Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тра́хаць ‘гучна біць; ламаць з трэскам’, ‘трашчаць, ламацца’ (Нас.), ‘рэзка адрывіста грымець, бухаць’ (Юрч. Сін.), ‘трэсці’ (ТС), ‘трашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘страляць’ (ТС), ‘стукаць, грукаць дзвярыма’, ‘балбатаць’ (Ян.); тра́хнуць ‘моцна, з сілай стукнуць каго-небудзь’, ‘выстраліць па кім-небудзь’, ‘застрэліць’ (ТСБМ), ‘трэснуць’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр.), ‘стукнуць, упасці’ (ТС), ‘стукнуць (пра гром)’, ‘раптоўна пабегчы, ірвануцца’ (Мат. Маг.), тря́хнуць ‘стукнуць каго-небудзь чым-небудзь’ (Бяльк.); тра́хнуті ‘ўдарыць’ (Вруб.); сюды ж вытворныя ад траха́т ‘трэск’ трахата́ць ‘ламаць, крышыць’ (гродз., ЖНС), трахаце́ць ‘дрыжаць, трашчаць’ (Сл. ПЗБ); таксама тра́ханне, трахканне ‘грукат’, тра́ханнік, тра́хканнік ‘той, хто грукоча’ (Юрч. СНЛ). Утварэнні на базе гукапераймальнага трах, гл.

Траха́ць ‘трэсці’ (ТС), трахану́ць ‘страсянуць’ (Нас.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘растрэсці (гной)’, ‘затрэсціся ад холаду’ (Юрч. СНЛ), трыхану́ць ‘страсянуць’ (Бяльк.), тріхану́ць ‘калатнуць; зрабіць вобыск’ (Юрч.). Фасмер (4, 113) мяркуе, што рус. тряхну́ть і тряха́ть з’яўляюцца новаўтварэннямі ад трясти́ ‘трэсці’; таксама Брукнер (579) польск. trząchąć адносіць да trząść ‘трэсці’. Параўн. паралельнае траса́ць, гл. трэсці.

Трахе́я ‘дыхальнае горла’, трахе́і ‘сасуды ў раслін’ (ТСБМ). Запазычанне з лацінскай медыцынскай наменклатуры, параўн. с.-лац. trāchea < ст.-грэч. (ἀρτηρία) τραχεῖα ‘дыхальнае горла’ (літаральна ‘цвёрдая ці шорсткая артэрыя’) (Голуб-Ліер, 486; ЕСУМ, 5, 624–625). Сюды ж трахеі́т ‘запаленне слізістай абалонкі трахеі’ (ТСБМ).

Трахіна́ ‘багна’ (Мат. Гом.). Параўн. арэальна блізкае ўкр. чарніг. тряхли́на ‘тс’ (Чарапанава, Геогр.), якое на фоне дыялектнага трасіна́ дэманструе варыянтнасць с/х. Пра адпаведную з’яву ў беларускай мове гл. Сабалеўскі, РФВ, 64, 3–4, 102. Да траха́ць ‘трэсці’.

Тра́хлы ‘трухлявы’ (Мат. Гом.). Мажліва, кантамінацыя тру́хлы і дра́хлы (гл.), параўн. рус.-ц.-слав. друхлый ‘прыгнечаны’, звязанае чаргаваннем з дряхлый ‘стары, трухлявы’ (Фасмер, 1, 544). Магчыма аддаленая сувязь з літ. trèšti ‘псавацца, гніць, трухлявець, рабіцца мяккім’.

Трахна́1, трахня́ ‘мятая салома, адходы ад кулёў’ (дзісн., Бір.; паст., глыб., смарг., Сл. ПЗБ); ‘дробная салома’ (Сцяшк.), сюды ж трахні́ца ‘тс’, ‘пацяруха’ (паст., Сл. ПЗБ). Паводле распаўсюджання і акцэнтуацыі, канстатуецца балцкі ўплыў (Грынавяцкене і інш., Балто-слав. сб. М., 1972, 379). Параўн. літ. trakniaĩ ‘мятая салома, салома на страху’. Вярэніч (Междунар. конф. балтистов, 142) лічыць балтыйскае паходжанне недастаткова аргументаваным і дапускае славянскія аналогіі. Паводле ЕСУМ (5, 666), звязана з укр. тряхнути́ ‘трасянуць’, польск. trąchnąć ‘тс’, адпаведна з трэсці, трусіць і траха́ць, гл.

Трахны́ ‘добры, добра высушаны’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. дыял. тра́кти, тря́хти ‘прасыхаць’, паводле ЕСУМ (5, 666), няяснага паходжання. Звязана з літ. traišùs ‘высушаны, спарахнелы’?

Трахо́лле. Гл. трахалле.

Трахо́ма ‘заразнае хранічнае захворванне слізістай абалонкі вока’ (ТСБМ, Арх. Вяр.), трахом ‘тс’ (в.-дзв., астрав., Сл. ПЗБ), трахо́ма, трахо́м, трухо́м ‘тс’ (Мова Сен.). З новалацінскай навуковай мовы, параўн. новалац. trāchōma, якое са ст.-грэч. τράχομα ‘шорсткасць, шурпатасць’ < τραχύς ‘шорсткі, няроўны’ (Голуб-Ліер, 486; Чарных, 2, 259; ЕСУМ, 5, 625).

Трахт ‘шлях, гасцінец’ (Мядзв., Скарбы.; навагр., дзятл., бяроз., ЛА, 2): на трахту нікагусенька не зорко (Сержп. Казкі), вытворныя трахтава́я дарога (дзятл., ЛА, 2), трахто́вая дорога (ганц., там жа). Народная адаптацыя зыходнага тракт, гл.

Трахтава́ць ‘частаваць’ (Рэг. сл. Віц., Федар. 5, Сцяшк. Сл., Юрч. Сін.): трахтаваць буду мёдам і віном (валож., Песні нар. свят), сюды ж трахтава́цца ‘рыхтавацца карміць, частаваць’ (Юрч. Сін.), трахтава́ннік ‘той, хто частуе’ (Юрч. СНЛ). Запазычана са ст.-польск. traktować, trachtować ‘частаваць’ праз ст.-бел. трактовати ‘тс’ або ўтворана ад ст.-бел. трактъ ‘бяседа’ (1570 г.). Гл. трактаваць.