Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сёлета ‘сяголета’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Яруш., Мядзв., Касп., Бяльк., Сцяшк., Варл., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 2), сёлетка ‘тс (Янк. 3.), сёлетні ‘сяголетні’. Вытворнае ад займ. *sь ‘гэты’ (гл. сей) і Р. скл. лета ў значэнні ‘год’. Параўн. рус. се́го́ду і ўкр. сері́к ‘тс’; гл. аб рус. слове Фасмер (3, 589). Аб пераходзе е > о гл. Карскі, 1, 176. Ён жа (2–3, 74) форму сёлета тлумачыць як сцягненне спалучэння сего лета: сео́лета > сёлета. Хутчэй непасрэдна са спалучэння *se (н. р. ад *sь) і ле́та з пераносам націску і пераходам е ў ё (Шымкевіч запісваў яшчэ сё‑лѣта ‘гэтага году’, гл. Шымк. Собр.). Параўн. энклітычнае ўжыванне *sь у ле́тась ‘мінулым летам’ (гл.).

Сёлетка ‘цялушка-сяголетак’ (барыс., Сл. ПЗБ; Нас., Касп., Шатал.), сёлетак, сёлетка ‘гэтага году (птушка і г. д.)’ (Янк. 3.), сілято́чык ‘тс’ (Бяльк.), сёлітнік ‘сяголетак’ (глыб., Сл. ПЗБ). Суфіксальны дэрыват ад сёлета (гл.). Да сёлета, сёлетні (гл.).

Сёма́ка ‘бёрда, якое разлічана на сем пасмаў асновы’ (ельск., Уладз.). Да сем (гл.). Сюды ж і міждыялектныя сінонімы гэтага слова з іншымі суфіксамі: сему́ха, седьмо́ўка, се́мка, сема́ха, сема́чка.

Сёмга ‘прамысловая рыба сямейства ласасёвых’ (ТСБМ), звычайна ласо́сь (Ласт.; гл.). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), з рус. сёмга, якое вядома з 1526 г.; ст.-рус. семга (1625 г.). Не мае пэўнай этымалогіі; лічаць запазычаннем з фін. tonka, Р. скл. tongan ‘від дробнага ласося’ ці з лац. salmo ‘ласось’ або тур. semek ‘рыба’. Падрабязна гл. Фасмер (3, 598).

Сёмісты ‘ў крапінку, рабы’: сёміста курыца (Скарбы), сі́мынисти ‘рабаціністы’ (пруж., Ск. нар. мовы). Магчыма, да се́мя ‘насенне льну’, г. зн. як бы ‘пасыпаная семем’, параўн. укр. дыял. сіме́ня ‘рабая курыца’, семена́стий ‘у крапінку, пярэсты’, што выводзіцца з сі́мʼя ‘насенне’ (ЕСУМ, 5, 254).

Сёмуха ‘свята на пяцідзесяці дзень (праз сем тыдняў) пасля Вялікадня’ (ТСБМ, Шат., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі; Сл. ПЗБ), ‘пятніца сёмага тыдня пасля Вялікадня, Духаўская пятніца’ (Нас.), сёміца ‘тс’ (паст., Сл. ПЗБ), сёмка ‘сёмуха’, ‘субота перад Троіцай’ (глыб., Сл. ПЗБ). Да сёмы (гл.); параўн. рус. семи́к, седми́чник ‘чацвер на сёмым тыдні пасля Вялікадня’ (Праабражэнскі, 2, 224–225; Фасмер, 3, 599). Сюды ж сёмушка ‘галінкі дрэў, маладыя дрэўцы, якімі ўпрыгожваюць на Тройцу хату, падворак’, сёмушнія дзяды́ ‘памінальны дзень праз тыдзень пасля Тройцы’ (Сл. ПЗБ).

Сёмы ‘парадкавы лічэбнік да сем’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.). Укр. сьо́мий, рус. седьмо́й, дыял. сёмый, семой, ст.-рус. семыи, ст.-слав. седмъ, польск. siódmy, в.-луж. sedmy, н.-луж. sedymy, чэш. sedmý, славац. siedmy, серб.-харв. се̑дми̑, славен. sédmi, балг. се́дми, макед. седми ‘тс’. Прасл. *sedmъ з *sebdmъ, параўн. ст.-прус. septmas, ст.-літ. sẽkmas, ст.-інд. saptamás, лац. septimus. Гл. Траўтман, 257; Мюленбах-Эндзелін, 3, 818; Фасмер, 3, 591; БЕР, 6, 584. І.‑е. *septm̥ó‑ ‘сёмы’, утвораны ад лічэбніка *septm̥ ‘сем’. У праславянскай адбылася асіміляцыя і спрашчэнне групы зычных: *sept​ə > *septmó > *se(ь)dmъ > *sedmъ, гл. Борысь, 549. Ва ўсходнеславянскіх мовах яшчэ dm → m.

Сёначы. Гл. сеначы.

Сёння ‘сягоння (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Гарэц., Сцяшк.; смарг., ашм., чэрв., Сл. ПЗБ; ЛА, 2), сёння, сёнё, сённі ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сёні ‘тс’ (Янк. 1, Жд. 1), сёнійка (Гарэц.), сёнечы ‘тс’ (Бір. дыс., Сл. ПЗБ), сёніка, сённіка ‘тс’ (Сцяшк.), сёнячы ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Нар. лекс.). Слова ўтварылася ў выніку сцягнення сягоння (гл.); гл. Карскі 2-3, 74; 1, 270: ваўк. siōni (Федар. 1) < śe​hóńi.

Сёрбаць ‘гучна есці ці піць’, ‘сморгаць’, ‘сцябаць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Варл., Чач., Мядзв., Бес., Нар. лекс.), сярба́ць ‘тс’ (Нас., Бяльк.), серба́ць ‘тс’ (ТС), сёрб ‘глыток’ (Байк. і Некр., Нас., Нар. лекс.), ‘выклічнік ад сёрбаць’ (Нас., Янк. 3.). Укр. сьо́рба́ти, рус. дыял. серба́ть, сёрбаць, стерба́ть, ст.-рус. серебати, польск. sarbać, sorbać, siorbać, в.-луж. srěbać, н.-луж. sŕebaś, чэш. střebati, славац. strebať, харв. srȅbati, славен. srẹ́bati, балг. съ́рбам, макед. срба, ст.-слав. сръбати. Прасл. *sьrb‑/*sъrb‑/*serb‑. Бліжэйшыя адпаведнікі: літ. sur̃bti, srė̃bti, лат. surbt, strèbt, лац. sorbeō, sorbēre ‘сёрбаць’, ст.-в.-ням. sürpfeln ‘тс’; гл. Траўтман, 294; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1125; Торп, 445; Брукнер, 481; Махэк₂, 585; Фасмер, 3, 604. Сной₁ (600) узводзіць да і.-е. базы *ser‑bh‑ ‘смактаць’ і сцвярджае роднасць з прасл. *srъkati ‘смактаць, ссаць’, параўн. чэш. srkati, якое Махэк₂ (572) лічыць гукапераймальным. Паводле Глухака (577), абедзве асновы маюць гукапераймальны характар. Борысь (549) прыводзіць апафанічны рад: і.-е. *sr̥b(h)‑/*serb(h)‑/*sreb(h)‑. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1348; ЕСУМ, 5, 493.