy, чэш., славац. sivý, серб.-харв. си̏в, славен. sív, балг. сив, макед. сив ‘шэры, сівы’, ст.-слав. сивъ. Прасл. *sivъ(jь) ‘сівы, светлы, русы’. Паралелі ў літ. šývas ‘светла-шэры, сівы’, ст.-прус. sywan ‘шэры’, далей у ст.-інд. śyāváh̥ ‘карычневы, цёмна-карычневы’, авест. syāva‑, асец. sau‑ ‘чорны’ (Траўтман, 306; Майргофер, 3, 384), якія працягваюць і.-е. *kʼī‑u̯o < *і.-е. kʼī‑ ‘цёмна-шэры’ з суф. ‑u̯o > прасл. ‑vъ (Борысь, 549). БЕР (6, 633–635), Сной₁ (570–571), як і Покарны (540) узводзяць да і.-е. кораня *kʼei̯‑ ‘цёмны, сівы’. Фасмер (3, 617) сумняваецца ў сувязі з сіні (гл.), якую прапаноўвае Махэк₂ (543, 545), і з сіяць, гл.