Выленга́цца ’аддавацца ляноце’ (Нас.), выланга́цца ’вылежвацца’ (Юрч.). Укр. дыял. вылінга́тися ’тс’. Запазыч, з польск. wylęgiwać się ’тс’. Памылкова Рудніцкі (1, 389), які выводзіць ад wylęgiwać się ’выхадзіць, вылуплівацца (аб птушанятах)’.
Вы́лівак ’яйка з вельмі слабай шкарлупінай’ (БРС, Нас., Бяльк., Янк. I, Сцяшк., Інстр. I, Жд., 2, Вешт. дыс., З нар. сл.), ву́лівак ’тс’ (З нар. сл.). Рус. вы́ливок, укр. ви́ливок. Ад выліваць (гл. ліць) ’несці яйкі з мяккай шкарлупінай’ і суф. ‑ак.
Выліва́шка ’шуфлік, чарпак з кароткай ручкай для вылівання вады з лодкі’ (З нар. сл., полац.). Да выліваць пры дапамозе складанага суф. ‑ашка. Параўн. таксама польск. wylewka, чэш. vylivka ’тс’.
Вы́лівкі ’памыі’ (Нас.). Да выліваць пры дапамозе суф. ‑к‑.
Вы́лік (БРС). Крукоўскі (Уплыў, 119) лічыць калькай рус. вы́чет, але магчыма і самастойнае бязафікснае ўтварэнне ад вы́лічыць; параўн. польск. wylik, wyticzyć. Гл. таксама лічыць.
*Выліко́нна, вылыко́нна булочка ’велікодны рытуальны асвячоны хлябец, які захоўваўся ўвесь год’ (Клім.). З велікодны з асіміляцыяй д > н.
*Вылі́рызны, выли́рызный ’вялікі, вельмі буйны’ (Клім.). З велізарны (гл.) у выніку метатэзы.
Вы́літы ’выплюхнуты’ (БРС); ’вельмі падобны’ (Янк., Жд., 2). Рус. вы́литый ’вельмі падобны’, укр. ви́литий. Утворана лексіка-семантычным спосабам ад выліты ’выплюхнуты’, якое ў сваю чаргу з выліць (Шанскі, 1, В, 225).
Выліча́льнік (БРС). Да вылічыць. Калька рус. вычисли́тель (Крукоўскі, Уплыў, 121).