Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

І́сны ’сапраўдны, рэальны’ (ТСБМ), і́стны (Гарэц., Др.-Падб.), истный, истый (Яруш.). Рус. и́стый, дыял. и́стный, укр. і́стий, і́стний, польск. istny, уст. istу, в.-луж. wěsty, н.-луж. wěsty, уст. jisty, чэш. jistý, славац. istý, славен. îsti, серб.-харв. и̏сти, балг., макед. ист. Ст.-слав. истъ ’існы, сапраўдны’, ’гэты, той’, ст.-рус. истый ’той самы; сам’, ’існы, сапраўдны’, ст.-бел. истый ’сапраўдны’, исте, исто ’сапраўды’. Няма неабходнасці прыцягваць польск. isty для тлумачэння ст.-бел. истый ’сапраўдны, праўдзівы’, як Булыка, Запазыч. Бел. існы ўзыходзіць да *jьstъ з суф. ‑ьnъ з далейшым спрашчэннем кансанансам групы. Бясспрэчнай этымалогіі няма. Са шматлікіх версій вылучаецца меркаванне Тапарова (КСИС, 25, 1958, 80–86) аб роднасці з лац. iste ’гэты, той’. Гэта збліжэнне добра тлумачыць семантыку і займенную форму слав. слова: *is‑to‑ ’той самы, іменна той’. Іншыя прапановы менш верагодныя. Супастаўленне з коранем *es‑ ’быць’ (Міклашыч, 105; Мёль, MSL, 7, 1891, 357–358; Брукнер, 193–194, семантычна вельмі прывабнае, выклікае фанетычныя і акцэнталагічныя цяжкасці (Брандт, РФВ, 22, 134; Мейе, MSL, 14, 336). Бернекер (1, 435–436) тлумачыць як складанне з *jьz(iz) + sto‑ (ад *stā‑ ’стаяць’); параўн. лац. ex‑sistere ’існаваць’. *Jьstъ збліжаюць таксама з лат. īsts, īstens ’існы, сапраўдны’ (Буга, РФВ, 70, 1913, 252–253), літ. ýsčias ’яўны, ясны’ (Мюленбах-Эндзелін, 1, 838; Ваян, RÉS, II, 1931, 174). Станг (Norsk Tidskrift for Sprogvidenskap, 15, 343–351) параўноўвае са ст.-інд. īśe ’ўладаць’, гоц. aigin ’уласнасць’, адкуль зыходнае значэнне ’ўласны’. Махэк₂ (228) раздзяляе jistý ’пэўны’ і ten jistý ’той самы’ і апошняе звязвае са слав. *jьsto ’нырка’, хец. ištanza‑ ’душа’, ням. Geist ’дух’. Параўн. яшчэ Безлай (1, 213), які прапаноўвае як магчымую рэканструкцыю *(v)istъ. Больш падрабязны агляд этымалагічных тлумачэнняў гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 246–247; Фасмер, 2, 144; Слаўскі, 1, 468–469.

Іспата́каць ’зрасходваць, выдаткаваць’ (чэрв., Сл. паўн.-зах.); параўн. рус. поток у выразе поток и разграбление ’поўнае разарэнне, разбурэнне, знішчэнне’, першапачаткова — мера пакарання ў старажытнарускай феадальнай дзяржаве, якая заключалася ў выгнанні з адабрэннем маёмасці (ССРЛЯ), уст. поточить ’раскрасці, разграбіць’, ст.-рус. потокъ, поточениѥ ’выгнанне, ссылка, зняволенне’, поточити ’саслаць у зняволенне, выгнаць’. Прэфіксальнае ўтварэнне ад *točiti (гл. тачыць). Фасмер, 3, 345.

Іспа́шка ’від арэнды зямлі, пры якой плацяць часткай атрыманага ўраджаю’ (полац., Нар. лексіка, 140), испа́шь ’псаванне скацінай засеянага поля’ (Нас.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне. Гл. пахаць.

Іспі́ца (Касп., Сл. паўн.-зах.) з пратэтычным і‑. Гл. спіца.

Іспо́д ’ніз’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп.), ’дно (падлога) у печцы’ (Гарэц., Касп.), ’ніжняя частка якой-н. пасудзіны’ (Нас. Доп.), іспо́т ’под’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. и́спо́д ’падкладка адзення’, ’ніз’, ’дно чаго-н.’, ’чарэнь’, ’падлога’. Ст.-рус. исподъ ’ніз’, ’выварат, спод’, ’адваротны бок якой-н. рэчы’, ’ніжняе адзенне, бялізна’, исподь ’ніз’ адзначана з XI ст. (першая фіксацыя ў Ізборніку Святаслава 1076 г.). Утворана шляхам зрашчэння складанага прыназоўніка из (ис) — подъ у ст.-рус. мове. Гл. спод, ісподні.

Іспо́дак ’сподак’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Касп., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’ніжняя частка малой пасудзіны’ (Нас.). Утворана ад іспод (гл.) з суф. ‑ак. Гл. сподак.

Іспо́дка, звычайна мн. іспо́дкі ’вязаныя рукавіцы’ (Нас., Касп., Бяльк.), іспо́дка, іспо́тка ’рукавіца’ (Гарэц., Мат. Маг., Сл. паўн.-зах.; дзісн., Нар. сл., 113), іспо́тка ’рукавіца з адным пальцам’ (докш., Янк. Мат., 72; ДАБМ, к. 333). У рускіх гаворках испо́дка́ ’вязаная рукавіца, якая звычайна надзяваецца падыспад другой — скураной рукавіцы’. Ст.-рус. исподки ’ніжнія рукавіцы, панчохі, якія надзяваюцца падыспад другіх (верхніх)’ адзначана з XVI ст. Назва звязана з тым, што ісподкі надзяваюцца падыспад другіх (верхніх) рукавіц, пашытых звычайна са скуры ці аўчыны (гл. Груцо, Бел. мова, 1965, 130). Кандэнсат словазлучэння ісподнія рукавіцы. Гл. ісподні.

Іспо́дні ’ніжні’ (Касп., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’ніжні, нацельны’ (Мат. Маг.). Рус. дыял. і уст. испо́дний ’ніжні, нацельны’. Ст.-слав. исподьн҄ь ’ніжні’, ст.-рус. исподнии ’ніжні, нацельны’. Прыметнік, вытворцы з суф. ‑ьнъ ад исподъ (гл. іспод). Гл. сподні.

Іспо́днік, іспо́дня ’ніжняя спадніца’ (Касп.), ’жаночая кашуля з белага паркалю’ (Жд. 3), іспо́днікі ’споднікі, кальсоны’ (Бяльк.); параўн. рус. дыял. испо́дник, испо́дня ’ніжняя спадніца’, испо́дница, испо́дка ’ніжняе адзенне, бялізна’, ст.-рус. исподникъ ’адзенне, якое надзяваецца пад што-н.’ Утворана сцяжэннем атрыбутыўных словазлучэнняў ісподняя спадніца, кашуля і г. д. Аналагічна іспо́днік ’ніжні камень у жорнах’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. ісподні.

Іспо́л ’палавіна ўраджаю, якая аддавалася за арандаваную зямлю’ (Сл. паўн.-зах.), ’частка ракі ўверх па цячэнню ад плаціны’ (Касп.); параўн. у Даля: и́спола, и́сполу ’напалавіну, папалам’. Звязана са ст.-рус. исполу ’напалавіну’ (з XIII ст.). Ст.-слав. исполоу толькі ў выразе исполоу оумрътвити ’напалавіну ўмярцвіць’. Вынік зрашчэння прыназоўніка изъ і назоўніка полъ ’палавіна’ (Шанскі, 2, I, 126). Гл. палавіна.