Брукаць, брукава́ць ’буркаваць (аб галубах)’ (Дзмітр., Шат., Сцяшк. МГ, Яруш., Сцяц.), бруку‑бруку (так перадаюць буркаванне галубоў — Сцяц.). Параўн. рус. бру́кать ’незразумела гаварыць’, укр. бру́кати ’буркаваць (аб галубах)’, бру́ку́! (выклічнік, што перадае буркаванне галубоў). Словы гукапераймальнага, выклічнікавага паходжання. Параўн. яшчэ ўкр. авру́кати ’буркаваць’. Тыповае спалучэнне губных (б, в) з санантам (‑р‑). Гл. яшчэ бурча́ць, бурчэ́ць, бу́ркаць, буркава́ць і г. д. (усё пад бурча́ць).
Бру́кі ’верхнія мужчынскія штаны’ (ДАБМ, 930). Мабыць, запазычанне з рус. мовы (а там з н.-ням. brôk або гал. broek; усё з лац.-гальск. brāca). Фасмер, 1, 224; Праабражэнскі, 1, 49; Шанскі, 1, Б, 206.
Бру́ліць ’мачыцца’, бруль, брулі́. Гл. бруі́цца.
Бруне́т. Рус. брюне́т, укр. брюне́т. Запазычанне (бел. і ўкр., можа, праз рус. мову) з франц. brunet (< brun ’карычневы’). Падрабязней гл. Шанскі, 1, Б, 207.
Брунта ’частка збруі’. Запазычанне з літ. brañ(k)tas ’тс’ (дакладней, з дыял. аукштайтскай формы, дзе ‑an‑ > ‑un‑). Гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 51.
Бру́нькі ’шэрсць дрэннай якасці, знятая з ног і галавы авечкі’ (Улад.). Відаць, укр. паходжання. Параўн. укр. бру́нька ’пупышка на дрэве’ (мае дакладную адпаведнасць у балг. мове: балг. бру́нка ’пупышка на дрэве’, параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 129). Развіццё семантыкі ’пупышка’ → ’катылёк’ (першапачаткова ’шэрсць у катыльках, зваляная’).
Брунэ́лька расліна чарнагалоў, Prunella L.’ (Кіс.). Запазычанне з польск. brunelka ’тс’ (а гэта з лац. яе назвы Prunella, раней Brunella, параўн. Нейштадт, Определитель, 467). Варш. сл., 1, 213, дае для польск. слова крыніцу ням. Braunelle ’тс’ (але ням. слова, бясспрэчна, з лац., параўн. ням. braun < brūn ’фіялетавы’ < лац. prūnum, гл. Клюге, 97). Параўн. бурнэлька.
Брус, брусо́к. Рус. брус, ‑ок, укр. брус і да т. п., польск. brus, чэш. brus, балг. брус, серб.-харв. бру̑с і г. д. Слав. *brusъ ’брус; тачыльны камень’. Аблаутная форма да *brъs‑ (параўн. ц.-слав. бръснѫти ’скрэбці, брыць’). Далей параўноўваюць літ. braũkti ’выціраць і да т. п.’; ст.-ісл. brúna ’тачыць’ і інш. Бернекер, 91; Праабражэнскі, 1, 42; Брукнер, 42; Фасмер, 1, 220; Слаўскі, 1, 45 (*bhrou‑k̑‑ ’церці, здзіраць’); Махэк₂, 68 (іншая версія). Булыка (Запазыч.) лічыць ст.-бел. брус паланізмам. Няпэўна.
Брусі́ць ’трызніць’ (Касп.). Няясна. Параўн. рус. бруси́ть гаварыць незразумела; трызніць; ілгаць; балбатаць; п’янстваваць; гарэзнічаць’.