Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Со́снік ‘бор’ (Сл. ПЗБ; чаш., ЛА, 5), со́сняк ‘зараснікі хвоі’ (вільн., Сл. ПЗБ). Утворана ад со́сна ‘расліна Pinus silvestris’, ‘хвоя’ (Ласт., Растарг., Стан., Расл. св.; беласт., Зб. Памяці Закрэўскай, 481), ‘борць’ (Пятк. 1). Перыферыйны характар назвы з націскам на першым складзе (паўночны захад, Смаленшчына, Заходняя Браншчына, Палессе, Беласточчына) сведчыць пра яе архаічны характар у параўнанні з сасна́ (гл.), што пацвярджае і ц.-слав. соснь ‘піхта’. Агляд версій паходжання назваў дрэва гл. Янышкава, Балк. ез., 43, 2–3, 307–314. Пераважаючую версію ‘бортнае дрэва’, магчыма, пацвярджаюць запісы Раманава ў замове: золотник золотый, стань на своем мести, на золотом креcли, на батьковым сосновании (Рам., 5, 54–55), дзе апошняе слова трактуецца як ‘сяліба, двор’ (Нар. Гом.), магчыма, да аснова (гл.) — ‘дрэва для заснавання вулля’?

Со́баль ‘драпежны звярок сямейства куніцавых’, ‘футра гэтага звярка’ (ТСБМ), со́баль, сабо́ль ‘тс’ (Некр. і Байк.), сабо́ль ‘тс’ (Ласт., Стан.), ст.-бел. собаль ‘футра собаля; асобны падатак’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 162). Укр. со́боль, польск. soból, в.-луж. soboł, чэш. sobol, славац. soboľ, балг. соболе́ц ‘суслік’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *sobolь (ЕСУМ, 5, 340), паходжанне якога застаецца няясным. Выказвалася думка (Зубаты, AfslPh, 16, 413; Праабражэнскі, 2, 348) аб роднасці са ст.-інд. çabálaḥ, çabaráḥ ‘стракаты, плямісты’. Версіі фіна-угорскага (Брукнер, 506; Голуб-Копечны, 344) або цюркскага паходжання, параўн. тур. samur ‘собаль’, Фасмер (3, 703–704) лічыць нездавальняючымі. Відаць, праз заходнеславянскія слова пранікла ў заходнееўрапейскія мовы: ст.-в.-ням. tebelus/zobel ‘собаль’ (XI ст.), ст.-франц. sable, італ. zibellino, с.-н.-ням. sabel, адкуль ст.-ісл. safali. Гл. яшчэ Махэк₂, 565; Сной₁, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5, 340.

Со́пуха ‘сажа (у пячным коміне)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 3, З нар. сл., Жыв. сл., Нар. словатв., Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс.), ‘ліпучы бруд ад лучыннага і газнічнага дыму’ (Варл.), ‘вусце печы’ (ТСБМ), ‘комін, скляпенне коміна’ (Гарэц., Касп.), ‘чалеснікі печы’ (Шатал.), со́пух ‘цёплы дух ад печы’ (Сцяшк. Сл.), ‘сажа’ (Бяльк.), ‘брудная заношаная адзежына’ (навагр., Нар. сл.), ‘чалеснікі печы’ (Нар. словатв.), сапу́ха ‘сажа’ (Сцяшк., Сержп. Прык.), ‘засланка’ (Мат. Гом.), таксама соп ‘сажа (ТС), со́па ‘тс’ (Сл. ПЗБ). З іншай суфіксацыяй сюды ж со́пат, со́пар ‘дым, сажа’ (Ласт., Нас.), со́пат ‘чалеснікі’ (ЛА, 4). Укр. со́пу́ха ‘сажа’, ‘чорная, як сажа, кашуля’, со́пух ‘чад’, рус. дыял. со́пуха ‘душнік у печы’, сопуха́ ‘сажа ў коміне або ў курной хаце’, польск. дыял. sopucha ‘прастор у хлебнай печы’, ‘сажа, чад’, ‘адтуліна коміна’, чэш. sopouch ‘комін’, ст.-чэш. sopúch, дыял. capouch, славац. sopuch, sopucha ‘тс’, славен. sópih, sopúh ‘дым, чад’. Ад *sopěti (гл. сапці) з суф. ‑uxa; гл. Праабражэнскі, 2, 357; Фасмер, 3, 720; Махэк₂, 567; ЕСУМ, 5, 355; Бязлай, 3, 290; SEK, 4, 344; Дзімітрова–Тодарава, Studia Etym. Brun., 3, 60 (< прасл. *sopuxъ, *sopuxa).

Со́ты1 ‘ячэйкі з воску, вуза’ (ТСБМ), саты́ ‘тс’ (в.-дзв., (Сл. ПЗБ), со́ты, со́тая, со́тые ‘тс’ (Анох.). Укр. со́ти, рус. сот, со́ты, рус.-ц.-слав. сътъ, серб.-харв. са̑т, са̑ће, славен. sȃt, балг. сът, макед. сот. Прасл. *sъtъ. Этымалогія няпэўная. Параўноўвалі з ст.-інд. sátas ‘сасуд’. Махэк (LF, 55, 156) зыходнай формай лічыў *sъpto‑, якое звязана чаргаваннем галосных з све́пет (гл.). Бязлай (3, 219), аспрэчваючы версію Махэка аб непасрэднай сувязі *sъtъ і *svepetъ, схіляецца да думкі Мікалы (Ursl. Gr., 3, 25) аб паходжанні слова з і.-е. *sup‑to > прасл. *sъ(p)tъ, звязанага з прасл. *suti, *sypati (гл. сыпаць) ‘трэсці’, літ. sùpti, supù ‘калыхаць; акружаць’, з якімі роднаснае ц.-слав. свепити се ‘калыхацца’. Сумніўная версія Машынскага (Pierw., 216), які набліжаў *sъtъ да *sojǫ, *sojiti ‘калоць’. Трубачоў (у Фасмер, 3, 728) следам за Рабінскім (РФВ, 62, 239) найбольш верагодным лічыць сувязь з сыта́ (гл.). Гл. таксама Глухак, 537.

Со́ты2 — парадкавы лічэбнік да сто (ТСБМ, Некр. і Байк.), со́тны ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк.). Укр. со́тий, рус. со́тый, польск. setny, в.-луж. stoty, чэш., славац. stý, серб.-харв. сто̑т, славен. stọ̑ti, stọ̑tni, балг. сто́тни, макед. стоти, ст.-слав. сътьнъ. З *sъtь, *sъtьnъ; далей гл. сто; Фасмер, 3, 728.

Соль ‘соль як прыправа да ежы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), со́ля ‘тс’ (б.-каш., ГЧ). Параўн. укр. сіль, рус. соль, ст.-рус. соль, польскі sól, в.-луж. sól, sel, н.-луж. sol, чэш. sůl, славац. soľ, серб.-харв. со̑, славен. sọ̑l, балг., макед. сол, ст.-слав. соль. Прасл. *solь роднаснае лат. sā́ls ‘соль’, літ. sólymas ‘расол’, лац. sāl, грэч. άλς м. р. ‘соль’, ж. р. ‘мора’, гоц. salt, ст.-в.-ням. salz ‘соль’; апошняе выводзіцца з *salta‑, што ад дзеяслова *saltan ‘саліць’. У сувязі з гэтым звяртае ўвагу дзеяслоў солі́цца ‘сыпацца’: шчоб песок не соліўса ў во́ду (ТС), балг. соля́ ‘саліць’, ‘пасыпаць чым-небудзь дробным’, макед. соли ‘саліць’ і ‘сыпаць (пра дробны снег)’, што, магчыма, сведчыць пра аддзеяслоўнае паходжанне назоўніка, які можа мець і іншыя значэнні, параўн. славен. solika ‘крупы; дробны град’. Маючы гэта на ўвазе, прапануецца (Фурлан у Бязлай, 3, 288) рэканструкцыя амоніма *solь ‘град’, на думку Куркінай (Этимология–1994–1996, 206), беспадстаўна; ва ўсякім разе, можна дапусціць для праславянскай другаснае значэнне дзеяслова *soliti ‘сыпаць’. Гл. Траўтман, 249; Мюленбах-Эндзелін, 3, 803; Фасмер, 3, 751; Махэк₂, 592; Сной₁, 591; Фурлан у Бязлай, 3, 287–288; Борысь, 572; ЕСУМ, 5, 252–253. Параўн. яшчэ салодкі, со́лад.

Со́кал ‘драпежная птушка сямейства сакаліных, Falco’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), часцей сако́л ‘тс’ (Гарэц., Федар., Ласт., Стан.). Укр. со́кіл, рус. со́кол, дыял. соко́л, польск. sokół, в.-луж., н.-луж. sokoł, чэш., славац. sokol, серб.-харв. со̀ко̑, славен. sókol, балг. соко́л, макед. сокол ‘тс’. Прасл. *sokolъ ‘птушка Falco’. Лічаць роднасным ст.-інд. çakunas, çakúnis ‘нейкая птушка; вялікая птушка’ (гл. Фасмер, 3, 708–709 з літ-рай). Міклашыч (313), Брукнер (506), Шустар-Шэўц (1332) звязваюць з гукапераймальным сакатаць, а Борысь (566) мяркуе, што *sokolъ — дэрыват ад прасл. *sočiti (гл. сачыць), таму што гэта драпежнік высочвае і даганяе птушку. Паводле Пятлёвай (Этимология–2000–2002, 21–22), першасным значэннем магло быць ‘рассякаючы, раздзіраючы’, што ўзыходзіць да дзеяслова з семантыкай ‘рэзаць, сячы, рваць’, якая захавалася ў соколі́ць ‘мярэжыць’ (ТС); пра корань сок‑ са значэннем ‘рэзаць’ гл. Куркіна, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 202. Ускосным пацверджаннем такога развіцця можа служыць дэрыват сакольнік у цытаце: “… жыў гэты дзед больш за сто гадоў. Так усе і клікалі — сакольнік. <…> калі пасавалі найлепшыя хірургі, звярталіся да сакольніка” (Я. Колас), — які, відаць, быў амонімам да сако́льнік ‘той, хто даглядае лоўчых птушак, трэніруе і палюе з імі’, першасна звязаным з дзеясловамі тыпу славен. sókati, sókniti ‘ўкалоць (напр., нажом)’ і рус. дыял. соко́лик, соколе́ц, сокола́к ‘чорная жыла вялікага пальца рукі, vena pollicis; у коней жыла на назе, з якой пускаюць кроў’. Тады да *sěkti (гл. сячы), параўн. варыянтнасць галоснага ў сякера/сакера. Іншыя версіі гл. Пятлёва, там жа.

Со́йка1 ‘лясная птушка Carrubis glandarius L.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., ТС, Пятк. 2), со́я ‘тс’ (Нас., Меер Крыч., Маш., Пятк. 2). Укр., рус. со́я, со́йка, ярасл. со́йга, ст.-рус. соя, польск. soja, sójka, в.-луж. soja, чэш., славац. sojka, серб.-харв. со̑јка, славен. sȏjka ‘від галкі’, балг. со́йка, макед. сојка. Прасл. *soja, *sojьka. Лічыцца роднасным *sьjati (гл. сіяць) і (з чаргаваннем галосных) ц.-слав. присое ‘асветленае месца’; гл. Міклашыч, 313; Брукнер, 506; Фасмер, 3, 731; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 120; Шустар-Шэўц, 1331. Паводле іншай версіі, *soja роднаснае грэч. κισοα, ст.-в.-ням. hëhara, ст.-англ. hrāgra, корань якіх Махэк₂ (566) лічыць няясным; магчыма, гэта гукапераймальныя назвы. Фасмер і Булахоўскі (тамсама) мяркуюць, што птушка ў славянскіх мовах названая па яркім апярэнні, а не па крыку, які перадаецца як rätsch, rää, krää, kää (Брэм.). Гл. яшчэ Сной₁, 591; ЕСУМ, 5, 344; паводле Борыся (567–568), гэта аддзеяслоўны наз. ад прасл. *sьjati ‘сіяць’ < і.-е. *skəi̯‑/*skʼi‑ ‘мігцець; мяняцца’.

Со́йка2 ‘сайка, булка з салодкага цеста’ (Мат. Гом.), ‘прадаўгаватая галушка з талакнянага цеста або з тоўчанай бульбы’ (лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; ЛА, 4). Ведаць, з са́йка (гл.); ‑о‑, магчыма, вынік гіперкарэктнасці. Назва галушкі паводле формы.

Со́йка3 ‘лядзяш, што звісае са страхі’ (віц., Нар. сл.). Няясна. Магчыма, тое ж, што і сойка1, г. зн. што-небудзь ззяючае, бліскучае.

Со́йка4 ‘след ад рога на скуры жывёліны’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Рус. сіб. со́йка ‘спіца для чысткі люлькі; малады рог аленя, лося яшчэ без лапат і сучкоў’ выпадковае супадзенне, таму што, паводле Анікіна (500), запазычаны з бурац. ⁺соёо(н) < hoëo ‘ікол, іклы’ ці манг. соё(н) ‘тс’. Няясна; магчыма, этымалагічна тое ж, што і сойка1 (гл.), г. зн. ‘тое, што выдзяляецца, блішчыць на скуры’.

Со́йка5 ‘песня валачобнікаў хлопцам у велікодныя дні’ (Скарбы). Відаць, ад слоў песні пра сойку (гл. сойка1), параўн. канапелька ‘песня дзяўчатам, якую спяваюць валачобнікі ў велікодныя дні’, спеваць кота ‘спяваць калыханку’ (ТС) і пад.

Сон1 ‘спанне’, ‘тое, што сніцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. сон, польск., чэш., славац. sen, в.-луж. són, н.-луж. són, славен. sën, серб.-харв. са̏н, балг. сън, макед. сон, ст.-слав. сънъ. Прасл. *sъnъ з *sъpnъ, роднаснага спаць (гл.). Роднасныя: літ. sãpnas ‘сон; тое, што сніцца’, лат. sapnis ‘тое, што сніцца’, ст.-інд. svápnas ‘сон; тое, што сніцца’, лац. somnus ‘сон’. Гл. Фасмер, 3, 716–713 з літ-рай; Махэк₂, 541; Шустар-Шэўц (1334); Глухак, 540.

Сон2 ‘травяністая расліна з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), ‘розныя віды расліны Pulsatilla L.’ (Кіс., Меер Крыч.), сон-трава ‘расліна сон’ (Байк. і Некр., Касп., Нар. лекс., Кіс.), сонь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), со́нчык ‘тс’ (гродз., Кіс., Сл. ПЗБ), сасо́ннік ‘тс’ (Шат.), бабі́н сон ‘расліна Crocus Heuffelianus Herb.’ (Бейл.). Укр. сон, сон‑зі́лля, сон-трава́ ‘расліны Anemone pulsatilla L. і Anemone pratensis L.’, рус. сон, сон‑дре́ма ‘расліна Pulsatilla palena, сон’, таксама сон, сон-трава́ ‘расліна Atrapa belladonna’. Назвы раслін у іншых славянскіх мовах: польск. sasanka, ст.-польск. sesenki, sasenki, sesanki, чэш., славац. sasanka ‘анемона’, серб.-харв. са́са ‘тс’, балг. са́са́н, съ́сън ‘анемона’ і ‘пралеска, Hepatica triloba’, дыял. съса́нка, саса́нка ‘анемона’. Этымалогія няпэўная. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) славянскія словы лічыць звязанымі з ст.-егіп. s‑šš‑n ‘лотас’, араб. susan ‘лілія’, тат. susan ‘касач’. Яны былі запазычаны з ст.-грэч. σουσον ‘лілія’ і ў праславянскай набылі формы *sъsъnъ, *sъsьnъ або *sъsenъ. Пасля вакалізацыі ераў паводле народнай этымалогіі былі звязаны з *sъnъ ‘сон’, што не беспадстаўна, таму што некаторыя віды раслін, напрыклад Pulsatilla patens L., у беларускай народнай медыцыне ўжываюцца як заспакаяльны і снатворны сродак (гл. Лекарственные растения и их применение. Минск, 1976, 482), а ў Сафійскім краі ў Балгарыі кветкі расліны кладуць у калыску дзецям. Іншая версія звязана з тым, што расліны роду Anemone у час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, што звешваюцца ўніз (нібы спяць), гл. Краўчук, БЛ, 6, 66–67. Ва ўсходнеславянскіх мовах слова, відаць, было поўнасцю атаясамлена з сон1. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538; ЕСУМ, 5, 352.