Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рату́нак ’ратаванне, дапамога’ (ТСБМ, Бяльк.), рату́нок, ре̂ту́нок ’дапамога ў бядзе’ (Нас., ТС), ряту́нак ’тс’ (шум., рас., Сл. ПЗБ), ’плач’ (?) (Жд. 2). Ст.-бел. ратунак, рятунок, ретунок (1514 г.; Булыка, Лекс. запазыч., 41), што з ням. Rettung ’тс’ праз ст.-польск., параўн. польск. ratunek ’тс’. Фанетычная і марфалагічная адаптацыя, у тым ліку элемента ‑ung (ж. р.) > ‑ек/‑ок/‑ак (м. р.), верагодна, праз стадыю *retunk, як адзначае Брукнер (454), з далейшым развіццём галоснага паміж збегам зычных. Гл. ратаваць.

Ра́туша ’орган гарадскога самакіравання ў Заходняй Еўропе і будынак, дзе ён размяшчаўся’ (ТСБМ, Шымк. Собр.), ст.-бел. ратуша, ратушъ ’будынак магістрата’ (Ст.-бел. лексікон). Праз адаптаванае польск. ratusz ’ратуша’, а ў польскай, магчыма, праз чэш. з с.-в.-ням. râthûs ’будынак паседжанняў гарадской рады’ < rât ’рада’ + hûs ’будынак’ (XIII–XIV стст.). У старабеларускай адзначаецца з 1445 г. (Булыка, Запазыч., 274). Гл. таксама Галай, Роднае слова, 1997, 5, 58.

Ратэ́льны ’спагадлівы, чулы’ (смарг., Сл. ПЗБ), ратэ́льны, рахтэ́льны ’знаходлівы, дасціпны’ (Скарбы), ст.-бел. ретельный ’пабуджальны, руплівы, добрасумленны’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. польск. rzetelny ’зарадны, шчыры, добрасумленны’, якое Брукнер (476) выводзіць з źrzetelny ’празрысты, відочны’; далейшае развіццё, магчыма, пад уплывам чэш. zřetelný ’зразумелы, уважлівы’, параўн. míti na zreteli ’мець на ўвазе’.

Ратэ́нты ’справы (гаворыцца з дакорам)’ (Нас.), ст.-бел. ретент ’вылічэнне’ (Ст.-бел. лексікон). Праз польск. retenta ’рэшта запазычанасці’ з лац. retentus ’затрыманы’.

Раўга́н ’струмень поту’ (Сцяшк. Сл.). Гл. рага.

Раўга́ч ’плакса’ (Мат. Маг. 2; Сцяц.). Да раўці (гл.) з няяснай суфіксацыяй, магчыма, пад уплывам наступнага слова (гл.).

Раўге́ня ’запараная страва ці напітак з заквашанага цеста з жытняй мукі, саладуха’ (Сл. ПЗБ; докш., Янук.); сюды ж, магчыма, з метафарычным пераносам раўге́ша ’кулага’, ’няўклюдны чалавек; разявака’ (Касп.). Літуанізм з тыповым балтыйскім суф. ‑еня (літ. ‑iẽnė), ад літ. ráugas ’закваска’, ráugti ’квасіць’, параўн. rauginė/raugiẽnė ’гарох з кіслым цестам’, ’гатунак квасу’, ’каша на соладзе’. Падобнымі па ўтварэнні з’яўляюцца расаленя, крупеня, таўкеня (гл.). Гл. Лаўчутэ, Лекс. балтызмы, 20; Лаўчутэ, Балтизмы, 32; Анікін, Опыт, 261.

Раўда́нь, раўдо́нь ’нізкі, роўны і шырокі бераг ракі, абалонь’ (Ласт.). Няясна; магчыма ў выніку перастаноўкі зычных з раўнадзь ’раўніна’. Гл. раўнядзь, роўнядзь.

Раўдо́нік ’грыб падасінавік’ (воран., Сцяшк.; Сл. ПЗБ). Адаптаваны баптызм, параўн. літ. raudonìkis ’тс’ ад raudónas ’чырвоны’ (Цыхун, Лекс. балтызмы, 53; Лаўчутэ, Балтизмы, 72), параўн. чырвонагаловік ’тс’ (гл.).

Раўка́ты ’васпаваты, рабы’ (Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка параўноўваюць з літ. raukúotas ’маршчыністы’, што да літ. raukaĩ ’складкі, маршчыны’.